«Абуральны выпадак міліцэйскага свавольства»

Смерць Ігара Барбашынскага ў Жодзіна, пра акалічнасці якой мы яшчэ будзем паведамляць нашым чатачам, прыцягнула ўвагу ўвогуле да справы братоў Барбашынскіх. Доктар юрыдычных навук Міхаіл Пустухоў лічыць яе «абуральным выпадкам міліцэйскага свавольства».

Прыводзім каментар экс-суддзі Канстытуцыйнага суда, Заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь цалкам:

 “Выпадак братоў Барбашынскіх і іх справа абуральны выпадак міліцэйскага самавольства.

Работнікі міліцыі без усялякіх падстаў чапляюцца да грамадзян з мэтай паляпшэння паказчыкаў работы «органаў» і папаўнення дзяржаўнай казны за кошт спагнання штрафаў.

Асаблівасць выпадку ў тым, што затрыманыя аказалі супрацьдзеянне незаконным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі. У выніку выйшла сурёзная бойка, якая дрэнна скончылася для братоў Барбашынскіх. Мяркуючы па ўсім, яны раззлавалі «вартавых парадку». Невыпадкова тыя зладзілі ім у міліцэйскай машыне «газавую камеру».

Далей было «звядзенне рахункаў» са свавольнымі братамі. У адказ на іх заявы аб прыцягненні працаўнікоў міліцыі да крымінальнай адказнасці, тыя вырашылі пакараць па самых строгіх мерках па частцы 2 ст.363 КК («Супраціў працаўніку міліцыі...»).

Гэты сцэнар мог быць цалкам рэалізаваны пры падтрымцы пракурора — дзяржаўнага абвінаваўцы. Трэба аддаць належнае адвакату, якая даказала ў судзе, што справа «шытая белымі ніткамі», і дамаглася правядзення дадатковых медыцынскіх экспертыз. Па сутнасці, справа развалілася, і братоў павінны былі апраўдаць. Ва ўсялякім выпадку, суддзя павінна была вызваліць іх з-пад варты ў залі суда, бо заставалася толькі дачакацца вынікаў экспертызы.

Замест такіх чаканых па законе дзеянняў братоў пакінулі ў турэмных камерах. І сэрца аднаго з іх, 37-гадовага Ігара Барбашынскага, не вытрымала.

Вядома, адміністрацыя Жодзінскага СІЗА «адпіша» па факце смерці маладога мужчыны, маёра запасу, які нічым да гэтага сур’ёзна не хварэў. Магчыма, і суд прасякнецца спачуваннем да другога брата і абмяжуецца мінімальным пакараннем за нібыта аказаны ім супраціў «гасударавым людзям».

Яшчэ раз падкрэслю: факт абуральны. У ім у наяўнасці грубае парушэнне нормаў Закона «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь» ад 17 ліпеня 2007 года. І, перш за ўсё, прынцыпу законнасці і павагі правоў і свабод грамадзян. На мой погляд, «героі» гэтай гісторыі работнікі міліцыі дапусцілі злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (арт. 424 КК) і павінны панесці заслужанае пакаранне. Смерць Ігара Барбашынскага на іх сумленні. Як абцяжарваючая віну акалічнасць. Калі б не было іх незаконных дзеянняў браты маглі б пажываць ды жыццё смакаваць.

Я расцэньваю гэты выпадак як ганьбу не толькі слуцкай, але і ўсёй беларускай міліцыі. Даўно ўжо трэба яе рэфармаваць і зрабіць якасна новай, з іншым кадравым складам і іншым прызначэннем”.

 

Абмеркаванне:

  • Ядвига
  • 2016-09-24 13:26:17
А что можно думать,если это творится сплошь и рядом по всей Белоруссии....и попробуй докажи,что ты прав,даже если ты и прав.Действия милиции застрахованы законами нашего государства.Попробуй и противоречить или правду доказать,не только в тюрьму попадёшь,но и в психушку отправят ,совершенно адекватного человека.Это не только в милицейских стенах творится.Беспредел творят чиновники в любом государственном учреждении....И всё подстраховано законом или повернут так,что этот закон ,будет работать против невинного человека...А где найти правду,если у нас слово правды скажешь,потом за это тебя просто сотрут с лица земли Белорусской....УСЁ РОБIЦЦА НА БЛАГА НАРОДА ....?

Каментаваць