12 гадоў таму забілі Вераніку Чаркасаву

Следства па факце забойства па-ранейшаму прыпынена ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню да адказнасці ў якасці абвінавачанага. Інфармацыю пра гэта прэс-службе ГА «БАЖ» чарговы раз пацвердзіла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова.
Нагадаем, што журналістку недзяржаўнай газеты «Салідарнасць» Вераніку Чаркасаву знайшлі забітай 20 кастрычніка 2004 года ў яе кватэры ў Мінску.

Ніякія матэрыяльныя каштоўнасці з кватэры не зніклі — знайшліся, аднак, сляды крыві ў тэлефонным нататніку журналісткі. Асноўнай версіяй было вызначана забойства на бытавой глебе. Адзінымі падазраванымі, якія дапытываліся крымінальным вышукам у сувязі з забойствам, аказаліся члены сям’і Чаркасавай –сын журналісткі Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімір Мялешка, якія знайшлі цела. Пазней падазрэнні з іх былі знятыя.

Між тым, у выніку журналісцкага расследавання, праведзенага калегамі В. Чаркасавай, была здабытая інфармацыя, якая дае падставы меркаваць, што забойства журналісткі здзейсніў прафесійны кілер, які інсцэніраваў забойства на бытавой глебе. Магчымымі матывамі забойства, паводле калег, магла стаць збіраная Веранікай інфармацыя пра «Інфабанк», які абвінавачвалі ў адмыванні грошай для продажу зброі Іраку. Гэтую ж версію разглядае ў сваім фільме і кінадакументаліст Леанід Міндлін.

Нягледзячы на пытанні, якія ставяць перад следчымі органамі калегі журналісткі, ніякіх зрухаў у раскрыцці гэтай справы няма. Зняты дакументальны фільм, праведзена журналісцкае расследаванне, выпушчана і перавыдадзена кніга найлепшых публікацый Веранікі “Красным по белому”, калегі перыядычна нагадваюць пра гэтую нераскрытую справу ў сваіх публікацыях, публічных зваротах да следчых органаў і на вечарынах памяці.

Падрабязнасці справы

«Таямніца следства. P.S.». (Дакументальны фільм Леаніда Міндліна пра справу Чаркасавай)

Журналісцкае расследаванне Сяргея Сацука

Вольскі, Кулінковіч, Памідораў, Дзянісаў. Відэа з канцэрта памяці Веранікі Чаркасавай


baj.by



Каментаваць