80-гадовага інваліда Аляксандра Лапіцкага адпраўляюць на прымусовае лячэнне

Сёння Мінскі гарадскі суд адмовіў у задавальненні прыватнай скаргі на прысуд 80-гадоваму інваліду з Мінска Аляксандра Лапіцкага. Прысуд аб накіраванні інваліда на прымусовае лячэнне ў псіхушку ўступіў у законную сілу.


«У Беларусі з'явіўся новы палітвязень — Аляксандр Лапіцкі», — канстатаваў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» (зарэгістраваны ва Украіне) Алег Волчак.

Нагадаем, яшчэ 11 красавіка 2016 года суд Фрунзенскага раёна Мінска пачаў разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні 80-гадовага мінчука Аляксандра Лапіцкага па адразу трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 391 артыкуле, 369, часткі 1 артыкула 368. Нібыта, пажылы мінчанін "абразіў суддзяў Мінскага гарадскога СУДА Рамашэўскую О.У., Жулкоўская Т.В., Пруднікава А.М., суддзю суда Фрунзенскага раёна Мінска Цярэшчанка В.У., пракурора аддзела пракуратуры г. Мінска Гайдай Л.В., старэйшага пракурора аддзела пракуратуры Мінска Пастаялка Д.У., генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Канюка А.В. і Аляксандра Лукашэнку.

Ужо 12 красавіка суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў 79-гадовага мінчука Аляксандра Лапіцкага (12 мая яму споўнілася 80 гадоў) прызнаў асобай, якая зрабіла грамадска небяспечныя дзеянні, што выявіліся ў "абразе прэзідэнта, прыніжэнні гонару і годнасці пракурораў і суддзяў", і адправіў яго на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную бальніцу.

3 чэрвеня Мінгарсуд разгледзеў прыватную скаргу на рашэнне Фрунзенскага суда Мінска.

Абарона Лапіцкага даказала незаконнасць і неабгрунтаванасць вынесенай пастановы аб прымусовым лячэнні, заявіўшы, што довады суда не грунтуюцца на дапушчальных доказах. У прыватнасці, пастаўлена пад сумнеў судова-псіхіятрычная экспертыза, якая прайшла з парушэннем працэсу абследавання і ўстанаўлення дыягназу. Высновы экспертаў-псіхіятраў супярэчаць матэрыялам справы і стану здароўя Лапіцкага: чалавек ніколі не пакутаваў псіхічнымі захворваннямі, а тут раптам яго адпраўляюць на стацыянарнае лячэнне ў "Навінкі".
Мінгарсуд накіраваў справу на новы разгляд ў Фрунзенскі суд Мінска.

Новы разгляд справы пачаўся ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска ў ліпені. 12 ліпеня суддзя суда Фрунзенскага раёна Мінска Аляксандр Лукашэвіч прызнаў, што пенсіянер абразіў суддзяў, пракурораў і вышэйшых службовых асобаў Беларусі, чым здзейсніў грамадска небяспечнае дзеянне, і пастанавіў накіраваць старога на прымусовае лячэнне.

Адвакат Аляксандра Лапіцкага падаў прыватную скаргу ў апеляцыйную калегію па крымінальных справах Мінгарсуда.

Але сёння ў задавальненні скаргі было адмоўлена. Гэта значыць, што ўжо на працягу месяца 80-гадовага пенсіянера могуць прымусова адправіць ў псіхіятрычную лякарню.

Паводле belprauda.org

Каментаваць