Абдурванне ды іншыя дзівосы

Яўленне расійскага прэм’ера Уладзіміра Пуціна беларускаму грамадству, дакладней, уладнай яго частцы, з абяцаннямі шматмільярдных у доларавым вымярэнні выгод сталася, бадай, галоўнай падзеяй апошніх дзён. Калі, канешне, не лічыць імкненне шырокіх народных мас канвертаваць айчынныя грашовыя знакі ў больш надзейныя плацежныя сродкі.



Яўленне расійскага прэм’ера Уладзіміра Пуціна беларускаму грамадству, дакладней, уладнай яго частцы, з абяцаннямі шматмільярдных у доларавым вымярэнні выгод сталася, бадай, галоўнай падзеяй апошніх дзён. Калі, канешне, не лічыць імкненне шырокіх народных мас канвертаваць айчынныя грашовыя знакі ў больш надзейныя плацежныя сродкі.

Кіраўнік расійскага ўраду, відаць, прымусіў панервавацца сяго-таго ў вышэйшым беларускім кіраўніцтве, калі ажно на паўтары гадзіны спазніўся прыбыць у Мінск “з працоўным візітам 15 сакавіка дзеля ўдзелу ў пасяджэнні Саўміна “Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а таксама ў сустрэчы прэм’ер-міністраў краін-удзельніц Мытнага саюза (Беларусі, Расіі ды Казахстану). Справа ў тым, што ёсць досвед “кідалава ў апошні момант ініцыяваных кіраўніцтвам РФ вядомых інтэграцыйных праектаў з боку некаторых высокапастаўленых службовых асобаў, з-за якіх, напрыклад, у свой час узнікалі праблемы з падпісаннем дакументаў па стварэнні Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Дык хто ж мог даваць гарантыі, што і Пуціну ў апошні момант штосьці не стрэльне ў галаву? Але гэтым разам абышлося.

Аляксандр Лукашэнка гутарыў са сваім былым расійскім візаві замест планаваных сарака хвілінаў ажно дзве гадзіны. І гэта зразумела. Як сказаў за некалькі дзён да гэтага візіту кіраўнік Аналітычнага цэнтру “Стратэгія Леанід Заіка, “Лукашэнка і Мясніковіч будуць клянчыць у Пуціна грошы. І для такога меркавання эканаміста былі істотныя падставы, бо золатавалютныя рэзервы краіны за першыя два месяцы бягучага года скараціліся больш як на мільярд амерыканскіх долараў, а хуткіх крыніц паступлення баксаў ды іншых там еўра ў золатавалютныя рэзервы неяк не праглядалася.

Пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Уладзімір Пуцін як пра вырашанае пытанне заявіў пра зліццё Мінскага аўтамабільнага заводу з КАМАЗам. Вось толькі цікава, як гэта суадносіцца са зробленымі 19 лютага заявамі, што ўсе размовы пра аб’яднанне гэтых дзвюх прадпрыемстваў ёсць “чыстай вады інсінуацыяй і ўкідам, а ў Беларусі “нават не падступалі да гэтых пытанняў?

Таксама было афіцыйна паведамлена пра падпісанне расійска-беларускага міждзяржаўнага пагаднення аб будаўніцтве ў Беларусі атамнай электрастанцыі расійскай дзяржкарпарацыяй “Росатам. Тут зноў пытанні: Пуцін казаў, што існуе магчымасць (!) падпісання з Беларуссю крэдытнага пагаднення на 6 мільярдаў долараў на будаўніцтва атамнай станцыі. Але ж беларускія ўлады раней казалі пра 9 мільярдаў “зялёных. Праўда, расійскі прэм’ер агаварыўся, што можна дыскутаваць і магчымасць крэдытавання інфраструктуры АЭС, на што спатрэбіцца яшчэ тры мільярды долараў. Калі і хто гэта дыскутуе — не ўдакладняецца.

