70-я гадавіна генацыду беларусаў на Беласточчыне

Спаўняецца 70-я гадавіна пацыфікацыі аддзелам узброенага польскага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса “Бурага” вёсак Заляшаны і Вулька Выганоўская. 



poranny.pl


У гэты дзень у Вульцы загінула двое чалавек,  а ў Заляшанах — 16, у тым ліку 8 дзяцей, з якіх найстарэйшаму было 7 гадоў, а наймалодшаму — некалькі дзён. Як і кожны год, сёння ля крыжа ў Заляшанах у 12 гадзін пройдзе паніхіда ў памяць загінулых. Адмысловая паніхіда ў памяць ахвяраў крывавага рэйду “Бурага”, пацыфікацыі вёсак Вулька Выганоўская, Заляшаны, Шпакі, Зане і Канцавізна, а таксама забойства 30 вазакоў ля Пухалаў Старых пройдзе 31 студзеня ў манастыры святой Кацярыны ў Заляшанах. Пачатак у 9 гадзін. Таксама 31 студзеня ў 70-ю гадавіну забойства вазакоў адмысловая паніхіда пройдзе ў Пакроўскай царкве ў Бельску Падляшскім. Апоўдні радныя горада складуць кветкі ля магілы-помніка на камунальных могілках у Бельску.

Спробы гларыфікацыі дзеянняў камандзіра Рамуальда Райса “Бурага” павінны быць асуджаныя, у першую чаргу — Інстытутам нацыянальнай памяці. Такое меркаванне выказаў архівіст,  намеснік старшыні Беларускага гістарычнага таварыства  Славамір Іванюк:

— Вельмі сумная справа, што хтосьці хоча гларыфікаваць самога “Бурага” і яго падуладных, якія здзекаваліся з людзей тут, на Беласточчыне. Сумная справа для ўсёй польскай дзяржавы. Гэтым павінны заняцца Інстытут нацыянальнай памяці, дзяржаўныя ўстановы. Рамуальд Райс “Буры” ў выніковай справаздачы следства, закончанага ў 2005 годзе Інстытутам  нацыянальнай памяці ў Беластоку, прызнаны вінаватым у злачынствах з прыкметамі генацыду, адказным за смерць 79 мірных жыхароў вёсак на Беласточчыне і забойства 30 вазакоў ля Пухалаў Старых, а таксама пацыфікацыі Вулькі Выганоўскай, Заляшан, Шпакоў, Заняў і Канцавізны.

Паводле: Беларускае Радыё Рацыя

Каментаваць