Ад бунту галоднага — да бунту каштоўнасцяў

Цягам аднаго тыдня ў краіне адбылося некалькі знакавых акцый публічнага вулічнага пратэсту. Розных па сваіх мэтах, сутнасці, арганізацыі і першаснаму выніку.

(На здымку: Акцыя салідарнасці 26 кастрычніка)



Цягам аднаго тыдня ў краіне адбылося некалькі знакавых акцый публічнага вулічнага пратэсту. Розных па сваіх мэтах, сутнасці, арганізацыі і першаснаму выніку.

(На здымку: Акцыя салідарнасці 26 кастрычніка)


Галодны бунт

Стыхійны страйк у Барысаве прымусіў улады пайсці на саступкі. Прынамсі пратэстоўцам было паабяцана, што іх патрабаванне будзе выкананае. Работнікі барысаўскага ўнітарнага прадпрыемства «Жыллё» 24 і 25 кастрычніка не выйшлі на працу і не сталі вывозіць з двароў кантэйнеры са смеццем. Страйк абвясцілі на знак нязгоды з нізкімі зарплатамі. Сярэдні заробак работнікаў камунальнай службы складае 1–1,2 мільёны рублёў, некаторыя атрымліваюць па 600–700 тысяч.

Кіраўніцтва такі ўзровень заробкаў тлумачыць тым, што рост тарыфаў на камунальныя паслугі стрымліваецца, а таму і аплата камунальнікаў стаіць на месцы, піша барысаўскі сайт ex-press.by.

Пасля двухдзённага страйку, візіту на прадпрыемства прадстаўнікоў Барысаўскага райвыканкама рабочым паабяцалі падвысіць зарплату на 20 працэнтаў. Гэта пратэстоўцаў пакуль задаволіла. Паказальна, што публічны і масавы (страйкаваў не адзін чалавек, а калектыў прадпрыемства) пратэст арганізаваўся стыхійна, без удзелу апазіцыйных лідараў. Канешне, вялікае пытанне, што застанецца ў сухім астатку — нельга выключаць той факт, што саступкі будуць часовымі, што зачыншчыкаў вылічаць і ўціхую звольняць. Але «каўбасны бунт» — акурат тая дзея, якой улада насамрэч і баяцца.

Істотна і тое, што падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў міліцыя затрымала журналіста барысаўскага інфармацыйнага рэсурсу ex-press.by Аляксандра Зянкова. «Мясцовыя ўлады не хочуць, каб падзеі са страйкаў асвятляліся ў любым выглядзе, бо гэта можа справакаваць хвалю пратэстаў па ўсёй краіне», — гаворыць журналіст Зянкоў. Грамадства ў стане сухога пораху — збядненне правакуе агрэсію, і цяпер ніхто не ведае, што можа стаць дэтанатарам да сацыяльнага выбуху, той апошняй кропляй, якая выведзе на вуліцу работнікаў не аднаго, а дзясяткаў прадпрыемстваў.

Няўдалы нумар


Аднаго з арганізатараў народных сходаў, старшыню Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча ў Нацыянальным аэрапорце Мінск знялі з авіярэйсу і даставілі ў суд. Фядыніча аштрафавалі на 40 базавых велічыняў (1 млн. 400 тыс. рублёў).

Прафсаюзны лідар накіроўваўся ў Прагу на пасяджэнне цэнтральнага камітэту Міжнароднай федэрацыі металургаў. З нагоды затрымання Фядыніча федэрацыя выступіла з адмысловай заявай. Федэрацыя прадстаўляе інтарэсы 25 мільёнаў працаўнікоў з 200 прафсаюзных арганізацый у 100 краінах свету.

Да слова, арганізатары Народных сходаў і суполка «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» (ладзілі летам маўклівыя акцыі пратэсту) мяняюць фармат правядзення акцый: народныя сходы будуць склікаць у дварах, а маўклівыя акцыі трансфармуюцца ў форму фотаакцыяў. Стаўка на масавасць, сацыяльную актыўнасць людзей не апраўдалася. Ці мова, ці метады пакуль што не знайшлі актыўнага водгуку ў грамадстве. Бізун прэвентыўных рэпрэсій пакуль што аказаўся мацней.

