Адарвіцеся ад канапы!

Беларусы незадаволеныя ўсім: сённяшнім узроўнем жыцця, перспектывамі і магчымасцямі ў гэтай краіне, і асабліва — сістэмай улады. Аднак яны не згодныя адарваць сябе ад канапы, каб нешта змяніць у жыцці.



Свежая апытанка Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Літва) адзначае: беларусы ачомаліся ад «Крымнашу», паглядзелі навокал і, падводзячы вынікі года, жахнуліся. Напрыклад, колькасць тых, у каго матэрыяльнае становішча за апошні час пагоршылася, узрасла на 6%: з 24,6% у верасні да 31% у снежні. Працэнт тых, хто лічыць, што «сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў бліжэйшыя гады пагоршыцца», павысіўся больш чым на 10% — з 22,5% у верасні да 33,9% у снежні.

Колькасць тых, хто лічыць, што 2014 год у параўнанні з папярэднім апынуўся для Беларусі цяжэй, узрасла да 45,6%. А 52,3% апытаных, — больш за палову! — лічаць, што эканоміка краіны знаходзіцца ў крызісе.

Варта зазначыць, што апытанне НІСЭПД праводзілася яшчэ да 19 снежня, 30-працэнтнага падатку на валюту і валютнага калапсу. Калі б апытанне праводзілася пасля 19 снежня, колькасць тых, хто лічыць Беларусь «крызіснай» краінай, без сумневу, узрасла б.

Не дзіва, што ў гэтай сітуацыі народ перастае давяраць уладзе. Калі казаць персанальна пра правадыра, то рэйтынг Аляксандра Рыгоравіча знізіўся. У верасні яму давяралі 53,5%, а ў снежні — 49,9%. Галасаваць жа за яго былі гатовыя ў верасні 45,2%, а сёння толькі 40%. Цікавая, што аж 10% тых, хто давярае Аляксандру Рыгоравічу, не гатовыя за яго галасаваць! І яшчэ раз давядзецца нагадаць — апытанка праводзілася ў «дакрызісныя» дні.

Людзі не давяраюць не толькі персанальна кіраўніку дзяржавы, а ўсёй створанай ім «вертыкалі ўлады». Больш за 60% апытаных пагадзіліся з заявай ужо былога прэм’ера Міхаіла Мясніковіча, што «галоўная праблема эканомікі Беларусі крыецца ў бездапаможных і безыніцыятыўных кіраўніках, якія без указання зверху нічога не могуць» (не пагадзіліся 32,4%).

Беларусы жадаюць лепшага жыцця. Канешне, паняцце «лепшае» для кожнага сваё. Аднак за апошні год колькасць апытаных, якія лічаць, што ў Беларусі трэба праводзіць рынкавыя рэформы, павялічылася з 59,7% да 63,2%. І, канешне, 51,9% апытаных жадалі б, каб у бліжэйшыя пяць год у краіне адбыліся б «кардынальныя перамены ва ўнутранай і знешняй палітыцы».

Але для такіх пераменаў нашы памяркоўныя і талерантныя беларусы не гатовыя паварушыць і мезенцам. Яны ўсё чакаюць, як той Ямеля ў рускіх казках, што вылезе нейкі шчупак з палонкі, і ўсё зробіць, як яны б жадалі.

Ну вось, напрыклад. У гэтым годзе краіну чакаюць прэзідэнцкія выбары. Згодна апытанцы НІСЭПД, у выпадку, «калі выбары будуць сфальсіфікаваныя», на думку 23,9% рэспандэнтаў апазіцыя павінна заклікаць людзей выйсці на плошчу і арганізоўваць масавыя пратэсты. Між тым, узяць удзел у гэтых пратэстах гатовыя толькі 13,4% апытаных (на 10,5% менш).

Цікава, чые правы парушаюцца фальсіфікацыяй вынікаў галасавання — толькі адной апазіцыі альбо ўсіх? Што будуць рабіць гэтыя 10,5%? Яны будуць сядзець у інтэрнэце, глядзець, як тыя, хто хоць нешта зрабіў, атрымліваюць дручкамі па галаве, і злосна каментаваць: «Ізноўку апазіцыя ўсё прафукала!». А астатнія 40% «жадаючых пераменаў» будуць проста жадаць пераменаў, якія, у такім разе, ніколі не надыдуць.

Палітычным партыям зараз давяраюць 16%. Электаральны рэйтынг (па адкрытым пытанні) Уладзіміра Някляева складае 3,5%, Аляксандра Мілінкевіча — 2,8%, Міколы Статкевіча — 2,7%, Анатоля Лябедзькі — 0,8%, Сяргея Калякіна — 0,7%. То бок, нават прагаласаваць за іх насельніцтва не жадае. Скуль жа ўзяцца апазіцыі, якая «павінна арганізоўваць пратэсты», і «кардынальным пераменам ва ўнутранай і знешняй палітыцы»?

НІСЭПД зазначае, што адзінай ініцыятывай апазіцыі, якая знаходзіць падтрымку ў грамадстве, застаецца «Народны рэферэндум». Амаль палова апытаных (48%) згодныя з тым, што «трэба не арганізоўваць масавыя пратэсты пасля выбараў 2015 года, а дамагацца ад уладаў пераменаў у Беларусі праз правядзенне «Народнага рэферэндуму».

Але чаму тады арганізатары «НР» за год набралі пад патрабаваннем аб ягоным правядзенні толькі 75 000 подпісаў? Падтрымка рэферэндуму ў грамадстве таксама ўяўная: на словах падтрымаць можам, а подпіс паставіць — выбачайце!

Для пераменаў трэба адарвацца ад канапы, выйсці з інтэрнэту і пайсці ў рэальнае жыццё. Хоць нешта зрабіць, хоць нечым дапамагчы той жа апазіцыі, тым жа прыхільнікам пераменаў. Без гэтага нічога не будзе. Чароўныя шчупакі скончыліся. Аднак нашае грамадства пакуль проста, па старой кітайскай показцы, сядзіць на беразе рэчкі і чакае, пакуль міма праплыве труп ягонага ворага. І, падаецца мне, калі людзі не падымуцца з гэтага берага рэчкі, яны самі могуць стаць трупам, зваліцца ў гэтую раку і праплысці міма таго, хто ніякіх пераменаў не жадае. Ён таксама сядзіць і чакае недзе: можа быць, на іншым беразе той жа ракі, уніз па цячэнні…

Каментаваць