Ужо сёння вас чакае «Заходнебеларуская Атлантыда»

Прэзентацыя кнігі кандыдата гістарычных навук і нашага журналіста Ігара Мельнікава «Заходнебеларуская Атлантыда» адбудзецца 23 студзеня а 18.00 у сядзібе БНФ на Чарнышэўскага, 3.



На прэзентацыі ўсе жадаючыя змогуць пазнаёміцца з аўтарам і задаць яму любыя пытанніпа гісторыі Заходняй Беларусі, убачыць слайд-шоў з унікальных фатаздымкаў, набыць кнігу з аўтографам Ігара Мельнікава.

“Заходнебеларуская Атлантыда” — гэта другое выданне з серыі «Бібліятэчка Новага часу», якое ўбачыла свет у выдавецтве “Галіяфы” напрыканцы 2014 года.

Кніга прысвечана гісторыі Заходняй Беларусі. Чытачы змогуць пазнаёміцца як з жыццём звычайных беларусаў у 1921–1939 гады, так і з біяграфіяй цікавых гістарычных асоб, звязаных з нашай краінай. Асаблівую цікавасць выклікаюць нарысы, прысвечаныя гісторыі крыміналу ў Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах міжваеннай Польшчы. Таксама чытачы даведаюцца пра ўдзел беларусаў у складзе польскага войска ў Вераснёўскай кампаніі 1939 года, малавядомыя бітвы Войска Польскага з нямецкім вермахтам і Чырвонай Арміяй, якія адбываліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў самым пачатку Другой Сусветнай. Прааналізаваная ў кнізе і гісторыя сталінскіх рэпрэсій супраць грамадзян Заходняй Беларусі, а таксама сумнавядомы Беларускі катынскі спіс.

“Гэта кніга — вынік маёй пяцігадовай працы ў архівах розных краін. За гэты час я аб’ездзіў і ўбачыў шматлікія мясціны Беларусі і пазнаёміўся з цікавымі сведкамі той эпохі, якую мы зараз называем “міжваенны час”. Акрамя гэтага, у маёй прыватнай калекцыі вялікая колькасць аўтэнтычных здымкаў, матэрыялаў і дакументаў 1920-1940 гадоў, частка з якіх апублікавана ў “Заходнебеларускай Атлантыдзе”. Прыйшоў час, каб сучасныя беларусы адкрылі для сябе гістарычную праўду пра падзеі 1921–1939 гг. у Заходняй Беларусі”, — адзначыў Ігар Мельнікаў.

Абмеркаванне:

  • Чытач
  • 2015-01-23 14:03:09
Цікавы аўтар. Трэба парачытаць. І паслухаць, у каго ёсць магчымасць.

Каментаваць