20 гадоў БЗВ або з чаго пачыналася беларускае войска

Напрыканцы 1980-х на хвалі нацыянальна-адраджэнскага руху ў Беларусі паўстала Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў (БЗВ). У шэрагах заснавальнікаў гэтай грамадскай арганізацыі былі і цяперашнія палітвязні, і паплечнікі Лукашэнкі.
 

Слынная вайсковая арганізацыя зараджалася ў мінскай вышэйшай інжынернай зенітна-ракетнай вучэльні пасля разгону жалобнага мітынгу на Дзяды напрыканцы 1988 года. Група курсантаў з патрыятычнымі настроямі мела за мэту займацца асветніцкай дзейнасцю. Але праз паўгода падпольны гурток выкрылі, актывістаў пасля заканчэння вучэльні адправілі за Уральскі хрыбет. Тым не менш пачатак быў пакладзены. І ў 1991 годзе, калі ў Маскве ГКЧП спрабавала зладзіць пераварот, у Мінску пачало фармавацца Беларускае згуртаванне вайскоўцаў.

Адной з вядучых мэтаў БЗВ было спрыяць стварэнню беларускага войска.

— Каб войска несла сваю службу ў інтарэсах Рэспублікі Беларусь, не ўваходзіла ў нейкія міжнародныя хаўрусы, каб нашы вайскоўцы не баранілі сяброў з Масковіі ці яшчэ якіх краёў. Мы хацелі, каб войска мела нацыянальнае адценне — былі каманды па-беларуску, нацыянальная сімволіка і г. д. З прапановамі выходзілі да Савета Міністраў, Міністэрства абароны. Апошняя інстанцыя спачатку ставілася да нас прыхільна, але потым пачалі пытанне зацягваць. Мая думка такая: яны думалі, што ўсё вернецца на свае месцы і няма чаго варушыцца», — прыгадвае падзеі 20-гадовай даўніны Алесь Станкевіч, адзін з заснавальнікаў БЗВ.

Да слова, у арганізацыю тады ўвайшлі вайскоўцы з розных родаў войск — Уладзімір Барадач, Мікалай Статкевіч, Валерый Костка, Віктар Шэйман, Ула­дзімір Савінок, Канстанцін Звярко, Мікалай Бірукоў і іншыя.

З расплюшчанымі вачыма

Праз некаторы час у друку пачаліся дыскусіі пра неабходнасць прыняць беларускую прысягу. Ужо існавала беларуская незалежнасць, асобнае войска. Навабранцы прымалі новую прысягу па-беларуску, але афіцэрскі склад працаваў пад старой прысягай. Вайскоўцы разумеюць, што такое разыходжанне дазваляе ў нейкіх экстрэмальных умовах з маральнага і юрыдычнага бакоў быць вольным перад выбарам, бараніць ці не бараніць Беларусь.

Акурат набліжалася 8 верасня — угодкі бітвы пад Оршай, калі беларусы правялі пераможную бітву над супернікам, які тройчы пераўзыходзіў сіламі.

У выніку ў хаўрусе БЗВ і БНФ з падтрымкай большасці грамадскіх арганізацый было дамоўлена на плошчы Незалежнасці правесці публічную прысягу 8 верасня 1992 года. Мерапрыемства праходзіла пры актыўнай падтрымцы гарвыканкама. І вось перад палітыкамі, грамадскімі дзеячамі, пісьменнікамі ў параднай форме прайшлі афіцэры. Мікола Статкевіч зачытваў прысягу. І людзі за ім паўтаралі.

— З расплюшчанымі вачыма, разгорнутымі плячыма людзі прымалі прысягу. Ішло стварэнне дзяржавы, мы верылі ў лепшае, верылі, што зможам пабудаваць шчаслівую, заможную, незалежную Беларусь. І ўсё ў нашых руках, усё зможам зрабіць, бо нас шмат, і далучацца яшчэ многія. І войска беларускае будзе такім, як мы прапануем. У нас было многа адукаваных людзей, якія зрабілі добрыя прапановы па пераўтварэнні не толькі войска, але і краіны ў цэлым, — распавядае Алесь Станкевіч.

Дзе сёння «Белы легіён»?

Але прыкладна праз пяць гадоў надышоў момант, калі стала зразумела, што планы ўладаў моцна супярэчаць ідэям БЗВ.

