25 гадоў з Законам аб мовах

Закон аб мовах быў прыняты яшчэ 26 студзеня 1990 года. Ён, такім чынам, нават апярэдзіў нашу незалежнасць. Закон ствараў умовы для развіцця не толькі беларускай, але і іншых моваў, якімі карысталіся ў Беларусі.



Узнёслы і ачалавечаны

Колькі любові і павагі да беларускай мовы ўклалі распрацоўшчыкі гэтага Закона: Ніл Гілевіч, Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Валянцін Голубеў, Уладзімір Заблоцкі, Анатоль Вярцінскі, Алег Трусаў і іншыя. Як песня гучаць словы прэамбулы: «Мова — не толькі сродак зносін, але і душа народа і найважнейшая частка яго культуры»; «Жыве мова — жыве народ»; «Кожная мова (...) — неацэнны скарб, які належыць не аднаму народу, а ўсяму чалавецтву». У павучанне нашчадкам замацоўвалася і такая норма: «Гонар і абавязак усіх — шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту, паважліва ставіцца да моваў іншых народаў».

Закон аб мовах ствараў умовы для развіцця не толькі беларускай, але і іншых моваў, якімі карысталася насельніцтва краіны. У артыкуле 5 Закона прадугледжвалася, што ўсякія прывілеі альбо абмежаванні правоў асобы па моўных прыкметах не дапускаюцца, а публічная абраза, ганьбаванне дзяржаўнай і іншай мовы, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі цягне за сабой устаноўленую законам адказнасць.

Для паступовага ўвядзення палажэнняў Закона ва ўсе сферы жыцця сцвярджалася дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моваў на працягу 10 гадоў з дня ўступлення Закона ў сілу.

Рэферэндум 1995 года

Збольшага, гэты рэферэндум узгадваюць з нагоды змянення дзяржаўнай сімволікі. Але першае пытанне на ім было: «Ці згодныя вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?»

Нагадаем, 11 красавіка 1995 года Вярхоўны Савет 12-га склікання прыступіў да разгляду прапановы Лукашэнкі. У ходзе дыскусіі дэпутаты ад БНФ выступілі супраць правядзення такога рэферэндуму. У выніку ВС не падтрымаў ініцыятыву Лукашэнкі. Ён прыгразіў, што прыпыніць дзейнасць Вярхоўнага Савета і арганізуе рэферэндум без ягонай згоды.

У знак пратэсту дэпутаты ад БНФ заявілі, што пачынаюць галадоўку ў зале пасяджэнняў парламента. Уначы з 11 на 12 красавіка ў залу ўварваліся людзі ў масках і гвалтоўна выцягнулі адтуль дэпутатаў. Пры гэтым некаторыя з пратэстоўцаў былі збітыя. Лукашэнка шмат разоў абяцаў «прадэманстраваць усяму грамадству» відэазапіс гэтага інцыдэнту і расследаваць яго, але так гэтага і не зрабіў.

13 красавіка ВС паўторным галасаваннем (што з'яўляецца парушэннем працэдуры) прыняў пастанову аб прызначэнні рэспубліканскага рэферэндуму. Адначасова з рэферэндумам былі прызначаныя выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання.

Пры правядзенні рэферэндуму былі адзначаны шматлікія парушэнні заканадаўства, асабліва ў сельскай мясцовасці. На фоне высокай яўкі выбаршчыкаў (па дадзеных Цэнтрвыбаркама, 95%), выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета не адбыліся амаль у палове выбарчых акругаў. Гэты факт сам па сабе ставіць пад сумнеў дакладнасць вынікаў галасавання на рэферэндуме.

Законам і не пахне

Пытанні, прапанаваныя на рэферэндум, супярэчылі Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі (прэамбуле, артыкулам 1, 2, 3), Канстытуцыі (прэамбуле, арт. 17, 78), Закону «Аб усенародным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» (арт.3). Прычым, пытанні аб мовах і аб дзяржаўных сімвалах, парушалі «неад'емнае права беларускага народа на суверэнную нацыянальную дзяржаўнасць, гарантыі існавання беларускай культуры і мовы».

Пытанне аб наданні рускай мове роўнага статусу з беларускай не магло выносіцца на рэферэндум, таму што дзяржаўны статус беларускай мовы быў замацаваны ў шэрагу палажэнняў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, Законе «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», і ў артыкуле 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Варта ўлічыць, што па Канстытуцыі (частка 2 арт.148) забаранялася ўносіць змены і дапаўненні ў Канстытуцыю ў апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета. Такім чынам, рашэнне аб прызначэнні рэферэндуму было прынята неканстытуцыйна, насуперак гэтай норме.

Таму можна сцвярджаць, што рэферэндум 14 мая 1995 года быў прызначаны з парушэннем устаноўленай працэдуры, уключаў пытанні, якія не маглі выносіцца на рэферэндум, быў праведзены з парушэннямі заканадаўства. Таму яго вынікі не могуць мець ніякага юрыдычнага значэння.

Папраўкі

Улетку 1998 года у Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» былі ўнесены змены і дапаўненні. У адпаведнасці з імі была выключаная ўзнёслая прэамбула Закона і ўстаноўлены ў якасці дзяржаўных моваў беларуская і руская мовы. З прыняццем новай рэдакцыі Закона аб мовах ад 13 ліпеня 1998 года было спынена прыярытэтнае развіццё беларускай мовы, як і адменена дзяржаўная праграма яе развіцця.

Новае жыццё

Цяпер, калі паўстала пагроза суверэнітэту Рэспублікі Беларусь у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, праяўляюцца грамадзянскія ініцыятывы, накіраваныя на абарону беларускай мовы. У прыватнасці, групай маладых грамадзян ініцыюецца прыняцце закона «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы».

Я падтрымліваю такую ініцыятыву і сам праект закона, які можна паглядзець на сайце tbm-mova.by. У той жа час лічу, што ў нас ёсць падставы не прызнаваць вынікі рэферэндуму 1995 года, у тым ліку па пытанні аб статусе моваў. Як следства такой высновы, Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» ад 26 студзеня 1990 года захоўвае сваю легітымнасць.

Для аднаўлення дзяржаўнага статусу беларускай мовы дастаткова прызнаць факт неканстытуцыйнасці і незаконнасці рэферэндуму 1995 года. Рашэнне па гэтым пытанні можа прыняць новы склад Канстытуцыйнага суда або дэмакратычна абраны парламент краіны.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-01-28 14:11:06
"Колькі любові і павагі да беларускай мовы ўклалі распрацоўшчыкі гэтага Закона: Ніл Гілевіч, Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Валянцін Голубеў, Уладзімір Заблоцкі, Анатоль Вярцінскі, Алег
Трусаў і іншыя..." Таварыш блытае. Усе названыя ім асобы (за выняткам хіба Гілевіча) у студзені 1990 г. знаходзіліся па-за сценамі Вярхоўнага Савета, і распрацоўваць законапраекты ім яшчэ не
даручалі. Мо актывісты БНФ і збіралі подпісы за прыняцце гэтага закона, але дабівацца прыняцця і распрацоўваць - розныя рэчы. У камісію ВС па распрацоўцы ўваходзілі іншыя людзі, некаторыя згаданы
тут: http://3dway.org/node/5590

Каментаваць