Аб’ект для апазіцыйнай стратэгіі

Тэма дыялогу паміж уладай і апазіцыяй паўстала не ўчора. Дастаткова прыгадаць апошні Кангрэс дэмакратычных сілаў, на якім была прынята стратэгія, што прадугледжвала развіццё палітычнага працэсу ў Беларусі «эвалюцыйным шляхам у бок дэмакратызацыі на аснове ўзгодненых дзеянняў дэмакратычных сілаў і ўлады». Зразумела, што «ўзгодненым дзеянням» павінен быў папярэднічаць перагаворны працэс «з удзелам дэмакратычных палітычных сілаў і грамадскіх арганізацый Беларусі».



Тэма дыялогу паміж уладай і апазіцыяй паўстала не ўчора. Дастаткова прыгадаць апошні Кангрэс дэмакратычных сілаў, на якім была прынята стратэгія, што прадугледжвала развіццё палітычнага працэсу ў Беларусі «эвалюцыйным шляхам у бок дэмакратызацыі на аснове ўзгодненых дзеянняў дэмакратычных сілаў і ўлады». Зразумела, што «ўзгодненым дзеянням» павінен быў папярэднічаць перагаворны працэс «з удзелам дэмакратычных палітычных сілаў і грамадскіх арганізацый Беларусі».

Аднак улада на «ўзгодненыя дзеянні» не пайшла. Яна занялася сваёй звыклай справай: арыштамі партыйных актывістаў, ганеннямі на недзяржаўную прэсу і далей па спісе.

Прыхільнікаў пагаварыць і пасупрацоўнічаць у шэрагах апазіцыянераў ад гэтага менш не стала. Наадварот, эканамічны крызіс, які напаткаў-такі нашу краіну ў канцы мінулага года, натхніў шмат каго на новыя ініцыятывы. А некаторых нават на такія «ініцыятывы», якія ўжо немагчыма ахарактарызаваць у катэгорыях дыялогу, хутчэй яны падыходзяць пад азначэнні «капітуляцыя», «калабарацыя», «змена сцягоў»… Ацэнкі, якія ўжо атрымалі суаўтары вялікага інтэрв’ю ў «Советской Белоруссии» — аглядальнік газеты Вячаслаў Оргіш (да нядаўняга часу аглядальнік «Народнай волі») і старшыня БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч. Аспрэчваючы саміх сябе ўчорашніх, яны напісалі такую апалагетыку рэжыму, на якую нават чыноўны люд не адважваўся.

Агульная небяспека


Лозунг «Айчына ў небяспецы!» з кожным днём робіцца ўсё больш папулярным. Айчына ж у нас адна на ўсіх, а таму варта аб’яднацца перад агульнай бядой. Але вось пытанне: адкуль і ад каго зыходзіць бяда? Гэта якраз і падзяляе грамадства на прыхільнікаў і апанентаў улады. Гэтак жа, як і ацэнкі на адрас тых, хто з апанентаў улады раптам ператвараецца ў яе апалагетаў.

Але не толькі прадчуванне агульнай надыходзячай бяды сілкуе калабарацыяністаў у шэрагах апазіцыі. Да гэтага падштурхоўвае і безвыніковасць шматгадовага адкрытага супрацьстаяння рэжыму, памножаная на запозненае ўсведамленне таго сумнага факту, што большасці беларусаў гэты самы рэжым падабаецца. Кажучы навукова, улада ў Беларусі з’яўляецца легітымнай, г. зн. грамадства прымае гэту ўладу і добраахвотна выконвае яе распараджэнні. Такія рамачныя ўмовы. Яны аб’ектыўныя, а таму любая спроба пабудаваць апазіцыйную стратэгію без іх уліку ператвараецца, у лепшым выпадку, у палітычную манілаўшчыну.

Крытычных выказванняў на адрас партыйнай апазіцыі з боку экспертнай супольнасці заўсёды хапала. Большасць з іх варта прызнаць справядлівымі. Але з чым цяжка пагадзіцца, дык гэта з абвінавачваннямі ў сталых электаральных паразах.

Аўтарытарная ўлада — а ў тым, што ўлада ў Беларусі аўтарытарная, лічу, сумнявацца не даводзіцца, — гэта ўлада, якая падаўжае сваё існаванне шляхам маніпуляцыі вынікамі выбараў. Ці можна было перамагчы такую ўладу на выбарах ва ўмовах устойлівага росту рэальных прыбыткаў насельніцтва? Падкажыце, дзе і калі быў створаны адпаведны прэцэдэнт? Але і ў дэмакратычных краінах устойлівы рост прыбыткаў насельніцтва з’яўляецца надзейным гарантам пралангацыі паўнамоцтваў палітычных сілаў, якія здолелі гэты рост забяспечыць.

