Аб захаванні акадэмічнага Інстытута мовы і літаратуры

Сп. У.У. Макею,
Кіраўніку Адміністрацыі
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
220016, г. Мінск,
вул. К. Маркса, 38



Шаноўны Уладзімір Уладзіміравіч!



Сп. У.У. Макею,
Кіраўніку Адміністрацыі
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
220016, г. Мінск,
вул. К. Маркса, 38



Шаноўны Уладзімір Уладзіміравіч!


Таварыства беларускай мовы вельмі непакоіць той факт, што згодна з пастановай прэзідыума НАН Беларусі ад 28 красавіка 2012г., акадэмічны Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы далучаецца да акадэмічнага Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ), а потым на іх базе будзе створаны Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.
Айчынныя і замежныя моваведы і літаратуразнаўцы непакояцца тым, што як асобная навуковая ўстанова ў нашай краіне знікне акадэмічны Інстытут мовы і літаратуры, які займаецца фундаментальнымі даследаваннямі ў галіне беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства. Спецыялістамі вышэйназванага інстытута падрыхтавана і выдадзена шмат грунтоўных знакавых прац, у тым ліку этымалагічны і гістарычны слоўнікі, Атлас беларускай мовы і Дыялектны атлас беларускай мовы і іншыя.

Супрацоўнікі інстытута кваліфікавана вырашаюць грамадска значныя пытанні, звязаныя з геаграфічнымі назвамі, імёнамі і прозвішчамі людзей, выступаюць у якасці кампетэнтных кансультантаў для многіх дзяржаўных арганізацый, а таксама для ўсіх грамадзян краіны ў розных сродках масавай інфармацыі. Толькі ў інстытуце ёсць спецыялісты, якія могуць вырашаць пытанні, звязаныя з блытанінай імёнаў і прозвішчаў у афіцыйных дакументах, найперш у пашпартах.
Хацелася б ведаць, каму прыйшла ў галаву думка ліквідаваць адзіную ў нашай краіне навуковую ўстанову, якая аказвае сур’ёзную навуковую падтрымку шматлікім установам культуры і адукацыі. Да прыкладу, у суседніх краінах Расіі і Украіне дзейнічаюць па некалькі ўстаноў такога накірунку. Нават у цяжкія пасляваенныя гады ў нас існавалі асобныя інстытуты мовы і літаратуры ў складзе АН БССР. Невыпадкова віцэ-прэзідэнтам АН БССР быў класік беларускай літаратуры Якуб Колас, чарговы юбілей якога наша краіна святкуе сёлета.

Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч!

Мы спадзяёмся, што з тэкстам нашага ліста азнаёміцца з Вашай дапамогай Кіраўнік нашай краіны і будзе знойдзена магчымасць захаваць акадэмічны Інстытут мовы і літаратуры імя Янкі Купалы і Якуба Коласа як асобную структуру НАН Беларусі.

З павагай,
старшыня ТБМ                                                                Алег Трусаў

Каментаваць