24 красавіка — дзень памяці Арнольда Пячэрскага

Сёлета споўнілася 14 гадоў з дня гібелі лідара прадпрымальніцкага руху, грамадскага і палітычнага дзеяча Арнольда Пячэрскага. Сябры Руху салідарнасці “Разам” ушанавалі памяць Пячэрскага на Кальварыйскіх могілках, дзе ён пахаваны. Паводле афіцыйнай версіі, лідар прадпрымальніцкага руху загінуў у аўтамабільнай катастрофе.



Сябры Руху салідарнасці “Разам” ушаноўваюць памяць А. Пячэрскага


Удзельнікі акцыі традыцыйна запалілі знічкі, усклалі кветкі, пад бел-чырвона-белым сцягам праспявалі гімн-малітву “Магутны Божа”.

                                  Магіла Арнольда Пячэрскага на Кальварыйскіх могілках

Намеснік старшыні Руху салідарнасці “Разам”  Аляксандр Макаеў адзначыў:

Арнольд Пячэрскі быў забіты ў той страшны год, калі знікалі апаненты ўлады — дэмакратычныя палітыкі і лепшыя беларусы — Генадзь Карпенка, Юрый Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі і іншыя. На той момант Арнольд з’яўляўся кіраўніком прафсаюза “Садружнасць” па Мінску і Мінскай вобласці, быў сябрам Беларускага народнага фронту “Адраджэньне”, удзельнічаў у альтэрнатыўнай прэзідэнцкай кампаніі, якую арганізоўваў апошні легітымны старшыня ЦВК Віктар Ганчар.
 

Арнольд аб’ядноўваў вакол сябе самых актыўных прадпрымальнікаў, з’яўляўся  арганізатарам першых прадпрымальніцкіх страйкаў, якія адбываліся на кірмашах  “Дынама”, “Камароўка”. Дзейнасць Арнольда была вельмі плённай і шматграннай. Бо ён фінансаваў некалькі юрыстаў, якія па “гарачай лініі” аказвалі бясплатную дапамогу беларускім прадпрымальнікам па розных пытаннях; дапамагаў Вячаславу Сіўчыку выдаваць прадпрымальніцкі бюлетэнь “Кірмаш”. Бюлетэнь тады меў вялікі распаўсюд, яго чыталі на ўсіх рынках і выстаўках Беларусі.

Я спадзяюся, што памяць па Арнольду Пячэрскаму будзе належным чынам ушаноўвацца і далей, бо гэта наш герой, які змагаўся не толькі за правы прадпрымальнікаў, але за правы ўсіх грамадзян Беларусі.

Вячаслаў Сіўчык, які працаваў разам з Арнольдам Пячэрскім ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, узгадвае:

Памятаю Арнольда шчырым беларусам, які шмат што зрабіў для нашай Бацькаўшчыны. У страшным 1999 годзе яго гібель стала самай балючай для мяне. Быў нанесены вельмі сур’ёзны ўдар па беларускім нацыянальным руху, бо Арнольд выконваў вельмі важныя функцыі. У яго дзейнасці арганічна перапляліся беларуская нацыянальная ідэя і сённяшнія эканамічныя інтарэсы беларускіх прадпрымальнікаў. Я веру, што калісьці беларускае грамадства даведаецца праўду пра так званую “аўтакатастрофу”. Лічыў і лічу, што гэта было палітычнае забойства.

 

Каментаваць