Абаронім жывёл

Беларуская партыя «Зялёныя» (БПЗ) патрабуе ад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі тэрміновага прыняцця закона, які абараняе жывёл ад жорсткага абыходжання. Такое патрабаванне ўтрымліваецца ў рэзалюцыі цэнтральнага савета БПЗ.

Беларуская партыя «Зялёныя» (БПЗ) патрабуе ад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі тэрміновага прыняцця закона, які абараняе жывёл ад жорсткага абыходжання. Такое патрабаванне ўтрымліваецца ў рэзалюцыі цэнтральнага савета БПЗ.

Як паведаміў лідэр партыі Алег Новікаў, неабходнасць такога звароту ўзнікла ў сувязі з тым, што на мінулым тыдні на мінскім прадпрыемстве «Фауна горада», якое займаецца адловам і ўтрыманнем безнаглядных жывёл, праведзена масавае ўсыпленне сабак. Большасць жывёл былі здаровыя, прышчэпленыя і знаходзіліся пад пастаяннай апекай валанцёраў.

Паводле інфармацыі, кіраўніцтва прадпрыемства мае намер праводзіць падобныя ўсыпленні пастаянна. Жывёлы, якія да іх трапляюць, будуць утрымлівацца мінімальна ўстаноўлены тэрмін.

«У апошнія месяцы назіраецца сур’ёзнае пагаршэнне ўмоў утрымання жывёл, якія трапляюць на прадпрыемства. Кіраўніцтва «Фауны горада» абмяжоўвае доступ да жывёл валанцёраў, якія спрабуюць добраахвотна і за ўласныя сродкі палегчыць іх пакуты», — гаворыцца ў рэзалюцыі БПЗ.

Партыя патрабуе гуманізацыі прававой сістэмы адлову і ўтрымання безнаглядных жывёл. «Для гэтага адпаведныя службы павінны, перш за ўсё, як мага хутчэй быць выведзеныя з сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у сілу спецыфікі якой жывыя істоты разглядаюцца толькі як смецце, якое трэба знішчыць», — лічыць Новікаў.

Паводле яго слоў, БПЗ гатова распрацаваць праект такога закона і перадаць яго ў Палату прадстаўнікоў і цэнтр па заканатворчай дзейнасці пры Адміністрацыі прэзідэнта. «Я спадзяюся, што гэты законапраект будзе гатовы да восеньскай сесіі парламента», — сказаў Алег Новікаў.

Партыя «Зялёныя» таксама заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян забраць жывёл з прытулку «Фауна горада», каб забяспечыць ім нармальныя ўмовы існавання.

Каментаваць