25 гадоў Мінскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах

25 гадоў таму 2 кастрычніка 1989 года ў Жыровічах расчыніла дзверы Мінская духоўная семінарыя.
З гэтай нагоды ў Жыровічах адбыліся святочныя ўрачыстасці ў якіх прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, а таксама  ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Леанід Гуляка.



Урачысты сход з нагоды 25-годдзя адраджэння семінарыі адбыўся ў актавай зале духоўнай установы. Адкрыў урачыстасць і шчыра павітаў усіх гасцей архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый. Шчырыя словы ў адрас семінарыі сказаў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел. 
 
 
Падчас урачыстасцей адбылося падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве Мінскай духоўнай семінарыі з Інстытутам тэалогіі Белдзяржуніверсітэта.
 
 
Да юбілею семінарыі была таксама адкрыта фотавыстава, якая распавядае пра ўвесь гістарычны шлях Мінскай духоўнай семінарыі.
 
 
А шлях семінарыі даволі доўгі і няпросты. Яна бярэ свой пачатак у канцы XVIII стагоддзя, калі 15 мая 1785 года руская імператрыца Кацярына II загадала заснаваць у Слуцку пры праваслаўным епіскапе Віктары (Садкоўскім) семінарыю. Загад з'явіўся вынікам пагаднення паміж Польшчай і Расіяй аб аднаўленні ў межах Рэчы Паспалітай праваслаўнай епіскапскай кафедры і меў на мэце паляпшэнне адукацыі праваслаўных на гэтых землях.
 
 
15 верасня 1785 года "Набожная Слуцкая праасвяшчэннага Віктара Садкоўскага семінарыя" была адкрыта. Першымі вучнямі яе сталі дзеці свяшчэннаслужыцеляў з блізкіх да Слуцка мясцін. Напачатку ў семінарыі дзейнічалі два класы: ніжэйшы і вышэйшы, у якіх навучалася 25 чалавек. У 1789 годзе польскія ўлады арыштавалі праасвяшчэннага Віктара. Семінарыя была закрыта і зноў пачала сваю дзейнасць толькі ў студзені 1793 годзе, спачатку пад сваёй папярэдняй назвай, а пасля стварэння Мінскай губерні і Мінскай епархіі, была перайменавана ў Мінскую. Пераемнікам праасвяшчэннага Віктара стаў праасвяшчэнны Іоў (Пацёмкін). У семінарыі былі адкрыты вышэйшыя класы - філасофскі і багаслоўскі. Павялічылася колькасць выхаванцаў і выкладчыкаў. Пачатую з поспехам праасвяшчэнным Іовам справу працягваў яго пераемнік архіепіскап Серафім, які паставіў перад сабой мэту: узвесці семінарыю на вышэйшую ступень дасканаласці, але надышоў 1812 год, і семінарыя зноў спыніла сваю дзейнасць.
 
 
У 1816 годзе семінарыя была падзелена на тры навучальныя ўстановы: прыходскае і павятовае вучылішчы і ўласна семінарыю, якая пачала працаваць па новых навучальных планах, а ў 1840 годзе была пераведзена ў Мінск і стала Мінскай не толькі па тытулу епархіі, але і па месцы свайго знаходжання. У курс навучання былі ўведзены новыя прадметы - медыцына, прыродазнаўства, сельская гаспадарка. 
 
 
Выкладчыкі Мінскай духоўнай семінарыі былі высокаадукаванымі людзьмі, мелі вучоныя ступені і навуковыя працы. Праславілі гэтую навучальную ўстанову і яе шматлікія выхаванцы: гісторыкі XIX стагоддзя У.З. Завітневіч і І.І. Малышэўскі, прафесар Пецярбургскай ваенна-медыцынскай акадэміі Ф.І. Пастарнацкі, дыпламат І.А. Гашкевіч і іншыя асобы.
 
 
Дзейнасць Мінскай духоўнай семінарыі была спынена ў 1918 годзе. Толькі пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў 1945 годзе улады далі згоду на адкрыццё ў Жыровіцкім Свята-Успенскім мужчынскім манастыры пастырска-багаслоўскіх курсаў, кіраўніцтва якімі было даручана ігумену Лявонцію (Бондару). У 1947 годзе курсы пераўтварылі ў семінарыю, якую ўзначаліў архімандрыт Мітрафан (Гутоўскі), намеснік Жыровіцкага манастыра. Быў пабудаваны асобны будынак для навучэнцаў і кіраўніцтва семінарыі, але ўмовы яе існавання былі складанымі, і ў 1963 годзе семінарыю зноў закрылі. Толькі ў канцы васьмідзесятых гадоў, калі адбыўся перагляд дзяржаўнай палітыкі адносна Праваслаўнай царквы, дзейнасць семінарыі была адноўлена. 
 
 
У 1989 годзе па ініцыятыве Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта (Вахрамеева) Мінская духоўная семінарыя зноў адкрылася ў Жыровіцкім манастыры. Рэктарам яе стаў намеснік манастыра архімандрыт Стафан (Корзун). У 1991 годзе семінарыя атрымала статус вышэйшай навучальнай установы з пяцігадовым тэрмінам навучання. Семінарыя рыхтуе свяшчэннаслужыцеляў і царкоўных служак Беларускай праваслаўнай царквы. Выкладаюцца багаслоўскія, філасофскія, філалагічныя, гістарычныя, царкоўна-прыкладныя дысцыпліны. Студэнты пасля абароны дыпломных прац атрымліваюць ступень бакалаўра. Лепшых пасылаюць на стажыроўку ў прэстыжныя заходнія багаслоўскія навучальныя ўстановы. Пры семінарыі дзейнічае нядзельная школа, у якой выкладаюць студэнты семінарыі. Адкрыта рэгенцкая школа, дзе заняткі вядуць вядомыя спецыялісты ў галіне музыкі.
 
Фота аўтара
 

Каментаваць