20 гадоў чыноўнікаў скарачалі, скарачалі…

На думку Міхаіла Чыгіра, скарачаць дзяржапарат сапраўды неабходна. Але гэты працэс павінен праходзіць у кантэксце рэформы ўсёй эканомікі. «Малаверагодна, што гэта адбудзецца, — сказаў у інтэрв'ю сайту ucpb.org экс-прэм'ер Беларусі. — Ужо таму, што да такога скарачэння трэба сур'ёзна рыхтавацца: вызначацца на якіх накірунках, куды прыстройваць людзей».



— Было б добра, калі б ўтвараліся новыя прыватныя структуры, асабліва ў галінах, якія маюць дачыненне да вытворчасці, — лічыць Міхаіл Чыгір. — Калі б замест чыноўніка з'явіўся падаткаплацельшчык — эфект быў бы ашаламляльны. Але гэта не так проста ажыццявіць. Калі ўлады не змаглі гэта зрабіць за 20 гадоў, то зрабіць раптам — яшчэ менш верагодна.
 

Вялікая колькасць чыноўнікаў — гэта сапраўды сур'ёзная праблема для Беларусі. Калі зірнуць на нашы гарады і параўнаць з заходнімі, то там градаўтваральнымі будынкамі з'яўляюцца вытворчыя фірмы, гэта значыць падаткаплацельшчыкі. А ў нас — адміністрацыйныя будынкі. Гэта цяжка для дзяржавы, гэта страчаныя падаткі.
 

Але трансфармацыя магчымая нават пры існуючай сістэме. Для гэтага трэба паступова адыходзіць ад ўсяго дзяржаўнага. Пакінуць у руках дзяржавы толькі стратэгічныя напрамкі. А так, глядзіце — ў Галоўным дзяржаўным упраўленні сельскай гаспадаркі колькі працуе чыноўнікаў? Мора! У абласных — мора, у міністэрстве тое самае. У кожным калгасе колькі чыноўнікаў! Ва Украіне гэтага ўжо няма. Таму трэба цалкам рэфармаваць эканоміку, і тады паралельна могуць адбывацца змены і ў частцы скарачэння дзяржаўнага апарату.

Каментаваць