Абвешчаны збор подпісаў за ўсталяванне помніка героям Слуцкага збройнага чыну

26 лістапада будзе распачаты збор подпісаў за ўсталяванне ў Слуцку помніка героям Слуцкага збройнага чыну. Ініцыятар — сябра Рады Руху «За Свабоду» Аліна Нагорная.


Ілюстрацыйнае фота

«З часоў Слуцкага збройнага чыну прайшло амаль 100 год. Гэта добры прыклад мужнасці беларускага народу, калі беларусы былі вымушаныя змагацца за сваю незалежнасць, варта пра гэта памятаць», — пракаментавала сайту Pyx.by экс-кандыдат у дэпутаты ў Слуцку Аліна Нагорная.

Яна адзначыла, што збор подпісаў распачнецца заўтра на акцыі да гадавіны паўстання, і будзе доўжыцца па ўсёй Беларусі некалькі месяцаў. Пасля гэтага подпісы будуць перададзеныя ў райвыканкам.

Нагорная прапануе далучыцца да акцыі ўсім ахвотным: трэба раздрукаваць падпісны ліст і сабраць подпісы ў неабыякавых грамадзянаў. Яна просіць запоўненыя паперы перапраўляць ёй, каб перадаць усе подпісы адначасова

«У лістападзе і снежні 1920 года Слуцкія паўстанцы змагаліся за усталяванне і прызнанне Беларускай Народнай Рэспублікі. Мы, беларускія грамадзяне, патрабуем усталяваць у Слуцку помнік нацыянальным героям, абаронцам незалежнасці Беларусі», — адзначаюць аўтары ініцыятывы.

Яны прапануюць усталяваць помнік па адрасе вул. Леніна 171, насупраць Слуцкага краязнаўчага музею, былога дома Эдварда Вайніловіча, дзе 27 лістапада 1920 году быў абвешчаны Слуцкі Збройны Чын. Назва помніка павінная быць: «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».

Нагадаем, што ў гэтым годзе акцыя да Слуцкага збройнага чыну пройдзе 26 лістапада. Яна дазволеная ўладамі. Заяўнікамі акцыі ў Слуцку сталі старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, кіраўнік Мінскай абласной суполкі Руху Віталь Амяльковіч і намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў.

Вольга Быкоўская



Каментаваць