Абаненты МТС патрабуюць вяртання беларускамоўнай версіі сайта

Абаненты МТС патрабуюць ад кампаніі вярнуць беларускамоўную версію сайта. Адпаведная петыцыя з’явілася на партале change.org.


Стваральнік петыцыі Аляксандр Кошаль адзначае, што «ўжо другое дзесяцігоддзе» ён і шмат іншых беларускамоўных людзей карыстаюцца паслугамі мабільнага аператара СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы». «За гэты час вядома, што ў мяне былі спакусы змяніць аператара. Але якасць сувязі і ўважлівае стаўленне да абанента прымушалі вярнуцца назад. Мяне засмучаў толькі адзін факт: пераклад сайта кампаніі быў зроблены не цалкам на беларускую мову. Гэта значыць, што мала таго, што былі хібы (памылкі друку, недакладнасці ў тэрміналогіі і інш.) у перакладзе, дык яшчэ і шмат чаго прапаноўвалася абаненту толькі на рускай мове. Склалася ўражанне, што пераклад на беларускую мову быў зроблены для «птушачкі». Маўляў мы зрабілі так, як зрабілі, а вы там хочаце карыстайцеся, хочаце не», — заўважае аўтар петыцыі.


А не так даўно, піша Кошаль, «беларускамоўная версія сайта зусім знікла». «Калі звярнуўся ў кампанію, каб растлумачылі, чаму так адбылося, мне адказалі, што зараз яны не паспяваюць у сувязі з тым, што ідзе дэнамінацыя. Шкада, што ў нас такое стаўленне да роднай мовы... Шмат аператараў у Еўропе маюць шматмоўную версію сайтаў, але ці можна ўявіць сабе такі адказ?», — задаецца пытаннем Кошаль.


У сувязі з гэтым ён прапануе карыстальнікам МТС і іншым беларусам падпісаць петыцыю з чатырма патрабаваннямі.

 

1. Цалкам перакласці сайт СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы» (мабільную і звычайную версію сайта) на беларускую мову на прафесійным узроўні (з удзелам прафесійных перакладчыкаў) і прытрымлівацца адзінай тэрміналогіі.


2. Зноў зрабіць даступнай беларускамоўную версію сайта http://mts.by.


3. Разглядзець магчымасць загрузкі сайта mts.by першапачаткова на беларускай мове з магчымасцю абіраць рускую ці англійскую мову па жаданні абанента.



4. Укараняць іншыя метады, накіраваныя на пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў кампаніі (буклеты з тарыфамі, артыкулы ў часопісе «АЛЛО» і г.д.).


«Вельмі спадзяюся, што мая петыцыя знойдзе падтрымку, а кіраўніцтва кампаніі МТС зразумее, што беларуская мова мае такія ж роўныя правы на існаванне, як і руская», — зазначае Кошаль.


Варта зазначыць, што кантрольны пакет (51% акцый) СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы» (МТС) належыць дзяржаве. Чаму фактычна дзяржаўная кампанія ігнаруе дзяржаўную мову?



Каментаваць