A Deo rex, a rege lex

Не збіраўся пісаць, бо не майстра некралогаў, тым болей блізкім людзям іх звычайна не пішуць. Плюс пару месяцаў таму на ўрачыстай імпрэзе ў 70-годдзе Караля мы збольшага паспелі сказаць шэфу добрыя словы. І не таму, што было прадчуванне, якраз наадварот, здавалася: усё ёсць, усё адбылося.



Мы стварылі лепшы (прынамсі за апошнія некалькі год) тыднёвік Беларусі. Працуем далей. Працавалася добра, бо пры Каралі мы, прабачце за труізм, не былі світай. Мы былі прынцэсамі і прынцамі, кожны сам годны, са сваёй галавой, а разам — нават не адзінадумцы, бо ў кожнага свой погляд на жыццё і свой досвед, а каманда. Ці, калі хочаце, працоўны калектыў.

Мне няма патрэбы паўтарацца, бо шмат хто ўжо трапна сказаў, асабліва Анатоль Мяльгуй, Марыйка Мартысевіч ды Сяргей Чыгрын закранулі тыя моманты, пра якія думаў і я. Ну і іншыя таксама. Дадам толькі тое, што, больш дасведчаны ў журналістыцы, шэф ствараў атмасферу роўнасці, у якой натуральным чынам усе ўздымаліся наверх. Часам я казаў яму — навошта так багата даваць заданняў таму-сяму маладому карэспандэнту, гэта ж кампіляцыя, інтэрнэт, г.д. Кароль асабліва не пярэчыў, звычайна трошкі пасміхаўся: “А ты сам больш і лепш зрабі”, і не спыняў маладых ды ранніх. А яны паступова і ўпэўнена раслі. Такі вось інкубатар.

І яны, карэспандэнты, і газета, выйгравалі нейкую неверагодную колькасць конкурсаў. Пры тым што плацілі ім на парадак менш, чым “атрымліваюць” (а не зарабляюць) у дзяржаўных прапагандысцкіх выданнях. Відаць таму, што працаваць, калі ты сам шануеш сваю думку і перакананні, і калі іх не бэсціць кіраўніцтва — вялікая прыемнасць. Спадзяюся, гэты падыход дапаможа “Новаму часу” захавацца, застацца як памяць Аляксею Каралю.

Вось і выдыхнуўся тэкст спакойна, у папярэднія дні было цяжка. Сваякам — мужнасці трымацца.

Каментаваць