А я адзін у белым фраку!

Шчыра кажучы, чакалася ад штогадовага паслання прэзідэнта большага. Усё ж, як-ніяк, 2010 — год выбараў. Здавалася б, прэзідэнт павінен быў бы выказаць нейкія новыя ідэі і думкі, як ён рабіў гэта заўжды. Гэтага не адбылося.

Што мы пачулі з прэс-канферэнцыі новага? Новае было толькі тады, калі Аляксандр Рыгоравіч пачаў адказваць на пытанні дэпутатаў. Па-першае, мы даведаліся пра тое, што Курманбек Бакіеў з сям’ёй знаходзіцца ў Мінску. Лукашэнка прыняў яго з гуманітарных меркаванняў.



Шчыра кажучы, чакалася ад штогадовага паслання прэзідэнта большага. Усё ж, як-ніяк, 2010 — год выбараў. Здавалася б, прэзідэнт павінен быў бы выказаць нейкія новыя ідэі і думкі, як ён рабіў гэта заўжды. Гэтага не адбылося.

Што мы пачулі з прэс-канферэнцыі новага? Новае было толькі тады, калі Аляксандр Рыгоравіч пачаў адказваць на пытанні дэпутатаў. Па-першае, мы даведаліся пра тое, што Курманбек Бакіеў з сям’ёй знаходзіцца ў Мінску. Лукашэнка прыняў яго з гуманітарных меркаванняў.

«Ноччу ў панядзелак я даручыў адпаведным службам, каб арганізавалі перапраўку Бакіева ў Мінск. Ён пра гэта прасіў, і не аднойчы. Ноччу ў панядзелак ён быў у Мінску», — сказаў прэзідэнт. Паводле слоў Лукашэнкі, «прызначана медыцынская камісія, праведзена першаснае абследаванне сям’і» Бакіева.

На думку прэзідэнта, рашэнне адносна Бакіева магла б прыняць АДКБ, сябрам якой з’яўляецца Кыргызстан. «Што гэта за АДКБ? Расія там старшынствуе? Ёй Бог загадаў: давайце збяромся, абмяркуем, запросім яго туды. І скажам тым, хто ўладу там захапіў: пачакайце, давайце разбяромся, пагутарым. Можа, Курманбек не мае рацыі — мы яму пра гэта скажам. Тады мы вас падтрымаем, і не трэба будзе вам, гэтак званаму часоваму ўраду, шукаць недзе нейкую падтрымку. Але мы гэтага не зрабілі», — заўважыў Лукашэнка.

На месцы Лукашэнкі трэба было б задумацца, хто такі Бакіеў і чаму Расія праігнаравала загад Бога. Бакіеў, як вядома, прыйшоў да ўлады таксама ў выпадку «рэвалюцыі цюльпанаў». Ці не ёсць Бакіеў тым самым «дыверсантам», які па загаду Масквы і Вашынгтона навучыць талерантных беларусаў, як дзейнічаць падчас «каляровых рэвалюцыяў»? Тым больш, што, па словах Лукашэнкі, ніякай агароджы (і гэта сапраўды так) вакол Адміністрацыі прэзідэнта няма, як няма іх і вакол іншых уладных аб’ектаў.

Яшчэ адна заява прагучала наконт рашэння аб павышэнні пошлін на ўвоз аўтамабіляў для фізічных асоб у сувязі з уваходжаннем у сілу дагавора аб Мытным саюзе. «Не прынята», — адрэзаў прэзідэнт. «І больш за тое, сустракаючыся з прэм’ерам некалькі дзён таму, я папрасіў яго: дайце мне альтэрнатыву ў сувязі з тым, што яны выключаюць некаторыя тавары і гавораць, што яны не адносяцца да Мытнага саюза, можа, і нам трэба паглядзець на штосьці», — сказаў Лукашэнка.

Нагадаем, Беларусь, Расія і Казахстан вядуць перамовы наконт адзінага ўзроўню пошлін на іншамаркі для фізічных асоб. Змены павінны адбыцца з другога паўгоддзя 2010 года, калі набудзе моц адзіны Мытны кодэкс трох краін. Мяркуецца, што пошліны могуць быць павышаны да ўзроўню дзейных у Расіі, якая зацікаўлена ў абароне свайго аўтапрама. На імпартныя аўтамабілі для юрыдычных асоб пошліны былі павышаны да расійскага ўзроўню 1 студзеня.

