Ад ператрусаў да пагромаў

Вобшукі ў рэчыцкіх актывістаў правялі 15 сакавіка супрацоўнікі КДБ. Разгромлена грамадская прыёмная, дзе ператрус адбыўся без гаспадароў.

Вобшукі ў рэчыцкіх актывістаў правялі 15 сакавіка супрацоўнікі КДБ. Разгромлена грамадская прыёмная, дзе ператрус адбыўся без гаспадароў.

Прыёмная знаходзіцца па вуліцы Чапаева ў Рэчыцы ў прыватным доме. Мясцовыя актывісты аказваюць людзям юрыдычную дапамогу. Валер Пуціцкі, кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ, паведаміў, што дзверы памяшкання ўзламалі. Замкі ў дзвярах былі выламаныя “па жывому, відаць, манціроўкай, і забіты звонку цвікамі. У гаражы перакушана дужка замка — там таксама палазілі. Зніклі сістэмны блок кампутара, ноўтбук і прынтар.

Аргтэхніку канфіскавалі і ў сябра БНФ Алега Карбалевіча з вёскі Перасвятое. Супрацоўнікі Гомельскага ўпраўлення КДБ забралі сістэмны блок кампутара і рызограф, а таксама праваабарончую літаратуру. Ператрус у доме праводзілі трое чэкістаў пад кіраўніцтвам капітана Коласава. Ён адбываўся ў межах крымінальнай справы аб “масавых беспарадках 19 снежня.

Чатыры гадзіны дапытвалі 15 сакавіка ў Магілёўскім абласным упраўленні КДБ актывістку Крысціну Шацікаву. Супрацоўнікі вайсковай контрвыведкі назваліся Паўлам Травулькам і Максімам Мешчараковым. Іх цікавілі фотаздымкі, якія актывістка зрабіла на плошчы падчас акцыі 19 снежня, і асобы, якія білі шкло ў дзвярах Дома ўрада. Як паведаміла актывістка, яна бачыла тых людзей. “І гэта былі не дэманстранты, — заявіла Крысціна Шацікава.

А ў Мінску маладафронтаўца Юльяна Місюкевіча на сёмы допыт завезлі на “Мерседэсе. Яго забралі 12 сакавіка з заняткаў ва ўніверсітэце: уручылі позву і павезлі ў КДБ. І гэта ўжо трэці раз, калі хлопца забіраюць з заняткаў. Прычым раней, як кажа Юльян, адвозілі на допыты на “Волгах. “А тут сказалі, што выходныя, субота, таму “Мерседэс, — распавёў ён Радыё “Свабода.

Актывіста зноў распытвалі пра падзеі 19 снежня. Па крымінальнай справе аб “беспарадках ён праходзіць як сведка. На большасць пытанняў ён не адказваў, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі (права не сведчыць супраць сябе і блізкіх). Юльян вучыцца на фізіка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. “Шкада, што лабараторныя прапусціў — амаль ноч рыхтаваўся, — зазначыў хлопец.

Чатыры наваградскія актывісты — Уладзімір Качагур, Сяргей Ваўчок, Юры Казак і Дар’я Бахар — былі дапытаны ў КДБ у Мінску. Найбольш пытанняў ім задавалі пра маладафронтаўцаў Алеся Кіркевіча, Уладзіміра Яроменку і Насту Палажанку, якія з’яўляюцца абвінавачанымі па “справе 19 снежня.

На другім допыце 15 сакавіка пабываў і баранавіцкі актывіст Яраслаў Грышчэня. Яго таксама выклікалі гэтым разам не мясцовыя, а сталічныя чэкісты. І цікавіліся лідарамі “Маладога фронту і дзейнасцю самога Яраслава ў гэтай арганізацыі. Камітэтчыкі дапытвалі яго больш за 4 гадзіны.
 

Каментаваць