— Наменклатурная ўлада ачомалася пасля путчу, ліквідацыі КПСС... І яны пачалі тармазіць перамены, зрухі. Ім хацелася ўсё захаваць як ёсць ці падкруціць у зручны для іх бок. Нагадаю, БЗВ было не палітычнай арганізацыяй, мы не мелі вялікай юрыдычнай сілы, — распавядае Станкевіч.— На БЗВ пачаўся ціск, а калі да гадавіны БНР мы зладзілі марш па цэнтральным праспекце, гэта выклікала ў Міністэрстве абароны жах. Павел Казлоўскі, які на той час быў міністрам абароны, пачаў лямантаваць пра нейкіх баевікоў. І вось Мінабароны ўсім вайскоўцам выставіла ўльтыматум: ці вы ў БЗВ, ці ў структурах міністэрства. Некаторыя абралі міністэрства, некаторыя звольніліся. Праз некаторы час адправілі ў адстаўку і Мікалая Статкевіча. Маёру Міхасю Варанцу забаранілі весці заняткі з жаўнерамі па-беларуску. І хаця мы нават падрыхтавалі тоўсты слоўнік з камандамі, гэта так і засталося ў выніку незапатрабаваным.

У 2000 годзе арганізацыя БЗВ не прайшла перарэгістрацыю — было вырашана не ісці на патрабаванне Мінюста прад’явіць спіс усіх сябраў з іх хатнімі адрасамі. Юрыдычна Беларускага згуртавання вайскоўцаў больш няма. Але Алесь Станкевіч запэўнівае, што людзі нікуды не падзеліся, і, калі будзе патрэбна, іх можна будзе сабраць разам. Між іншым, славуты «Белы легіён» — гэта таксама адгалінаванне БЗВ, пра якое Станкевіч напісаў сумны верш.



Наш гетман трапіў у палон,
А мы сядзім, бы ў рот набраўшы.
Дзе сёння «Белы легіён»?
Дзе драбы? Зніклі, хвост па­джаўшы.
Гляджу, былое БЗВ нашчадкам не дало патомства.
Яшчэ ці доўга існаваць
Бастыліі той магілёўскай?




Калі на пачатку 1990-х гадоў БЗВ для беларусізацыі войска паспела зрабіць шмат, то цяпер уплыў грамадскіх арганізацый на дзяржаўныя справы нулявы.

Пра салдафонаў

— Вайсковая сістэма грунтуецца на падпарадкаванні старэйшаму. Тым не менш у войску заўсёды многа разумных, адукаваных людзей. Станіслаў Суднік яшчэ да БЗВ стварыў у Казахстане беларускую суполку. Беларускія вайскоўцы, дарэчы, заўсёды былі на добрым рахунку як людзі адказныя. І вось калі на ўстаноўчы сход БЗВ прыехалі людзі з прастораў усяго СССР, было вельмі паказальна, як людзі шукалі магчымасці для самавызначэння.

Неяк паехалі мы адзначаць Слуцкі збройны чын. Быў мітынг, усталёўвалі крыж. Выйшаў тыповы салдафон палкоўнік Балвановіч з Міністэрства абароны і прачытаў такі ўзнёслы верш! ЛіМ друкаваў нашы тэматычныя старонкі — значыць, людзі пісалі не абы-што. Таму няправільна казаць пра вайскоўцаў: «як надзену партупею, дык тупею і тупею». Паглядзіце, як цяпер ужо міліцыю не паважаюць, але рэгулярна ў публічную прастору выходзяць людзі, якія ўжо больш не могуць трываць несправядлівасць.

Тры прапановы Станкевіча Міністэрству абароны

— Па-першае, трэба вайскоўцам выкладаць вайсковую гісторыю сваёй краіны. Каб на грунце гэтага абуджалася свядомасць, гонар за сваю краіну. Нам кажуць, што 23 лютага — Дзень абаронцы айчыны, але ў гэтыя дні ў Мінску ў 1918 годзе немцы ладзілі парад. Трэба вучыць сваю гісторыю з больш ранніх часоў. Мы перад прыняццем прысягі 8 верасня ў друку апублікавалі некалькі артыкулаў пад агульнай назвай «Забытая слава», дзе распавядалі акурат пра гэты дзень, перадгісторыю Аршанскай бітвы.

У чалавека не можа быць дзве маткі. Я згодны з выслоўем: «Колькі моваў ты ведаеш, столькі разоў ты чалавек». Але родная мова ў чалавека адна. Таму і вайсковыя справы мусяць весціся па-беларуску.

Войску патрэбныя не толькі словы і абяцанні, але і грошы, годнае забеспячэнне. У часы перабудовы міністр унутраных спраў Дзям’янаў яшчэ сам не займеў новую форму, а міліцыянтаў пераапрануў. Вайскоўцы ж нашы хадзілі што палонныя — пагоны незразумела з чаго, папругі з брызенту, шынялі старыя. Знешні выгляд моцна ўплывае на самаадчуванне, на самапавагу і павагу іншых, гэта стаўленне да сваіх падначаленых. Беларусі не патрэбнае вялікае войска. Калі некаторыя жаўнеры за час службы ні разу не трымаюць у руках зброю, якое ўражанне пасля сябе пакідае войска? У нас яшчэ савецкі падыход да войска. Маўляў, нас тады паважалі за сілу. Баяліся — так, але ці паважалі — пытанне... Дурня з дубінай таксама баяцца.
 

Каментаваць