Расколатае грамадства

Таму, як ні сумна, даводзіцца прызнаць, што пасля 1996 года ніякіх шанцаў на перамогу апазіцыя не мела. Дык ці быў тады сэнс у апазіцыйнай дзейнасці, а калі быў, то ў чым ён заключаўся? Адказ на першую частку пытання бессэнсоўна шукаць у экспертнай супольнасці, бо гэта пытанне выключна ўласнага выбару. Безумоўна, прыемна выйсці на вуліцу і далучыцца да стотысячнай калоны аднадумцаў, якая рашуча накіроўваецца да рэзідэнцыі «апошняга дыктатара Еўропы». Ну а калі вуліца пустая, або колькасць людзей у пагонах шматкроць пераўзыходзіць колькасць пратэстантаў? Тут магчымы варыянты, але, у любым выпадку, выбар кожны для сябе павінен зрабіць сам і асабіста несці адказнасць за яго наступствы.

Для адказу на другую частку пытання звернемся да вынікаў шматгадовых сацыялагічных даследаванняў, якія адназначна фіксуюць, што партыйнымі актывістамі спіс непрыхільнікаў аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі не абмяжоўваецца.

У краіне яшчэ існуе ўстойлівая група грамадзян, што падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасці. Яна складае прыблізна 30 працэнтаў ад дарослага насельніцтва.

Колькасна гэта група даволі ўстойлівая. Калі мы звернемся да вынікаў трох прэзідэнцкіх выбараў (мова, зразумела, ідзе пра вынікі, атрыманыя сацыёлагамі), то заўважым, што за дэмакратычных кандыдатаў/кандыдата кожны раз галасавала каля 26 працэнтаў ад колькасці апытаных.

Вынікі незалежных сацыялагічных даследаванняў, якія фіксуюць раскол паводле каштоўнасцей у беларускім грамадстве, публікуюцца ўжо 17-ы год. Тым не менш, нават сярод кіраўнікоў партыйных структур знаходзяцца такія, хто сваю палітыку (дзейнасць або бяздзейнасць) спрабуе апраўдаць крытэрам «адзінства народа». У згаданым інтэрв’ю Анатоль Ляўковіч сцвярджае: «За крытэр ацэнкі палітычнага працэсу варта прыняць інтарэсы дзесяцімільённага беларускага народа, інтарэсы грамадства… Мы — адзіны народ, і мы не ворагі адзін аднаму, лёс Беларусі і яе народа — першасныя, усё астатняе — другаснае».

Дапусцім на хвіліну, што спадар Ляўковіч мае рацыю, г. зн. пагодзімся з тым, што беларускі народ адзіны. Тады навошта адзінаму народу апазіцыя? Чые інтарэсы, акрамя сваіх уласных, яна, у такім разе, можа выяўляць? Адзінаму народу цалкам дастаткова «ўсенародна абранага». І зваць-называць яго трэба не прэзідэнтам, а бацькам, па аналогіі з патрыярхальнай сям’ёй, галава якой адзін мае права на суб’ектнасць, усім жа астатнім даводзіцца неаспрэчна выконваць яго ўказанні.

Калі мы звернемся да сакавіцкага апытання, то выявім раскол у беларускім грамадстве пры адказе на любое палітызаванае пытанне. Так, 46,3 працэнта рэспандэнтаў лічаць, што Беларусі патрэбна стабільнасць, а за неабходнасць змен выказаліся практычна столькі ж — 46,2 працэнта. Безумоўна, лёс Беларусі — першаснае, толькі вось незразумела, ці лёс гэты варта шукаць у захаванні існага парадку, ці ў зменах.

Не супраць, а за

У любым заходнім грамадстве асноўная маса выбарцаў канцэнтруецца вакол палітычнага цэнтра, з левага і правага флангу да якога прымыкаюць групы маргіналаў. Прычым узровень маргінальнасці гэтых груп плаўна ўзрастае па меры аддаленасці ад цэнтра. У поўнай адпаведнасці з электаральнай структурай грамадства фармуюцца і палітычныя партыі. Інакш і быць не можа, бо палітычная вага партыі вымяраецца колькасцю прыхільнікаў, якіх яна здольная мабілізаваць падчас чарговай выбарчай кампаніі.

Беларускае электаральнае (палітычнае) поле ўладкавана інакш. Яно пазбаўлена цэнтра. Усе спробы яго стварыць да поспеху так і не прывялі, таму што штучна арганізаваны цэнтр з зайздроснай настойлівасцю правальваўся паміж прыхільнікамі і супернікамі ўлады. Яму проста няма на што абаперціся.

Такая структура электаральнага поля невыпадковая. Яна дасталася нам у спадчыну ад савецкай таталітарнай сістэмы, у якой вяршэнстваваў прынцып: хто не з намі, той супраць нас. Менавіта гэта спадчына і зводзіць на нішто ўсе высілкі так званых «незалежных кандыдатаў». Такіх у Беларусі няма і быць не можа. Улада іх аператыўна адлоўлівае і ставіць на лоб пячатку «апазіцыянер».