Бунт каштоўнасцяў

Ад 21 кастрычніка прадстаўнікі ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» абвясцілі бестэрміновую вулічную акцыю ў падтрымку палітвязняў. Але вялікая праблема ў тым, што ні масавасці, ні яўных палітычных лідараў (што і не дзіва, бо турэмныя тэрміны зусім не прывідна прысутнічаюць поруч) на гэтых акцыях няма. Выходзяць адзінкі. Але і гэтых смелых, калі не сказаць адчайных людзей «пакуюць» на суткі.

Парадокс: у любой чарзе ў краме людзі клянуць уладу за сваё жабрацкае існаванне. Але мала хто звязвае дабрабыт, напоўненасць уласнай кішэні з правамі і свабодамі чалавека, з агульнай справядлівасцю палітычнай сістэмы. Людзі гатовы адстойваць свой апошні (відаць, толькі калі ён напраўду блізкі да апошняга) кавалак хлеба, але не каштоўнасці, выпрацаваныя заходняй цывілізацыяй стагоддзямі.

І таму нават спачуванне выклікае былы палітвязень Васіль Парфянкоў, які самотна стаіць на плошчы, без транспарантаў, партрэтаў. Магчыма, ён таксама баіцца, але стаіць у знак салідарнасці і падтрымкі са сваімі, даруйце, чытачы, за цынізм, «калегамі» — экс-кандыдатамі ў прэзідэнты, палітычнымі дзеячамі, актывістамі грамадскасці, што «чаляцца» па зонах за тое, што думаюць інакш, што змагаюцца за іншую Беларусь.

Але нават гэтыя адчайныя-адважныя адзіночкі — пагроза для ўладаў. Бо са сваім каштоўнасным пратэстам на вуліцу выйшаў адзін чалавек, заўтра — двое, а праз тыдзень — сто тысяч рабацяг з МАЗу пабачыць у гэтым магчымасць заявіць пра сваю незадаволенасць цэнамі і заробкамі не ў курылцы, а на плошчы ля Дому ўрада.

Катастрофы ў краіне няма

Што гаворыць наконт адзінак і тысяч незадаволеных сацыялогія? Паводле даследавання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), трэці квартал гэтага года быў багаты на падзеі, што паўплывалі на грамадскае меркаванне. «Гэта найбольш ёміста перадае змена афіцыйнай ацэнкі з «крызісу ў краіне няма», на «катастрофы ў краіне няма». Гэта значыць, факт наяўнасці ў краіне крызісу ўладай прызнаецца, проста казаць пра гэта не прынята. Праехалі», — пішуць аналітыкі НІСЭПД.

У верасні на пытанне: «Ці лічыце вы, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе?», сцвярджальна адказала 87,6 % рэспандэнтаў. У чэрвені доля такіх адказаў была на 6,1 пункта менш — 81,5%.

«У верасні, насуперак чаканням, не адбылося далейшага падзення індэкса матэрыяльнага становішча, больш за тое, ён, хай і нязначна, але павялічыўся. Магчыма, гэта звязана з адаптацыяй насельніцтва да ўмоў, якія пастаянна пагаршаюцца, па савецкім прынцыпе: перажылі голад, перажывем і багацце, — аналізуюць настроі грамадства эксперты НІСЭПД. — Здольнасць бачыць святло ў канцы тунеля — выключная прэрагатыва лаяльных да ўлады беларусаў. Іх перавага ў гэтым пытанні перад апазіцыйна настроенымі грамадзянамі наглядная: 19,8% на 2,1%. У 9,4 разы!»

А вось так рэспандэнты расставілі свае прыярытэты ва ўмовах крызісу.

Беларус жыве хлебам надзённым, праблемы палітычныя — на перыферыі яго інтарэсаў.

А гэта меркаванне ў дынаміцы. Пытанне «У якім напрамку развіваецца цяпер палітычнае жыццё Беларусі?» задавалі на піку эканамічнага крызісу 2009 года і гэтай восенню. Доля рэспандэнтаў, якія абралі варыянт адказу «развіццё дэмакратыі» скарацілася ў 2,1 разы, а варыянт «нарастанне хаосу, анархіі, пагрозы дзяржаўнага перавароту» — павялічылася ў 3,3 разы.

Упэўненасць у стабільным жыцці знікае. Але застаецца без адказу пытанне: калі ўласны дабрабыт і сістэма агульнапалітычных, сацыяльных каштоўнасцяў перасякуцца ў плоскасці беларускага грамадства?

Каментаваць