2016-ы: паміраць збірайся, а жыта сей

У калядныя ночкі шмат хто гадае, чым сэрца супакоіцца. Мы таксама вырашылі паглядзець, што нам сказалі пра 2016-ты розныя правідцы. Адразу скажам: нічога добрага. Але радуе тое, што гэтыя прароцтвы мала таго, што цмяныя, дык яшчэ і не збываюцца. 



Цікава паглядзець, што нам напрарочылі? Давайце!

Калі кажуць пра правідцаў, то заўсёды ў першым шэрагу Мішэль Настрадамус з ягонымі катрэнамі. Паводе расшыфроўшчыкаў ягоных тэкстаў, у 2016-м Еўропу чакаюць наймацнейшыя дажджы, якія будуць ісці два месяцы без перапынку. У выніку пад ваду сыдзе Вялікабрытанія, частка Італіі, Чэхіі і Венгрыі. Гэта выкліча «міграцыйны крызіс» у Расіі, куды будуць масава бегчы еўрапейцы. Але і ў самой Расіі з прыходам лета пачнуць бушаваць наймацнейшыя пажары, якія выпаляць ўсю яе цэнтральную частку.

Людзі з усяго свету будуць ратавацца на поўначы Расіі, а таксама ў іншых снежных краінах не толькі ад дажджу, але і ад «спапяляючых прамянёў». Што меў на ўвазе пад гэтымі «прамянямі» Настрадамус, — розныя даследчыкі кажуць па-рознаму. Адны кажуць пра радыяцыю, іншыя — пра хімічную зброю, якую ўжыве «адна з краінаў арабскага міру».

Увогуле, напрыканцы 2016-га будзе нейкая «нечаканая падзея», якая выкліча вайну паміж арабскім, і хрысціянскім мірамі, што стане пачаткам Трэцяй сусветнай.

Ну, і калі нам чакаць гэтай Трэцяй сусветнай? У пачатку года, у сярэдзіне, са «спапяляючымі прамянямі», ці ў канцы? Усё ясна, што ўсё пахмурна.

Бабуля Ванга, якая стаіць у другім шэрагу правідцаў, таксама кажа, што «Еўропа абязлюднее». Але не з-за прыродных катаклізмаў, а з-за, верагодна, хімічнай зброі, наступствамі якой будуць язвы на скуры, слепата і г.д. Але, паводле яе, Трэцяй сусветнай не будзе, бо ў апошні момант яе прадухіляць Расія і Кітай.

Сумная доля і ў ЗША. Пра яе празарліўка казала, што чорнаскуры прэзідэнт будзе апошнім. Яго праўленне завершыцца распадам ЗША ў выніку вайны і эканамічнага крызісу.

Праўда, паводле ранейшых тлумачэнняў прароцтва Вангі, Трэцяя сусветная ўжо пачалася ў 2011-м годзе. А ў інтэрнэце нават з’явілася азначэнне: «вангую». То бок, прадбачу з няпэўным вынікам.

Папулярная ў пэўных колах Матрона Маскоўская адназначна запэўніла: вайны не будзе. Але будзе такая барацьба за мір, што камяня на камяні не застанецца. «Вайна не адбудзецца, але вы і без яе памрэце. Ахвяр будзе шмат, усе мёртвыя на зямлі ляжаць будзеце. Без ваенных дзеянняў яна ідзе...», — цытуюць Матрону, кажучы пра 2016-ы, і менавіта пра Расію, якую ўсе астатнія лічаць «ратавальніцай цывілізацыі». Выйсце толькі адно: калі Расія паверыць у Бога. Калі не — выбачайце.

Расійскага астролага Паўла Глобу лічаць ледзьве не «гуру» у прадказанні. Ён прагназуе, што ў 2016-м годзе прыйдзе трэцяя хваля эканамічнага крызісу. З-за яго ЕС і ЗША сканаюць. Еўрасаюз, паводле Глобы, чакае немінучы распад, які пачнецца выхадам Вялікабрытаніі, потым Іспаніі, а потым падцягнуцца і астатнія. Амерыку чакаюць шматлікія ўспышкі народнага абурэння і масавыя пратэсты супраць нягеглай як знешняй, так і ўнутранай палітыкі. Адбудзецца падзенне амерыканскага долара. А вось Расія, паводле Глобы, не ўпадзе ў бездань развалу і хаосу, а наадварот падымецца да ўзроўню ЗША і Кітая.

Але што значыць «Расія падымецца да ўзроўню ЗША», калі самім ЗША Глоба прадказвае пагібель? І, паводле таго ж Глобы, Вялікабрытанія ніяк не можа выйсці з ЕС. Бо яна, згодна з ягонымі прагнозамі, ужо двойчы затанула: спачатку ў 1999-м, а потым, падаецца, у 2005-м.

Пераможца «Шоў экстрасэнсаў» 2014-га года, і найбольш знакамітая з усіх пераможцаў Джулія Ванг, бялявая прыгажуня з пранізлівым позіркам, наадварот, прадракае Расіі глабальную стагнацыю эканомікі, якая пацягне за сабой цэлую плеяду незваротных падзей. Незадаволенасць курсам краіны прывядзе да адкрытага супрацьстаяння паміж рэгіянальнымі элітамі і цэнтрам. Магчымыя вельмі сур'ёзныя перастаноўкі ў дзеючай камандзе і нават поўнае адхіленне яе ад улады. Аднак, прыход новых кіраўнікоў далёка не паўсюль будзе прыняты з апладысментамі і захапленнем. Каўказскія акругі адмовяцца падпарадкоўвацца цэнтру, ў Сібіры падымецца магутная хваля сепаратызму, якая будзе ўмела падпітваецца велізарнымі грашыма, што паступяць з Кітая. Цалкам верагодна, што ў канцы 2016-га Расія ўшчыльную наблізіцца да грамадзянскай вайны і зберагчы краіну ад падзення ў бездань ужо не зможа ніхто.

Парадавалі нас толькі футуролагі. Яны не прагназуюць ніякіх катаклізмаў, затое мараць пра ўздым навукі, які накорміць усю Зямлю. Паводле гэтых прагнозаў, менавіта ў 2016-м на выбарах прэзідэнта ЗША будзе прымяняцца новая працэдура галасавання — праз інтэрнэт. А ў продаж паступіць штучнае мяса, якое вырасла ў лабараторыях. Яго будуць вырошчваць з мускульных клетак, і па смаку яно будзе нагадваць курыцу.

Каментаваць