Дарэчы, Уладзімір Пуцін з усім сваім красамоўствам выдаў на гара, што “Беларусь абдурыла Расію ў частцы паставак прадукцыі. Як высветлілася, кіраўнік расійскага ўраду меў на ўвазе прыведзены ім жа факт, што расійскі экспарт у Беларусь вырас летась на 8%, а вось беларускі ў Расію — на 46%. Нават з гакам. Чамусьці толькі Пуцін забыўся ўзгадаць, што пры такім “абдурыла адмоўнае сальда для Беларусі ў гандлі з Расіяй склала 8242,1 мільёна долараў. Някепска, так?

Зноў жа Пуцін заявіў, што Расія бязмытава паставіць у Беларусь у 2011 годзе 21,6 мільёна тон нафты, і такім чынам эканоміка Беларусі будзе прасубсідавана на 4,3 мільярда долараў толькі за гэты год. А чаму расійскі прэм’ер не кажа пра так званыя прэміі расійскім нафтавым кампаніям, якія за кожную тону пастаўлянай у Беларусь нафты атрымліваюць ад нас прэмію — каля 45 долараў? Хіба гэта не схаваная экспартная пошліна? Закіды з боку беларускага кіраўніцтва аб прадстаўленні крэдытаў у памеры 3 мільярдаў долараў пакінем у баку, бо гэта асобная тэма для размовы.

Дарэчы, прэм’ер-міністру Расіі быў перададзены ліст сваякоў фігурантаў крымінальнай справы аб так званых “масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. 14 сакавіка сябры ініцыятывы “Вызваленне перадалі ў расійскае пасольства ліст да Пуціна, у якім заклікалі яго “распачаць рэальныя крокі, каб паспрыяць вызваленню беларускіх вязняў сумлення. “Сёння ўвесь свет, у тым ліку і Расія, асудзілі палітычнае свавольства і прававое бязмежжа, што ладзяцца беларускімі ўладамі, — гаварылася ў звароце сябраў ініцыятывы да расійскага прэм’ера. — 15 сакавіка вы маеце намер наведаць Мінск. У межах гэтага візіту не выключаная ваша сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Як палітычнага лідара вялікай краіны, мы заклікаем вас распачаць рэальныя крокі, каб паспрыяць вызваленню беларускіх вязняў сумлення. Сёння не толькі мы, іхнія змучаныя сваякі, але і ўвесь свет з надзеяй глядзіць на вас як на чалавека, які можа спыніць зладжаную Лукашэнкам расправу над палітычнымі супернікамі і прымусіць яго паважаць элементарныя правы чалавека.

Як лічаць сваякі зняволеных палітыкаў, Пуцін можа ўмяшацца ў сітуацыю з мэтай “выратаваць жыцці людзей і пацвердзіць, што Расія — гэта сапраўды сяброўская нам дзяржава, якая не можа заставацца ў баку, калі ў Беларусі пануе свавольства і беззаконне.

Гледзячы па ўсім, ці то Пуцін не чытаў гэты ліст, ці то ён быў запозна перададзены кіраўніку расійскага ўраду, але відочнай рэакцыі на зварот пакуль не заўважна. Як мяркуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, Пуціна найперш хвалююць не лёсы людзей, а расійскія крэдыты ды прывабныя праекты.

А тым часам просты абывацель зноў штурмуе абменнікі. І хоць Нацбанк абвяргае ўсе чуткі пра магчымую аднамомантную дэвальвацыю, электарат больш схільны верыць уласнай інтуіцыі, таму і заўважныя апошнімі днямі чэргі для акенцаў абменных пунктаў з тых, хто хоча набыць еўрыкі ці баксікі. Толькі не ўсім шанцуе, таму можна пажадаць грамадзянам, прагным да еўра-амерыканскіх разліковых білетаў, удачы ў справе хоць неяк забяспечыць сваю фінансавую будучыню.
 

Каментаваць