Аўтапрабег "За дабрыя дарогі" перапыніла ДАІ (фота)

Прыкладна 15 машын удзельнічала ў акцыі "За добрыя дарогі", якая праходзіла ў форме аўтапрабегу па цэнтральных вуліцах Магілёва 14 красавіка. Акцыя арганізавана мясцовым аўтаклубам "6 Region".



Як заявіў БелаПАН перад пачаткам акцыі адзін з арганізатараў аўтапрабегу, горш, чым у Магілёве, дарог у іншых абласных цэнтрах краіны няма. Ямы і калдобіны прыводзяць да палому аўтамабіляў, што выклікае абурэнне аўтааматараў. Менавіта для прыцягнення ўвагі да праблемы кепскіх дарог у Магілёве і была арганізаваная гэтая акцыя. Пры гэтым ён падкрэсліў, што мерапрыемства не з'яўляецца акцыяй пратэсту.
 

Удзельнікі аўтапрабегу праехалі амаль палову маршруту, які праходзіў па вуліцы Астроўскага, Пушкінскім праспекце, вуліцы Піянерскай, праспекце Міру. На вуліцы Каралёва ўдзельнікі аўтапрабегу былі спыненыя супрацоўнікам ДАІ, які адмовіўся пракаментаваць БелаПАН сутнасць прэтэнзій да аўтамабілістаў. Выкліканае ім падмацаванне праводзіла апытанне вадзіцеляў — удзельнікаў акцыі, правяраючы іх дакументы і складаючы пратаколы апытання.
 

Арганізатары акцыі пасля яе завяршэння планавалі ўстанавіць своеасаблівы сімвалічны памятны знак разбітым машынам з запчастак пашкоджаных аўтамабіляў. Зрабіць гэта меркавалася ў раёне Святога возера, адкуль і пачалася акцыя.
 

Цяпер удзельнікі акцыі плануюць устанавіць гэты памятны знак непасрэдна на вуліцы Каралёва, дзе былі спынены супрацоўнікамі ДАІ.

 

фото, gorad.by










Каментаваць