Такім чынам, усе ініцыятывы апазіцыі па рэферэндуме наконт пошлін на аўто пакуль не тое што заўчасныя, а гуляюць на карысць прэзідэнта. Ёсць, ёсць за што ў нас пагандляваць з Масквой! Калі не здымуць пошліны на нафту — мы не ўвядзем пошліны на машынкі. Нягледзячы на тое, што, паводле прэзідэнта, у той жа Расіі збіраюцца «Мерседэсы».

У астатнім пасланне прэзідэнта было сумным і падобным на чарговы з’езд КПСС. Беларуская эканоміка па-ранейшаму самая эканомная. Наш парк высокіх тэхналогій самы высокі парк у свеце. Шкада толькі, што яго не можна памацаць сваімі рукамі — не дабудавалі яшчэ. Наша жыллё будуецца самымі высокімі тэмпамі ў СНД, сёлета здадуць аж 7 мільёнаў квадратных метраў. Толькі чэргі на паляпшэнне жыллёвых умоваў (вось паскуды!) ніяк не жадаюць скарачацца. Мы завалім увесь свет сваёй сельскагаспадарчай прадукцыяй, — і пра гэта мы кажам з тых часоў, калі быў прыняты загад па цыбуляводству.

Можна яшчэ адзначыць, што «вашывыя блохі», як ён неаднаразова называў прадпрымальнікаў, раптам апынуліся і не блохамі, і не вашывымі. «Думаю, наспела неабходнасць прыняцця дырэктывы № 4 аб далейшай лібералізацыі эканомікі, скіраванай на разняволенне прадпрымальніцкай ініцыятывы», — заявіў прэзідэнт.

Але шлях да разняволення прадпрымальніцкай ініцыятывы вельмі просты, і на яго неаднойчы ўказвалі беларускія прадпрымальнікі. Гэта — скасаваць указы прэзідэнта (sic!), якія абмяжоўваюць права прадпрымальнікаў на найм працаўнікоў, спрасціць ліцэнзаванне, падатковую сістэму, абмежаваць кантралюючыя органы ў праверках прадпрымальнікаў і прыняць нарэшце празрысты закон аб малым бізнесе. Гэтага прадпрымальнікі патрабуюць ужо тры гады, і іхнія прапановы не раз і не два траплялі ў Адміністрацыю прэзідэнта, а потым недзе «губляліся».

Дарэчы, кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін не чакае, што будзе нейкая карысць ад дырэктывы. «Як прызнаў сам кіраўнік дзяржавы, папярэднія дырэктывы фактычна не працуюць. Відавочна, што такі ж лёс напаткае і дырэктыву № 4. Рэальную лібералізацыю эканомікі немагчыма правесці пры дапамозе дырэктыў. Для гэтага патрэбна карпатлівая праца па змене заканадаўства, якая ў нашай краіне праводзіцца ў вельмі недастатковай ступені», — сказаў эксперт.

А ў астатнім — усё па-ранейшаму. ЗША на нас цісне, Еўропа, дрэнная такая, не прымае нашых дэпутатаў у Еўранэст, Расія не дае бяспошліннай нафты, і толькі верны сябра Уга Чавес грузіць апельсіны бочкамі і дасылае нам нафту танкерамі праз паўсвету. Таму маленькі, але горды беларускі народ не скараецца, і нікога яму не нагнуць і не паставіць на калені. Карацей, як у Макарэвіча: «Мы б усіх перамаглі, толькі нас не заўважаюць».

Тым часам, Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне 26 красавіка ў сталіцы шэсця «Чарнобыльскі шлях» па маршруце Акадэмія навук — парк Дружбы народаў. Адпаведны дазвол атрыманы арганізатарам 20 красавіка.

Між тым, 19 красавіка арганізатары «Чарнобыльскага шляху–2010» на прэс-канферэнцыі заявілі, што згодныя на кампрамісны варыянт яго правядзення.

Каментаваць