Абараніць Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага!

Беларуская грамадскасць заклікае абараніць Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК). З такой заявай выступіла ўправа міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына. Управа выказала вялікую занепакоенасць з нагоды крымінальнага пераследу маладзёвага клуба “Крывічы пры ІТБК і яго старшыні Алега Рудакова, а таксама звярнулася за дапамогай ў адстойванні яго гонару і годнасці да беларусаў свету.



Беларуская грамадскасць заклікае абараніць Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (ІТБК). З такой заявай выступіла ўправа міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына. Управа выказала вялікую занепакоенасць з нагоды крымінальнага пераследу маладзёвага клуба “Крывічы пры ІТБК і яго старшыні Алега Рудакова, а таксама звярнулася за дапамогай ў адстойванні яго гонару і годнасці да беларусаў свету.

У заяве паведамляецца, што раніцай 12 красавіка прадстаўнікі ўпраўлення Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі па Іркуцкай вобласці з падтрымкай узброеных аўтаматамі байцоў у масках уварваліся ў кватэру Рудакова і на сядзібу ІТБК.

Па інфармацыі Рудакова, вынікам ператрусаў стала канфіскацыя двух кампутараў, ноўтбуку, шэрагу кніг і друкаваных выданняў — каляндарыкаў і нумароў газеты “Наследие предков за 2004 год. Рудакову прад’явілі пастанову аб вобшуку, дзе гаворыцца пра завядзенне крымінальнай справы, у якой старшыня таварыства фігуруе як лідар “экстрэмісцкай групоўкі “Моладзевы клуб “Крывічы. “У пастанове аб вобшуку напісана, што я з’яўляюся духоўным лідарам гэтай групоўкі, што я “выбудаваў жорсткую іерархію і беспярэчнае падпарадкаванне мне як лідару, што я выкладаю баявыя віды барацьбы і забараняю ў межах групоўкі размаўляць на рускай мове і шмат чаго яшчэ, што, безумоўна, лухта, — паведаміў Алег Рудакоў.

“Такія неадэкватныя дзеянні былі выкліканыя тым, што праваахоўныя органы Іркуцка завялі крымінальную справу аб экстрэмізме супраць беларуса Аляксея Кухты, актывіста моладзевага клуба “Крывічы, створанага пры ІТБК. Кухту выставілі абвінавачанне паводле артыкула “Узбуджэнне нянавісці альбо варожасці, а таксама знявага чалавечай годнасці, — гаворыцца ў заяве.

Яе аўтары лічаць, што “спроба прыцягнуць Рудакова да крымінальнай адказнасці як лідара “экстрэмісцкай групоўкі “Моладзевы клуб “Крывічы выглядае абсалютна неабгрунтаванай і нават абсурднай. “Ужо больш за 15 год Рудакоў нястомна працуе на ніве папулярызацыі беларускай культуры ў Прыбайкаллі. Яго імя добра вядомае беларусам ва ўсім свеце. Мерапрыемствы, якія праводзяцца ІТБК і моладзевым клубам “Крывічы, з’яўляюцца адкрытымі. На іх прысутнічаюць людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, прадстаўнікі органаў улады і СМІ. Відэарэпартажы пра дзейнасць таварыства рэгулярна паказваюць па мясцовых тэлеканалах. Рудакоў узнагароджаны шматлікімі ганаровымі граматамі, у тым ліку губернатара Іркуцкай вобласці. Ён з’яўляецца сябрам Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. У красавіку 2010 года указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі за асабісты ўклад у захаванне традыцый беларускай культуры Рудакоў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, — адзначаецца ў заяве.


Калона Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага ў карнавальным шэсці,

прымеркаваным да 350-гадовага юбілею Іркуцка, 4 чэрвеня 2011 года

Кіраўніцтва “Бацькаўшчыны выказала абурэнне дзеяннямі ўпраўлення Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі па Іркуцкай вобласці, які нават пры наяўнасці падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да спадара Кухты не меў падстаў і маральнага права наносіць шкоду Рудакову і таварыству, якое ён узначальвае.

Управа “Бацькаўшчыны заявіла, што Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага і створаны пры ім моладзевы клуб “Крывічы займаюцца выключна культурніцкай дзейнасцю, у прыватнасці па адраджэнні і папулярызацыі духоўных і культурных каштоўнасцяў беларускага народа ў Прыбайкаллі, па распаўсюджванні і падтрымцы беларускіх нацыянальных звычаяў, рамёстваў, абрадаў і мовы. Згуртаванне “Бацькаўшчына, якое шчыльна супрацоўнічае з ІТБК ад моманту яго стварэння ў 1996 годзе, заклікала грамадскасць Беларусі, арганізацыі беларускай дыяспары па ўсім свеце абараніць гонар і годнасць Іркуцкага таварыства беларускай культуры і яго кіраўніка Алега Рудакова, дасылаць адпаведныя звароты ў амбасаду Расіі ў Беларусі, а таксама наўпрост у пракуратуру Іркуцка.

Гэтую заяву падтрымалі старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч і сябра грамадзянскай ініцыятывы “Рада беларускай інтэлігенцыі (РБІ), доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў.

Так, Астаповіч лічыць дзеянні расійскіх праваахоўных структур неправамернымі і правакацыйнымі, заклікаў грамадскія аб’яднанні выказаць салідарнасць з арганізацыяй, якая робіць неацэнны ўклад у захаванне беларускай культурнай ідэнтычнасці за межамі Бацькаўшчыны, а дзяржаўныя органы Беларусь заклікаў аказаць прававую дапамогу сваім суайчыннікам.

Падчас чарговага пасяджэння РБІ Голубеў звярнуўся да расійскай дэмакратычнай інтэлігенцыі з просьбай падтрымаць іркуцкіх беларусаў у іх справе захавання нацыянальнай культурнай спадчыны сваіх продкаў.

Каментаваць