Абараніць Змітра Дашкевіча

Сітуацыя з лідарам зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай моладзевай арганізацыі “Малады фронт Змітром Дашкевічам, які адбывае друхгадовае пакаранне ў Горацкай калоніі агульнага рэжыму, выклікае вялікую заклапочанасць у блізкіх і сяброў палітвязня, а таксама ў праваабаронцаў.

Паводле апошняй інфармацыі, якая трапіла да паплечнікаў палітыка, у дачыненні да Дашкевіча ўжываюцца катаванні, а самому вязню пагражае новы крымінальны артыкул.



Сітуацыя з лідарам зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай моладзевай арганізацыі “Малады фронт Змітром Дашкевічам, які адбывае друхгадовае пакаранне ў Горацкай калоніі агульнага рэжыму, выклікае вялікую заклапочанасць у блізкіх і сяброў палітвязня, а таксама ў праваабаронцаў.

Паводле апошняй інфармацыі, якая трапіла да паплечнікаў палітыка, у дачыненні да Дашкевіча ўжываюцца катаванні, а самому вязню пагражае новы крымінальны артыкул.

Як паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Мінску намесніца старшыні МФ Наста Палажанка, 24 жніўня адвакат Дашкевіча здолеў убачыцца са сваім мандантам, хоць да таго часу абаронцам ажно пяць разоў адмаўлялі ў магчымасці такой сустрэчы. У той жа дзень стала вядома, што маладафронтавец больш за восем разоў падпадаў пад адміністратыўныя спагнанні. “Зміцер сказаў адвакату, што рапарты на яго складаюцца шляхам розных правакацыяў, гэта робіцца для таго, каб завесці на яго новую крымінальную справу паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса, а гэта можа пацягнуць павелічэнне тэрміну зняволення ад года да двух, — падкрэсліла намесніца старшыні МФ.

Апроч таго, па словах Палажанкі, нягледзячы на тое, што размова з адвакатам адбывалася праз тэлефонны канал праз шкло і ў прысутнасці прадстаўніка адміністрацыі папраўчай калоніі № 9, Дашкевіч змог паведаміць, што намеснік начальніка па аператыўна-рэжымнай працы Аляксандр Лапатка забараніў маладзёну спаць уначы, прымусіў яго стаяць усю ноч на нагах, пасля чаго загадаў вязню ісці на працу. З прычыны фізічнай слабасці Зміцер адмовіўся гэта рабіць, за што чарговы раз апынуўся ў карцары.

Да таго ж, стала вядома, што тэмпература ў штрафным ізалятары, у карцары, у памяшканні камернага тыпу, дзе знаходзіцца Дашкевіч, апускаецца ніжэй неабходнага. “Спаць у такіх умовах проста немагчыма, праз кожныя пятнаццаць хвілін чалавек мусіць уставаць і адціскацца ці рабіць іншыя фізічныя практыкаванні, каб сагрэцца, — распавёў кіраўнік асветніцкай установы “Платформа Андрэй Бандарэнка, які сам яшчэ нядаўна быў вязнем, але потым суд яго апраўдаў. — Там, у ПКТ, няма матрацаў, пасцельнай бялізны.

Па словах Бандарэнкі, у дачыненні да Дашкевіча было парушана адно з галоўных канстытуцыйных правоў — права на абарону. У сваю чаргу, Наста Палажанка падала ў Генеральную пракуратуру заяву з патрабаваннем прыцягнуць да крымінальнай адказнасці асобаў, якія вінаваты ў парушэнні правоў і свабод грамадзяніна Беларусі Змітра Вячаслававіча Дашкевіча.

Праваабаронца Алена Танкачова нагадвае прадстаўнікам праваахоўных органаў і пенітэнцыярнай сістэмы, што Беларусь з’яўляецца паўнавартасным удзельнікам ААН, а таксама членам Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх бесчалавечных відаў пакарання і абыходжання, якія прыніжаюць чалавечы гонар.

“Тое, што мы чуем цягам апошніх месяцаў адносна сітуацыі з Мікітам Ліхавідам, зараз са Змітром Дашкевічам, выклікае сур’ёзную заклапочанасць праваабаронцаў, аднак, са свайго боку, праваабарончыя арганізацыі не маюць магчымасці дзейснага кантролю за тым, што адбываецца ўнутры пенітэнцыярных устаноў. Таму я вітаю скаргу ў Генпракуратуру, мы будзем настойваць на правядзенні адпаведнае праверкі… Я звяртаюся да арганізацыі “Беларускі Чырвоны крыж, якая ў адпаведнасці са сваім мандатам мусіла б, на нашу думку, зрабіць захады дзеля атрымання дазволу на ўваход у пенітэнцыярныя ўстановы як мінімум для кантролю стану здароўя вязняў, трывожную інфармацыю пра якіх мы атрымліваем, — заявіла Алена Танкачова. — Па-другое, пры канцы 2010 года быў зачынены Офіс АБСЕ ў Мінску, які меў права ўваходу ў закрытыя ўстановы. На сённяшні дзень ніводная міжнародная арганізацыя, ніводная дыпламатычная місія не валодае фармальным мандатам на ўваход у пенітэнцыярныя ўстановы. Тым не менш, мы звяртаемся да дыпмісій і патрабуем ад іх зрабіць захады, увайсці ў кантакт з беларускім МЗС і паспрабаваць атрымаць права на ўваход у пенітэнцыярныя ўстановы з мэтай кантролю становішча з палітвязнямі. Мы мяркуем, што ў выпадку з Дашкевічам, Ліхавідам, а таксама ў выпадку на сённяшні дзень і са спадаром Статкевічам, такія б дзеянні дыпмісій былі б не толькі да месца, але з’яўляюцца проста неабходнымі.

Тым часам, Дэпартамент выканання пакаранняў пры МУС Беларусі абвяргае факты супрацьпраўнага абыходжання са Змітром Дашкевічам у Горацкай калоніі № 9. “Пакаранне ў дачыненні да асуджанага Дашкевіча Зм. В. выконваецца ў дакладнай адпаведнасці з патрабаваннямі крымінальна-выканаўчага заканадаўства. Ваша здагадка пра яго збіццё надуманая і не адпавядае рэчаіснасці, — заявіў начальнік ДВП МУС Аляксандр Барсукоў. Ці пагодзіцца правесці праверку Генпракуратура, каб пацвердзіць або абвергнуць словы спадара Барсукова, пакажа час.
 

Каментаваць