Ахоўная зона Курапатаў незаконна скарачаецца

Незаконна скарачаецца ахоўная зона Курапатаў, пра гэта гаворыцца ў скарзе грамадскасці ад 14 сакавіка на імя міністра культуры Барыса Святлова.



Аўтары ліста — прадстаўнікі грамадскасці, у тым ліку Вацлаў Арэшка, Валянціна Вяргей, Вінцук Вячорка, Аляксандр Макаў, Вацлаў Нямковіч і Валянціна Свяцкая, накіравалі скаргу таму, што палічылі нездавальняючым адказ чыноўнікаў на свой пісьмовы зварот да Барыса Святлова ад 11 лютага.

У скарзе, між іншым, нагадваецца, што згодна п. 3 арт. 29 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, без устанаўлення і нанясення ўстаноўленых зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў (далей — каштоўнасцяў) забараняецца распрацоўка горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі, а таксама іншай праектнай дакументацыі, рэалізацыя якой можа аказаць уздзеянне на каштоўнасці.

Згодна п. 2 арт. 29 гэтага ж закона, зоны аховы каштоўнасці, рэжымы іх утрымання і выкарыстання вызначаюцца праектам зонаў аховы, які распрацоўваецца для каштоўнасці і зацвярджаецца Міністэрствам культуры. Прычым такі праект распрацоўваецца за кошт сродкаў уласніка (уладальніка) каштоўнасці або ўладальніка зямельнага ўчастку, на якім размешчаны помнік археалогіі, а таксама іншых крыніц фінансавання, не забароненых заканадаўствам Беларусі. Сам парадак распрацоўкі праектаў зонаў аховы каштоўнасцяў вызначаецца Міністэрствам культуры.

На працягу больш як 20 гадоў для каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты” не распрацаваны і не зацверджаны Міністэрствам культуры праект зонаў аховы гэтага выбітнага помніка трагедыі беларускага народу, падкрэсліваецца ў скарзе.

Яе падпісанты зазначаюць, што згодна адказу з Міністэрства культуры ад 6 сакавіка,  абавязак па распрацоўцы праекту зонаў аховы Курапатаў ускладзены на суб’екты гаспадарання, якія ў сваіх інтарэсах плануюць і ўзводзяць аб’екты гаспадарчага прызначэння на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны каштоўнасці, устаноўленай часоваю схемаю зонаў аховы Курапатаў, зацверджанаю пастановай Міністэрства культуры № 15 ад 12 мая 2004 г.

Пра такі падыход да распрацоўкі праекту зонаў аховы Курапатаў сведчыць прыклад будаўніцтва аб’екту прыдарожнага сервісу на 51-м кіламетры МКАД. Другім такім прыкладам можа стаць праектаванне і будаўніцтва Міжнароднага выставачнага цэнтру, бо ўжо адпрацаваны адваротны прадугледжанаму законам алгарытм дзеянняў: спачатку рыхтуецца праект дэталёвага планавання тэрыторыі, а ў залежнасці ад яго — праект зонаў аховы Курапатаў.  

У выніку такіх дзеянняў неапраўдана і насуперак закону няўхільна скарачаецца ахоўная зона Курапатаў, гаворыцца ў скарзе.

Яе аўтары лічаць, што захады Міністэрства культуры і Генеральнай пракуратуры ў сувязі з незаконным узвядзеннем ў ахоўнай зоне Курапатаў 4 дамкоў аб’екту прыдарожнага сервісу на 51-м кіламетры МКАД (прадпісанне Міністэрства культуры Мінскаму аблвыканкаму і СТАА “БелРэстІнвест” ад 30 кастрычніка 2012 г. № 11-02-02/018 і прадстаўленне Генеральнай пракуратуры Мінаблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 г. № 0703-05д-18745 “Аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай каштоўнасці, прычын і ўмоў, якія ім спрыяюць”) свядома не выконваюцца адпаведнымі структурамі.

На меркаванне падпісантаў скаргі, Міністэрства культуры ў межах сваёй кампетэнцыі не выконвае абавязак дзяржаўнай структуры па ахове Курапатаў.

Такі падыход Міністэрства культуры не адпавядае абавязку дзяржавы клапаціцца аб захаванні спадчыны і замінае рэалізацыі правоў і абавязкаў грамадзян, іх аб’яднанняў берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці (арт. 54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), зазначаецца ў лісце.

Ягоныя аўтара выказалі спадзяванне “на поўнае, аб’ектыўнае і законнае вырашэнне ўсіх пытанняў”, выкладзеных у пісьмовым звароце ад 11 лютага, і нагадалі аб сваім праве на судовую абарону.

Каментаваць