Ахвяра ГУЛАГу не можа вярнуць родную хату

"Звестак пра тое, кім і калі ўпершыню быў зарэгістраваны дом №3 па вуліцы Кальцавой у вёсцы Чыжоўка Мінскага раёна, у Папярнянскім сельвыканкаме няма”, — паведамілі Зінаідзе Тарасевіч чыноўнікі.



Хата дзядулі і бабулі Зінаіды Тарасевіч — дом №3 па вуліцы Кальцавой у вёсцы Чыжоўка Мінскага раёна. Ад пабудаванай у 1929 годзе хаты гэты дом адрозніваецца толькі тым, што напрыканцы 1980-х гадоў быў абкладзены сілікатнай цэглай.


З 1945 года былыя вязні ГУЛАГу не могуць вярнуць сваю ўласную хату ў вёсцы Чыжоўка Папярнянскага сельсавета Мінскага раёна. Пра гэта НЧ паведаміла старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, яна таксама спрабавала вярнуць родную хату. Вось, што распавяла жанчына:

— Мае продкі — дзядуля Іван і бабуля Настасся жылі ў засценку Чыжоўка, дзе было ўсяго тры хаты. Жылі, як спрадвеку — нараджаліся, жаніліся, дзяцей гадавалі, хаты будавалі, аралі, баранавалі, сеялі, жывёлу даглядалі, у Мінск на конях ездзілі або пешшу дабіраліся, каб прадаць здабытыя потам прадукты і купіць запалкі, соль і прамысловыя вырабы. Купяць — і хутчэй, шчаслівыя, дахаты, змучыўшыся ў горадзе. Лічылі, што ў горадзе людзям цяжка жыць, бо нічога свайго няма, а ў вёсцы і прыгожа навокал, і жывёлы шмат, і заўсёды пад’еўшыя. Дзядуля і бабуля нарадзілі 12 дзяцей і выгадавалі 10. Каб мець столькі дзяцей і жыць годна — трэба быць заможным і шмат працаваць — ад цямна да цямна. Працавалі ўсе змалку.

Падраслі дзеці. Глядзіць дзед — хата ўжо старая стала ды цесная. Хату ж гэту будаваў яшчэ цесць. І тады дзед надумаў пабудаваць новую вялікую хату, якая стане галоўнай прычынай страшэннай пагібелі ягонай сям’і — у цяжкіх муках і не ў роднай хаце. У 1927 годзе дзед развёў вялікую будоўлю. Валіў свой лес, вазіў на сваіх конях бярвёны, што зберагаў на новую хату. Трэба вызначыць, у якім месцы будаваць. Бегае дзед па агародзе, разгубіўся (мусіць, нешта нядобрае прарочыла яго душа) і ніяк не можа адважыцца. Тады бабуля пайшла выручаць дзеда. Узяла з рук яго сякеру ды калкі і праз некалькі крокаў забіла першы калок, за ім другі, трэці... Каб узвесці гэткую вялізную хату два гады наймалі двух рабочых, бо сваіх сілаў не хапала. Іх добра кармілі, плацілі грошы.

Стараўся дзед, але выбіваў свае сілы дарэмна. Урэшце, ягоная душа, мабыць, не пагадзілася, і ў 1929 годзе, робячы страху, зваліўся дзядуля зверху і моцна пабіўся. Адразу захварэў — мусіць, адбіў нутро. Неўзабаве, на пачатку лістапада 1928-га, дзеда не стала. Хату дабудоўвала бабуля і ейныя дзеці. Позна ўвосень 1929 года ўвайшлі яны ў новую прыгожую вялікую хату — апошнюю ўласную ў сваім кароткім жыцці. Наступіў 1930 год — трагічны для маёй 55-гадовай бабулі Настассі Паўлаўны Зенчык, яе дзяцей Уладзіміра, Антаніны, Івана, Кацярыны, Таццяны (маёй будучай маці), Вікенція, Веры і Паўла, а таксама нявесткі Веры і ўнучкі Алены.

Трагедыя прыйшла ўначы з 3 на 4 сакавіка 1930 года. Познім вечарам, як усе палеглі спаць, раптам забрахалі сабакі і пачуўся крык “Открывай!”. Увайшло чалавек дваццаць ці больш. Сярод камсамольцаў з навакольных вёсак быў адзін — самы старэйшы. Ён кінуўся да бабулі з паперамі: “Подписывайся, что добровольно едешь на высылку!”. Бабуля лямантуе: “Куды вы мяне забіраеце з малымі дзецьмі? Пішыце мяне ў калгас”. “Ты чуждый элемент в колхозе!” — крычыць старэйшы і кідаецца да бабулі. Яна гэтых слоў не разумела, у адказ атрымала непрыстойную лаянку і загад: “Подписывайся, сука!”. Бабуля паставіла крыжык на месцы подпісу і тым самым засведчыла, што добраахвотна едзе на смерць, — паставіла крыж на сабе і сваіх дзетках.

І пайшлі яны, як 11 “ворагаў народу”, у выгнанне, каб больш ніколі не вярнуцца ў сваю хату. Першую ноч правялі ў мінскай турме на вуліцы імя Валадарскага, затым іх павялі на вакзал, пагрузілі ў “цялятнікі” і павезлі цягніком ў далёкі Вялікі Усцюг, восенню баржамі па рэках на поўнач — у Верхнятоймскі раён Архангельскай вобласці. За 98 кіламетраў ад райцэнтру ў лесе высадзілі, далі пілы, сякеры і загадалі будаваць баракі. Да зімы сяк-так збудавалі адзін з шасці пасёлкаў Охтамы — чацвёрты. На высылцы пашыраліся могілкі. Ад голаду і холаду пачалося выміранне народу. Хавалі без трунаў.

