215 гадоў Мінскай рымска-каталіцкай епархіі

Расійскі імператар Павел (1796–1801) увайшоў у гісторыю Расіі і апанаваных ёю народаў як асоба супярэчлівая. У Беларусі ён запомніўся як вызваліцель з турмы Тадэвуша Касцюшкі, якому нават дазволіў выехаць у Амерыку.



Біскуп Зыгмунт Лазінскі


Другім значным чынам Паўла зрабілася паслабленне ціску на прыхільнікаў заходняга хрысціянства, здзейсненае, падобна шмат якім іншым праектам імператара, насуперак волі яго нялюбай маці Кацярыны ІІ. Нездарма пасля захопу Мальты летам 1798 года французамі Павал І даў згоду на абранне сябе вялікім магістрам ордэну, дадаў Мальтыйскі крыж на герб імперыі і заснаваў часткова інтэграваны з Мальтыйскім ордэн св. Іаана Ерусалімскага.

Паралельна паляпшалася становішча “іншаверцаў”, грэка-католікаў і католікаў у новых “заходніх губернях” Расіі. Нарэшце, 28 красавіка 1798 года з’явіўся ўказ імператара пра заснаванне Мінскай рымска-каталіцкай епархіі, альбо Мінскай дыяцэзіі.

Яе дзейнасць распачалася 9 жніўня 1798 года, роўна 215 год таму. Дыяцэзія паўтарыла межы Мінскай губерні, уключыўшы 13 дэканатаў: Бабруйскі, Барысаўскі, Вілейскі, Дзісненскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі (гарадскі і сельскі), Надвілейскі, Наднёманскі, Пінскі, Рэчыцкі і Слуцкі. На год заснавання тут існавала 50 мужчынскіх і 9 жаночых кляштараў, а колькасць вернікаў у 1804 годзе дасягала 112 214 асоб, духоўныя патрэбы якіх абслугоўваліся ў 86 парафіях са 156 касцёламі.

Але становішча заходніх хрысціян былога ВКЛ пачало пагаршацца ўжо пасля забойства Паўла І і ўцаравання Аляксандра, а асабліва пасля паразы паўстання 1830–1831 гадоў.

У перыяд 1830–1870 гадоў, узмацняючыся адразу пасля паўстання Каліноўскага 1863 года, разгортваліся рэпрэсіі супраць каталікоў: колькасць касцёлаў і кляштараў няўхільна скарачалася, так што пад канец стагоддзя застаўся дзейсным толькі 1 кляштар.

На хвалі рэпрэсій пасля 1863 года, калі ў Сібір і іншыя расійскія землі аказаліся сасланымі 338 беларускіх святароў. Была ліквідаваная і Мінская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Адбылося гэта ў 1869 годзе.

Становішча хрысціянскай царквы заходняга абраду ў Беларусі ХХ стагоддзя праходзіла розныя этапы, але палягчэнні звычайна насілі кароткатэрміновы характар. Спачатку ўказ Мікалая ІІ аб верацярпімасці ад 17 красавіка 1905 года дазволіў пазбаўленым сваёй рэлігіі вернікам вяртацца да каталіцтва.

Але літаральна праз два гады сітуацыя пагоршылася. Таксама і аднаўленне Мінскай дыяцэзіі ў лістападзе 1917 года — як вынік Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі, з прызначэннем біскупам Зыгмунта Лазінскага, — вярнула хрысціянам рэгіёна нармальныя ўмовы рэлігійнага жыцця толькі да 1921 года.

 Рыжская мірная дамова, што падзяліла беларускія землі паміж ІІ Рэччу Паспалітай і Савецкай Расіяй, вылілася ў фактычную катастрофу ўсіх цэркваў на савецкіх землях.

Толькі ад часоў перабудовы 1989 года ў Мінску аднавілася апостальская адміністрацыя, адміністратарам да 1991 года зрабіўся сённяшні арцыбіскуп мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Мінская архікатэдра св. Дзевы Марыі

А 13 красавіка 1991 года Мінская дыяцэзія аб’ядналася ў адзіную рэлігійна-адміністрацыйную адзінку — Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. Па статыстыцы афіцыйнага каталіцкага сайта catholic.by (на 2008 г.), пры насельніцтве ў 4 775 000 чалавек архідыяцэзія налічвае 610 490 вернікаў і абслугоўваецца 222 парафіямі. Гэтыя лічбы ўжо лёгка параўнаць з той ацэнкай, якую даследчыкі (Алесь Жлутка) даюць узроўню жыцця рыма-каталіцкай царквы ў беларускіх землях ВКЛ перад І падзелам Рэчы Паспалітай 1773 года — 15% вернікаў (да 80% складалі грэка-католікі), 240 парафій, 430 000 прыхаджан.

Каментаваць