Абылася VI агульнанацыяльная дыктоўка

Увечары 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, на сталічнай сядзібе ТБМ пісалі VI агульнанацыянальную дыктоўку па беларускай мове.



Фота Марата Гаравога


Першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання Алена Анісім чытала тэкст “Максімава зязюля”, падрыхтаваны доктарам філалагічных навук Міхасём Тычынам паводле класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага (18.02.1893, вёска Малая Багацькаўка, Мсціслаўскі павет, Магілёўская губерэрнія —10.02.1938, Вязьма), 120-годдзе з дня нараджэння каторага адзначалася 18 лютага. Дарэчы. да гэтай даты ТБМ выдала адпаведную памятную паштоўку, а 22 лютага праводзіць на сваёй сядзібе сустрэчу з акадэмікам Радзімам Гарэцкім — пляменнікам Максіма Гарэцкага.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў павіншаваў усіх са святам і адзначыў, што грамадскае аб’яднанне шосты год прымае ўдзел у дыктоўцы, ініцыятарам каторай з’яўляецца актывіст ТБМ, кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Падгол. Паводле словаў Трусава, з кожным годам колькасць удзельнікаў дыктоўкі расце. У гэтым годзе дыктоўка пачалася 2 лютага ў сувязі з адзначэннем 150-годдзя нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў і 175-годдзя з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага, сказаў старшыня ТБМ. Паводле ягоных слоў, дыктоўкі пішуць у шматлікіх гарадах і вёсках Беларусі. “Дыктоўкі ўжо напісалі сябры Завадской раённай рады ТБМ ў Мінску, ў Баранавічах, Бабруйску і Лідзе, заўтра будуць пісаць  у Гомелі”, — паведаміў Трусаў.

Ён нагадаў, што 15 сакавіка — у дзень прыняцця першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — удзельнікам дыктоўкі будзе прапанаваны тэкст, падрыхтаваны беларускамоўнымі святарамі Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы і прысвечаны старажытнабеларускаму асветніку Кірылу Тураўскаму, а 25 сакавіка — ў 95-я ўгодкі БНР — паводле Кастуся Каліноўскага.

Алена Анісім выказала ўдзельнікам дыктоўкі вялікую ўдзячнасць за тое, што “вы здзейснілі сапраўдны грамадзянскі чын і выказалі свае паважлівыя адносіны да роднай мовы, а таксама пашану да тых выбітных асоб айчыннай гісторыі, каторыя зрабілі свой ўнёсак у развіццё беларускай мовы”.   

Каментаваць