Абыякавасць — галоўная праблема адукацыі

Праект новага Кодэкса аб адукацыі — адзін з самых спрэчных дзяржаўных дакументаў апошняга часу. Незалежныя эксперты лічаць, што ён не ў стане вырашыць асноўныя праблемы сферы адукацыі ў нашай краіне.


У гэтым годзе люты адметны тым, што розныя грамадскія ды палітычныя арганізацыі — ад АГП да БХД — ладзяць свае абмеркаванні праекту новага Кодэкса аб адукацыі. На гэтыя сустрэчы збіраюцца самыя розныя эксперты, але ж высновы, да якіх яны прыходзяць, — прыблізна аднолькавыя. А менавіта: у сваім цяперашнім выглядзе кодэкс, калі ён будзе прыняты, не зменіць агульную сітуацыю з адукацыяй — хаця б таму, што яна адлюстроўвае агульны гаротны стан грамадства. Інакш кажучы, беларуская адукацыя пакутуе на тыя ж хваробы, што і ўся Беларусь — гэта адсутнасць ініцыятывы, адвечны недахоп грошай і пры тым — нежаданне, негатоўнасць нешта змяняць вакол сябе і змяняцца самой.


Агульная бяда — абыякавасць

Па сутнасці, усе эксперты рознымі словамі апісваюць адну і тую ж праблему беларускай адукацыі — абыякавасць. Так, экс-прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў канстатуе, што школьнікі папросту не зацікаўленыя ў атрыманні адукацыі: «Яны сядзяць на ўроках, і ім усё абыякава. Мне ўжо ў 2000 годзе скардзіліся, што ў ВНУ прыходзяць усё больш слабыя выпускнікі школ. У 1990-х было лепш — дзеці ўсё ж такі з цікавасцю ставіліся да вучобы».

Па-свойму тлумачыць абыякавасць школьнікаў лідарка маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч, якая сама працавала настаўніцай беларускай мовы ў школе. Па яе словах, праблема не ў тым, што дзеці не зацікаўленыя, а ў тым, што ў педынстытуты ідуць нематываваныя маладыя людзі, і такія ж атрымліваюцца настаўнікі. Няма зацікаўленасці ў настаўнікаў (ім абыякавы вынік) — няма яе і ў школьнікаў. У настаўнікі ідуць тыя, хто не збіраецца далей працаваць настаўнікам пасля двухгадовай адпрацоўкі, але ў каго бракуе здольнасцяў паступіць кудысьці яшчэ.

Анатоль Паўлаў з гэтым цалкам згодны і ўказвае на нізкія заробкі ў галіне як адукацыі, так і навукі: «Ацэнка працы педагога (яго сённяшні заробак) — гэта бомба, закладзеная пад нашу дзяржаву. Вось прыклад з жыцця. Два вучні пайшлі ў першы клас — адзін вучыўся, другі ў носе калупаў. Пасля школы першы скончыў ВНУ, стаў навукоўцам. Другі пайшоў служыць у АМАП. У выніку сёння гэты навуковец атрымлівае 370 рублёў, а амапавец — 800. Які стымул вучыцца?» 

Па яго словах, уся матывацыя педагогаў сярэдняй школы — гэта, у большасці сваёй, жанчыны сярэдніх гадоў і старэйшага веку, — два месяцы летняга адпачынку. «Гэта не мае словы, гэта самі школьныя настаўнікі мне кажуць — маўляў, праца такая, што можна ўлетку два месяцы на дачы капацца, а сысці ўсё роўна няма куды», — рэзюмуе Паўлаў.

На абыякавасць — з боку ўжо студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ — указвае і выкладчык Інстытута замежных моваў Вячаслаў Бабровіч. «Нічога не змянілася за апошнія 10–15 гадоў. Ідзе дэвальвацыя дыпломаў. Куды ні плюнь — патрапіш у чалавека з дыпломам, але з сумнеўнай якасцю адукацыі. У студэнта не пытаюць яго меркаванне аб выкладчыках, лічаць, што ён не здольны даць ацэнку. Не арыентуецца сістэма ні на студэнта, ні на выкладчыка. І выкладчыкі дэградуюць — яны арыентуюцца на ўзровень студэнтаў, які ўсё зніжаецца», — гаворыць Бабровіч.

Па яго словах, інстытуцкія выкладчыкі не абураюцца тым, што адбываецца, бо апошнія дзесяцігоддзі праводзілася палітыка іх атамізавання. «Мы адзін з адным не маем зносінаў. Мы нават Новы год перасталі разам адзначаць. Няма магчымасці нешта абгаварыць, прапанаваць, — канстатуе Бабровіч. — Пытанне акадэмічных свабодаў і каштоўнасцяў варта было б вылучаць ад самага пачатку. Але сёння ўсё наадварот: ВНУ Беларусі пабудаваныя па мадэлі дзяржавы — як удзельнае княства. Рэктар паводзіць сябе як феадал».

