Абмяркуем праект узнаўлення гістарычнага цэнтру Мінска

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч заклікаў грамадскасць паўдзельнічаць у грамадскім абмеркаванні «Унясенне зменаў у горадабудаўнічы праект дэтальнага планіравання рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і добраўпарадкавання Гістарычнага цэнтру горада Мінска».



Грамадскае абмеркаванне праводзіцца з 5 па 20 студзеня адміністрацыяй Цэнтральнага раёна сталіцы. З матэрыяламі праекта можна азнаёміцца і пакінуць свае пісьмовыя заўвагі ў холе трэцяга паверха каля ўваходу ў актавую залу адміністрацыі ў будынку па вуліца Мельнікайтэ, 6. Пісьмовыя заўвагі і прапановы можна накіраваць і па пошце па адрасу: 220004, Адміністрацыя Цэнтральнага раёна сталіцы, вул. Мельнікайтэ, 6, г. Мінск, з пазнакай «Па пытанні грамадскага абмеркавання праекта дэтальнага планіравання Гістарычнага цэнтра Мінска».

Астаповіч заклікае ўсіх, каму неабыякавы лёс айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны і лёс сталіцы, азнаёміцца з праектнай дакументацыяй і даслаць, адпаведна вызначанай працэдуры, заўвагі і прапановы ў пісьмовым выглядзе на пазначаны адрас. Са свайго боку таварыства будзе дамагацца публічнай сесіі абмеркавання і паведамляць пра недахопы праекта ў плане яго неадпаведнасці дзеючым нарматыўна-прававым, тэхнічным і метадычным дакументам.

Адначасова старшыня грамадскага аб’яднання выказаў заклапочанасць, што такі горадабудаўнічы дакумент, які мае вялікую важнасць не толькі для сталіцы, але і для ўсёй дзяржавы, абмяркоўваецца на ўзроўні раённай адміністрацыі, без запрашэння для ўдзелу ў абмеркаванні спецыялістаў у галіне гісторыка-культурнай спадчыны, прадстаўнікоў профільных грамадскіх аб’яднанняў і творчых саюзаў.

Такое грамадскае абмеркаванне Астаповіч расцэньвае як фармальную працэдуру для зацвярджэння горадабудаўнічага дакумента, які легітымізуе ўжо зробленыя парушэнні нарматыўна-прававых, тэхнічных і метадычных дакументаў пры правядзенні прац у Гістарычным цэнтры Мінска, што прывядзе да страты ўсіх якасных характарыстык гэтай комплекснай нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Каментаваць