Аб’яднацца, каб бараніць свае законныя правы

19 чэрвеня ў Слуцку створана раённая прафсаюзная група работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).

Каля 20 случчан пажадалі аб’яднацца ў прафсаюзную групу незалежнага прафсаюза РЭП дзеля абароны сваіх правоў і дапамогі іншым жыхарам горада.

Ячэйка прафсаюза РЭП раней існавала ў Слуцку на базе мясцовага завода «Калібр», які пасля быў ператвораны ў прадпрыемства ААТ «Слуцк-Модуль».

Пасля закрыцця прадпрыемства і звальнення рабочых паўстала пытанне і па ліквідацыі прафсаюзнай суполкі.
Аднак арганізацыі па абароне правоў працоўных папулярны сярод актыўных і свядомых жыхароў горада Слуцка. Вясной 2016 года прыкладна 20  чалавек напісалі заявы на ўступленне ў прафсаюз РЭП, а 19 чэрвеня ў прысутнасці старшыні прафсаюза Генадзя Федыніча і кіраўніка Мінскай абласной арганізацыі Іллі Дабратвора сход заяўнікаў адзінагалосна прагаласаваў за стварэнне раённай групы.

Дзякуючы адсутнасці цвёрдай рэгламентацыі прафесійнай дзейнасці ў Слуцкай групе РЭП ёсць прадстаўнікі розных сфер і нават часова беспрацоўныя.

Юра, малады хлопец, які папрасіў не называць яго прозвішча і былое месца працы, паскардзіўся на звальненне пасля ўдзелу ў назіранні за выбарамі падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі:
На момант звальнення (са мной не працягнулі кантракт без ніякіх тлумачэнняў) адчуваў сябе вельмі самотна, бо ня мог карыстацца дапамогай вопытнага юрыста. Уступіў у арганізацыю з спадзяваннем знайсці салідарнасць і ўзаемадапамогу ў будучыні. Хачу дапамагаць і іншым людзям у іх складаных сітуацыях.

Сяргей Долбік — інжынер-электронік, мае досвед грамадскай працы:
 На мой погляд, прафсаюз РЭП на справе, а не на словах абараняе інтарэсы нашых суграмадзян. У Слуцку зачынілася шмат прадпрыемстваў. Людзей чакаюць беспрацоўе і нізкія заробкі. Шмат каму спатрэбіцца кваліфікаваная юрыдычная дапамога. Тая ж элементарная салідарнасць магчыма толькі тады, калі людзі аб’ядноўваюцца ў адстойванні сваіх правоў і інтарэсаў.
Мне вельмі падабаецца, што ў шэрагах гэтага  прафсаюза могуць быць людзі розных прафесій і працаўнікі розных галін эканомікі, але няма наймальнікаў (кіраўнікоў), якія парушаюць правы працоўнага насельніцтва.

Генадзь Фядыніч, які падвёў вынікі сходу, выказаў пажаданне, каб у працэсе актыўнай працы па абароне правоў Слуцкая прафсаюзная група пашырылася і ўмацавалася.

Генадзь Федыніч. Фота belnp.org

Генадзь Федыніч. Фота belnp.org

«Людзі павінны разумець, што толькі аб’яднаўшыся ў незалежныя прафсаюзы можна чакаць, што наймальнік вымушаны будзе паважаць Працоўны Кодэкс і ўсё тое, што з ім звязана: ахова працы, дастойны заробак, звальненне па правілах і іншае», — заявіў старшыня прафсаюза РЭП.

Каментаваць