Вынік усеагульнай абыякавасці відавочны: па словах прафесара Уладзіміра Дунаева (былы першы прарэктар ЕГУ, а цяпер — старшыня незалежнага беларускага Балонскага камітэта), сёння Беларусь — чэмпіён рэгіёна па дэфіцыце кампетэнцыяў у выпускнікоў ВНУ. Сістэма адукацыі не арыентаваная на рынак працы. Як сведчаць супрацоўнікі кадравых агенцтваў, толькі ў 7% учорашніх студэнтаў веды і навыкі адпавядаюць патрабаванням працадаўцаў. Пры гэтым Беларусь — амаль чэмпіён свету па даступнасці вышэйшай адукацыі. «У нас абсалютна неверагодная колькасць моладзі трапляе ў вышэйшую школу. Цяпер толькі трохі менш стала, з-за дэмаграфічных праблем. Але ўсё роўна, згодна са статыстыкай, 95% выпускнікоў школ паступае ў ВНУ і ССУЗы, — кажа Дунаеў. — Гэта фантастычны паказчык! Зразумела, што пры такой масавасці немагчыма забяспечыць дастатковую якасць адукацыі».

Што памяняе новы Кодэкс?

З тым, што праект новага Кодэкса аб адукацыі недасканалы, згодныя ўсе эксперты, з якімі давялося размаўляць журналісту «Новага Часу». Больш таго, паводле іх меркавання, прынятыя некалі раней дакументы былі больш арыентаваныя на развіццё адукацыі, чым новы кодэкс. «Не трэба пісаць новы кодэкс, трэба вярнуцца да Закона аб адукацыі 1991 або 2000 гадоў. Кодэкс у новым выглядзе проста не патрэбны, у ім не прапісаныя найважнейшыя рэчы. Затое паказана, як размяркоўваюцца тэпцікі ў інтэрнаце. У кодэксе гаворыцца, што ўсю палітыку адукацыі вызначае прэзідэнт, а парламент у кодэксе нават не згадваецца», — апісаў сітуацыю Уладзімір Дунаеў.

«Ва ўсім свеце адукацыя імкнецца да свецкасці, а наша адукацыя імкнецца вярнуцца да савецкасці. І паводзіны новага міністра адукацыі таксама аб гэтым сведчаць, — упэўненая Марына Хоміч. — У сённяшніх умовах, калі законы не дзейнічаюць, нават самы ідэальна напісаны кодэкс нічога не зменіць. І наогул, хто з настаўнікаў рэальна чытаў Кодэкс аб адукацыі?»

Згодзен з вызначальнай роляй «чалавечага фактару» і Анатоль Паўлаў: «Дакумент — кодэкс — можа быць выдатным, але выконваюць яго людзі. Гэта нашы чыноўнікі. Што трэба зрабіць? Выканаць тое, што прымалася раней. Яшчэ ў 1991 годзе ў Законе аб адукацыі выразна прывязвалася зарплата выкладчыка да сярэдняй зарплаты па прамысловасці. А выдаткі краіны на адукацыю павінны былі складаць 10% ад ВУП. Але гэта ніколі не выконвалася. Калі я не ўбачу, што фінансаванне сістэмы адукацыі, як і заробкаў выкладчыкаў, павялічылася ў тры разы — значыць, прыняцце новага кодэксу не мае сэнсу».

У сваю чаргу, Уладзімір Дунаеў нагадвае: змены ў Кодэкс аб адукацыі важныя тым, што прапісваюць уваходжанне Беларусі ў Балонскі працэс. А гэта сёння адзіная ўзгодненая з Еўропай праграма рэформаў. «Гэта вельмі добры дакумент, у ім 7 раздзелаў. І ён датычыцца не толькі Міністэрства адукацыі. Ёсць прасоўванне ў частцы кампетэнтнаснага падыходу, — растлумачвае Дунаев. — Але праблема ў тым, што нашы законы — не прамога дзеяння, яны спасылаюцца на падзаконныя акты і на распараджэнні прэзідэнта. Такая беззмястоўнасць Кодэкса аб адукацыі абясцэньвае яго. Каб выкладчык не баяўся начальству слова сказаць, ёсць толькі адзін міжнародна прызнаны сродак — пажыццёвы кантракт. Але ў нас такога і блізка няма, у нас кантракт падпісваецца на год або на два. У Кодэксе аб адукацыі таксама і слова няма аб тым, каб спыніць гэта».

Як паказвае кіраўнік незалежнага беларускага Балонскага камітэта, у нейкі момант найноўшай гісторыі Беларусі фінансаванне адукацыі складала 6,2% ВУП, але з тых часоў гэтая лічба не дасягалася ні разу. Хоць 10% — гэта нармальная міжнародная норма выдаткаў. Хай нават далёка не ўсе краіны Еўропы гэта выконваюць, але ў іх і агульны аб’ём ВУП прынцыпова іншы.

Акрамя ўласна фінансавання ёсць яшчэ пытанне нерацыянальнага выдаткоўвання сродкаў. Напрыклад, у сярэдняй школе Беларусі ў два разы больш настаўнікаў, чым патрабуецца па еўрапейскіх нормах. Пры гэтым калі раней, напрыклад, у Мінску было па 20 чалавек у класе, то зараз — па 35. Але адначасова ў вёсках дастаткова некамплектных школаў, якія нельга зачыніць. Аднак і ў іх настаўнікі занятыя — калі не выкладаннем, то запаўненнем бясконцых папераў.

Галоўная выснова: ніякі кодэкс сам па сабе не здольны памяняць абыякавае стаўленне з боку ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Па-іншаму паставіцца да адукацыі павінна першым чынам грамадства — і прымусіць дзяржаву змяніць сваё стаўленне.



Каментаваць