А што пасля?

Здаецца, ніхто нікому дапамагаць на гэтых выбарах не будзе. Не плануецца «экспарту дэмакратыі» ў Беларусь, але і беларускім уладам даверу больш няма. Такім чынам, выбары, хутчэй за ўсё, пройдуць у «нармальнай, працоўнай абстаноўцы», а праблемы, якія пасля іх узнікнуць, грамадзянам ізноў давядзецца вырашаць сам-насам.


Пра тое, што «экспарту дэмакратыі» не будзе, заявіў каардынатар місіі назіральнікаў за выбарамі ў Беларусі Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ Матэа Мекачы. «Мы тут не для таго, каб экспартаваць дэмакратыю, а для таго, каб назіраць», — заявіў ён у інтэрв’ю БелаПАН.

З боку прадстаўнікоў асамблеі яшчэ раз было падкрэслена: высновы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) і ПА АБСЕ паводле вынікаў выбараў у Беларусі будуць грунтавацца выключна на фактах, сабраных як доўгатэрміновымі назіральнікамі, так у дзень галасавання і пры падліку галасоў. «Гэтыя факты будуць ацэньвацца ў святле міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека і дэмакратыі, якія Беларусь добраахвотна ўзяла на сябе, далучыўшыся да АБСЕ. Гэта тыя каштоўнасці, якія беларускія ўлады абавязаліся выконваць», — нагадаў Мекачы.

То бок, усё будзе ў межах закону і тых міжнародных абавязацельстваў. Не забыліся еўрапейцы і на так званыя «асаблівасці правапрымяняльнай практыкі», за якія доўга крытыкуецца Беларусь. Сапраўды, што карысці з прысутнасці на ўчастку назіральнікаў, калі яны знаходзяцца за 10 метраў ад падліку галасоў?

Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ Рыкарда Мільёры, які таксама быў у Мінску, заўважыў, што гутарыў на гэты конт «на самым версе». «Калі я ў пачатку жніўня ў Рыме сустракаўся з міністрам Мартынавым, былым кіраўніком МЗС, ён мне сказаў, што гэта адбывалася з-за недастатковага разумення нейкіх момантаў старшынямі ўчастковых камісій», — сказаў Мільёры.

Зараз жа Мільёры размаўляў са старшынёй ЦВК. «Самы важны момант заключаўся ў абяцанні, якое было нам дадзена, аб допуску міжнародных назіральнікаў на выбарчых участках туды, дзе будзе праводзіцца падлік і апрацоўка бюлетэняў», — сказаў Мільёры.

«Добрыя намеры старшыні ЦВК мы праверым непасрэдна на месцах. Мы ў Італіі гаворым: «Калі гэта ружы, то рана ці позна яны расцвітуць». Пакуль мы заўважылі толькі шыпы», — падкрэсліў Рыкарда Мільёры.

Вось цікава, дапусцяць да падліку галасоў усіх назіральнікаў, альбо толькі замежных? Хаця замежнікі плануюць ахапіць назіраннем каля 15% участкаў, што таксама нямала. Вось будзе дзіўна, калі менавіта на гэтых участках выбары не адбудуцца!

Хаця больш за выбары людзей хвалюе толькі тое, што будзе пасля выбараў. На беларускім валютным рынку паступова нарастае напружанасць, звязаная з набліжэннем парламенцкіх выбараў. Навучаныя горкім вопытам, жыхары Беларусі разумеюць, што пасля выбараў у кіраўніцтва краіны знікне важны стымул захоўваць стабільнасць на валютным рынку, таму на ўсялякі выпадак рыхтуюцца да непрыемнасцяў, хоць іх на гэты раз нішто не прадвяшчае.

Дадзеных аб аб’ёмах продажу валюты за верасень яшчэ няма, але аналітыкі кажуць, што людзі зараз больш актыўна купляюць валюту. Да таго ж, Нацбанк у жніўні некалькі не своечасова паслабіў курс беларускага рубля ў адносінах да долара (на 1,6%), што выклікала дадатковыя падазрэнні ў насельніцтва.

Яшчэ большыя сумневы пасеялі апошнія заявы Аляксандра Рыгоравіча і ягоных памагатых. Падчас даклада ўрада і Нацбанка Аляксандру Лукашэнку аб працы эканомікі за мінулы перыяд 2012 года, прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч запэўніў, што даручэнне па дасягненні да канца 2012 года сярэдняй заработнай платы па краіне ў 500 долараў у эквіваленце будзе выканана.

Больш за тое — урад абяцае самае святое. У снежні 2013 года плануецца выхад на сярэднюю зарплату больш як 600 долараў. Сказана так, нібыта наш Нацбанк замест друкавання беларускіх рублёў пачаў друкаваць долары. Праўда, ніхто не сказаў, за кошт чаго гэта будзе выканана і колькі тады ў краме будзе каштаваць кілбаса.

Канешне, Мясніковіч падкрэсліў, што прапанаваныя тэмпы росту эканомікі ў 2013 годзе будзе забяспечваць надзвычай цяжка. Але ж мы тут не вінаватыя! Вінаватыя, як заўсёды, хто заўгодна, толькі не мы. Па меркаванні Мясніковіча, асаблівая складанасць звязана з нізкімі прагназаванымі тэмпамі росту ў 2013 годзе ў асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі. У прыватнасці, паводле звестак Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду, параўнальна невысокія тэмпы росту плануюцца ў партнёраў па Мытным саюзе, а ў ЕС чакаецца рэцэсія.

Вось гады якія, зрываюць нашы планавыя паказчыкі. А каб іх дасягнуць, трэба ў 2013 годзе 65% усёй вырабленай прамысловай прадукцыі і 20% сельскагаспадарчых тавараў прадаць на экспарт.

А яны, бач, не развіваюцца, і, адпаведна, не купляюць прадукцыю сінявокай. Вось ворагі!

І яшчэ адно насцярожыла. «Шмат зараз ідзе размоў, не ведаю, ад каго, наконт дэвальвацыі, дэнамінацыі і гэтак далей. Але сам праект бюджэту, вы бачыце, у трыльёнах цяперашніх рублёў, і мы там не прадугледжваем ніякай дэвальвацыі і тым больш дэнамінацыі», — заявіў на гэтай нарадзе Аляксандр Рыгоравіч. «Вы растлумачце людзям, што мы не пойдзем ні на якую дэвальвацыю. Няма такой неабходнасці сёння дэвальваваць нацыянальную валюту, — сказаў ён. — Мы сёння не стрымліваем курс. Які складваецца, такі складваецца. Я гэта сказаў пры прызначэнні старшыні Нацбанка і пастаянна кантралюю. Калі ў народзе нейкія ідуць шараханні, гэта, хутчэй за ўсё, ад гэтых нашых «свядомых», якія пачынаюць людзей запалохваць».

Вось, яшчэ і «свядомыя» вінаватыя. Але ўважлівы чытач-слухач беларускага правадыра імгненна кінецца ў абменнікі. Калі ў бюджэце не прадугледжана дэнамінацыі ці дэвальвацыі, значыць, дэнамінацыя ці дэвальвацыя будзе нечаканай. Таму што дэвальвацыі 2008 і 2011 года таксама не былі прапісаныя ў бюджэце, яны прыйшлі, як паўночны пушны звярок пясец — ціха і незаўважна. І толькі калі яны адбыліся, стала зразумела, што пясец ужо тут — нават не на парозе, а ўжо гаспадарыць у хаце.

Так што рыхтавацца да поствыбараў — задача значна больш складаная, чым правесці самі выбары.

Каментаваць