Так, яшчэ задоўга да вайны ў маёй маці Таццяны Зенчык загінулі ў Охтаме ўсе сваякі. І тады яна ідзе на рызыку — каб нарадзіць дзіця, сыйшлася з гулагаўцам — беларусам Антонам Тарасевічам з вёскі Ванікоўшчына Мінскага раёна, які таксама застаўся адзіны са сваёй сям’і. Вось так у 1937 годзе я нарадзілася ў ГУЛАГу на Божы свет, каб распавесці нашчадкам пра Охтаму і пра трагедыю сваякоў.

Не было ні пялёнак, ні якой анучкі. Выручылі ватоўка майго дзядзькі Паўла, які пакутаваў у Варкуце, і ватоўка бацькі: з іх мама пашыла коўдру, каб было ў што закруціць дзіця. На адной з лесабазаў маё цела стала пакрывацца струпамі, ужо не магла сядзець. У маці пачалося ўдушша. І тады мама кідае мяне ў мяшок з дзіркай, каб не задыхнулася, мяшок на плечы і без дазволу — на Охтаму. Ад пакарання выратавала вайна — у камендатуры пачаўся перапалох і было не да нас. Падчас вайны энкавэдысты трохі прыціхлі, стала лягчэй — хоць голад, але менш жаху. Я паціху ела печку. Аб’еўшы комін, ела сцены. Паслюняўлю пальчык, намачу і выскобліваю ногцікам гліну. Вельмі  смачна было, асабліва — пах гліны. Вялікія дзіркі праела…

Бацька пайшоў на фронт, ваяваў, быў цяжка паранены (страціў руку, прастрэленыя грудзі, асколкі ў галаве і нагах), стаў інвалідам, вярнуўся на радзіму, з цяжкасцю дабіўся дазволу на нашае вызваленне і вяртанне ў Беларусь. Дабіраліся да Бацькаўшчыны пакутліва і доўга — 23 дні — коньмі, пешшу, параходам і 16 сутак цягніком.

Зінаіда Тарасевіч (другая злева) у фае Мінскага гарадскога суду перад пачаткам працэсу ў абарону Курапатаў.  

Жылі мы ў сям’і бацькавага брата ў Мінску — пяцёра ў невялікім 12-метровым пакойчыку ў доме па вуліцы імя Шчорса. Я вучылася ў школе старанна. Урокі рабіла вечарам, стоячы на каленях каля венскага крэсла, на якім гарэла газнічка. У хаце электрычнасці не было. Спала пад сталом. Летам жылі ў хляўчыку. Маці пайшла ў Чыжоўку. З усіх пабудоў стаіць толькі адна нашая хата. У адным яе канцы — школа, у другім — жыве настаўніца. З просьбай вярнуць хату маці хадзіла ў сельсавет, аблана, у КДБ, па некалькі разоў звярталася. Прасіла, маліла Бога, а ў адказ толькі адно: “Не положено. Было ваше, стало наше”. Яшчэ і пастрашылі: “Будешь просить, поедешь туда, откуда приехала”. Так мая маці і не здолела вярнуць хату сваіх бацькоў.       

Пасля сыходу маці ў лепшы свет усе мае спробы завяршыць гэтую справу на пачатку 1990-х гадоў таксама не далі аніякага выніку. Паўсюды адказвалі, што я не маю права на нерухомасць, паколькі не з’яўляюся нашчадкам першай чаргі. Але мая бабуля і ейныя дзеці ўжо ў сырой зямлі і я адзіная з нашага роду засталася на белым свеце.

Калі ж нядаўна звярнулася у Папярнянскі сельвыканкам, дык даведалася, што наш дом падзелены на дзве кватэры, уласнікамі якіх з’яўляюцца невядомыя мне людзі. Таксама мне адказалі, што “звестак пра тое, кім і калі ўпершыню быў зарэгістраваны дом №3 па вуліцы Кальцавой у вёсцы Чыжоўка Мінскага раёна, у Папярнянскім сельвыканкаме няма”.   

Чаму так адбываецца? Чаму я не магу здзейсніць права на ўласнасць сваіх продкаў? Бо мала што змянілася на Бацькаўшчыне з часоў ГУЛАГу. Вось чаму я патрабую міжнароднага трыбуналу над бальшавізмам, які спрычыніўся да генацыду свайго народу і Другой сусветнай вайны. Я лічу, што масавае знішчэнне людзей у Савецкім Саюзе ў 1920–1950-я гады трэба назваць генацыдам, а не палітычнымі рэпрэсіямі. Бо не ворагамі народа былі каля 30 рэпрэсаваных маіх сваякоў, а працавітымі земляробамі і сапраўдным народам. А іх каты якраз і былі ворагамі народа. Апроч таго, я патрабую, каб сённяшняя беларуская дзяржава, якая з’яўляецца правапераемніцай БССР, пакаялася за генацыд беларускага народа, учынены ў 1920–1950-я гады. Я патрабую, каб бязвінным ахвярам сталінізму і іх нашчадкам вярнулі адабраную маёмасць і кампенсавалі ўсе пакуты, каб мы ўрэшце жылі па-людску. Спадзяюся, што мой расповед спрычыніцца да ўсталявання праўды і справядлівасці на зямлі Беларусі”.      

Каментаваць