Ва ўмовах папулярнасці аўтарытарнай улады разглядаць за асноўную мэту апазіцыйнай дзейнасці «баданне» з гэтай самай уладай, азначае неэфектыўную растрату і без таго бедных апазіцыйных рэсурсаў (інтэлектуальных, арганізацыйных, фінансавых). Змагацца неабходна не супраць улады, а за дэмакратычны электарат.

Паўтару, ён складае каля 30 працэнтаў. Сапраўды, гэта частка грамадства не любіць уладу, але з гэтага не вынікае, што яе прадстаўнікі любяць партыйную апазіцыю. Да прыведзеных вынікаў галасавання варта ставіцца без фанатызму. Ва ўмовах абмежаванага выбару людзі часта галасуюць па пратэстнай тэхналогіі: хто заўгодна, але толькі не ён. Іх пратэстная актыўнасць далей дулі ў кішэні не ідзе, а таемнае галасаванне якраз і дазваляе ім гэту самую дулю сфармаваць і зручна размясціць.

Ёсць яшчэ і «па-трэцяе», і «па-чацвёртае»... Спіс прычынаў, паводле якіх партыйнай апазіцыі варта засяродзіць свае высілкі на патэнцыйных прыхільніках, можа быць значна пашыраны.

Вяртанне на кругі свае


А як жа з дыялогам і супрацоўніцтвам з аўтарытарнай уладай? На шчасце, беларусы не першыя, хто сутыкнуўся з падобным пытаннем, а таму не варта вынаходзіць палітычны ровар. Такі дыялог, прычым прадуктыўны, магчымы. Але толькі пры пэўных умовах. Уся справа ў «фізічнай» кандыцыі ўлады. Калі яна моцная, г. зн. валодае дастатковымі рэсурсамі для падкорму сваіх прыхільнікаў, дыялог калі і магчымы, то толькі пад дыктоўку ўлады.

А вось са слабой уладай можна і трэба садзіцца за стол перамоваў. Звернемся, напрыклад, да досведу нашай заходняй суседкі Польшчы, дзе ліберальныя рэформы сталі магчымымі пасля правядзення «круглага стала». Але тут важна падкрэсліць, што падчас дыялогу паміж апазіцыяй і ўладай у Польшчы абмяркоўваліся не самі рэформы, а механізм дэмакратычных выбараў і гарантыі, якія павінны атрымаць пераможцы. Абмеркаванне ж з уладай рэформаў і настойванне на рэалізацыі ўласных эканамічных напрацовак азначае прыняцце на сябе адказнасці за чужую палітыку.

Ёсць дакладная прыкмета, па наяўнасці якой можна меркаваць пра магчымасць канструктыўнага дыялогу. Гэта раскол ва ўладзе, калі з адзінага для старонняга назіральніка ўладнага маналіту вылучаецца група рэфарматараў, прычым адбываецца гэта публічна. Той, хто заспеў перабудову, памятае, напэўна, супрацьстаянне груп Гарбачова і Лігачова ў палітбюро. Вось падчас такога супрацьстаяння ў рэфарматарскага крыла ўлады і ўзнікае патрэба абаперціся на дэмакратычную частку грамадства, а ў апазіцыі, у сваю чаргу, з’яўляецца магчымасць пачаць канструктыўны дыялог.

Аднак пры гэтым неабходна памятаць, што рэфарматары ад улады выступаюць за новы курс, як правіла, не праз свае ліберальныя перакананні, якія яны да пэўнага часу ўдала хавалі, а праз разуменне небяспекі, звязанай з захаваннем старога курсу. Яны — рэфарматары па прымусу, і ўжо хаця б таму глядзяць на дэмакратычную апазіцыю як на часовага спадарожніка.

Вынік такога саюза далёка не адназначны. Верагоднасць адкату, асабліва на пачатковай стадыі, заўсёды вельмі вялікая. Не ў апошнюю чаргу яму спрыяе ўзровень радыкальнасці апазіцыі. Чым яна радыкальней, тым больш шанцаў у кансерватараў ва ўладзе пераканаць сваіх ліберальных калегаў адмовіцца ад супрацоўніцтва з апазіцыяй. Таму замест кроку ў бок лібералізацыі ў фінале можа атрымацца яшчэ большае закручванне гаек.

Для таго, каб гэтага не здарылася, ад апазіцыі патрабуецца не радыкалізм, а здольнасць, з аднаго боку, мабілізаваць як мага большую колькасць сваіх прыхільнікаў, а з іншага — утрымліваць гарачыя галовы ў сваіх шэрагах ад экстрэмісцкіх дзеянняў. Такім чынам, мы вяртаемся ў зыходную кропку. Як у дакрызісны час, так і ва ўмовах крызісу, сіла апазіцыі (у тым ліку і перамоўніцкая сіла) вызначаецца яе здольнасцю працаваць не з уладай, а з грамадствам.
 

Каментаваць