Адбылася канферэнцыя да 25-годдзя адкрыцця Курапатаў

Вечарам 3 чэрвеня ў Мінску адбылася навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 25-годдзю адкрыцця Курапатаў, арганізаваная грамадскай ініцыятывай «За ўратаванне мемарыялу Курапаты».



На навукова-практычнай канферэнцыі з нагоды 25-годдзя адкрыцця Курапатаў. Фота Марата Гаравога


Менавіта 3 чэрвеня 1988 года ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» быў апублікаваны знакаміты артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці". 

Вядомы беларускі паэт, публіцыст і грамадскі дзеяч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, тагачасны галоўны рэдактар «ЛіМу» Анатоль Вярцінскі нагадаў, што Васіль Быкаў назваў Пазняка і Шмыгалёва аўтарамі, якія здзейснілі «свой людскі абавязак перад народам і гісторыяй».   

Паводле словаў Вярцінскага, улады БССР адэкватна зрэагавалі на публікацыю, і праз 11 дзён рашэннем ураду пад старшынствам намесніка старшыні Савета міністраў Ніны Мазай была створана адпаведная камісія па факту расстрэлаў у лясным масіве Курапаты. «У той жа дзень, 14 чэрвеня, генеральны пракурор БССР Георгій Тарнаўскі па гэтаму ж факту ўзбудзіў крымінальную справу — першую на тэрыторыі СССР такога кшталту справу па факту сталінскіх рэпрэсій. А неўзабаве — на пачатку ліпеня — у Курапатах пачалі працаваць афіцыйна вызначаныя эксперты і археолагі (Зянон Пазняк, Мікола Крывальцэвіч і Алег Іоў). Па выніках іх раскопак з’явілася публікацыя «Шумяць над магіламі сосны», — сказаў Вярцінскі.  

Сярод галоўных урокаў абароны Курапатаў за чвэрць стагоддзя пасля іх адкрыцця вядомы беларускі даследчык гісторыі ўрочышча Ігар Кузняцоў назваў «недапушчальнымі» любыя спробы прыватызацыі, фальсіфікацыі гісторыі Курапатаў і, ўвогуле, мінулага сталінскіх рэпрэсій.   

Вядомы беларускі кінадраматург і грамадскі дзеяч Уладзімір Халіп распавёў пра гісторыю стварэння ў 1988 годзе дакументальнай стужкі «Дарога на Курапаты» (рэжысёр Міхась Жданоўскі, аўтар сцэнару Алесь Лукашук, аператар Сяргей Пятроўскі), уганараванай Дзяржаўнай прэміяй Беларусі 1994 года.

Як адзначыў Халіп, ў 1988 годзе ён быў мастацкім кіраўніком студыі «Летапіс» на «Беларусьфільме». «І да мяне з артыкулам «Курапаты — дарога смерці» прыйшлі Жданоўскі з Лукашуком і прапанавалі зрабіць фільм пра гісторыю ўрочышча. Але для гэтага трэба было напісаць заяўку, зацвердзіць яе ў Дзяржкіно СССР і чакаць уключэння  заяўкі ў творчы план наступнага году. Але паколькі на студыі было 260 метраў каляровай кінаплёнкі на нечаканыя здымкі, я аддаў гэтую плёнку Жданоўскаму і Пятроўскаму. Тое, што яны знялі ў Курапатах, — піраміды чарапоў з прабітымі патыліцамі — выклікала жах большы, чым знакамітае палатно Васіля Верашчагіна «Апафеоз вайны». На фільм далі  дабро дырэктар студыі і Дзяржкіно СССР. І гэта было вялікае шчасце, бо ў БССР усе тады сталі сцяной супраць такой стужкі — ад цэкоўцаў да мінкультаўцаў. Прычым мы ўпершыню атрымалі дазвол на вытворчасць поўнаметражнай 50-хвіліннай стужкі», — сказаў Халіп.

Ён назваў «Дарогу на Курапаты» «найкаштоўнейшым» фільмам, таму што ў ім выкарыстаны інтэрв’ю са сведкамі масавых забойстваў ва ўрочышчы, следчымі і нашымі сучаснікамі, а таксама рэчавыя доказы пра сталінскія рэпрэсіі.

«Але міністр культуры Аляксандр Сасноўскі загадаў схаваць гэтую стужку ў сейф і нідзе не паказваць. На гэтым скончылася беларуская гісторыя фільму «Дарога на Курапаты». І толькі дзякуючы таму, што аператар фільма, светлай памяці Сяргей Пятроўскі схаваў пад ложкам адну копію гэтай легендарнай стужкі, яна дайшла да беларускага гледача», — падкрэсліў Халіп. 

Сярод найбольш пераканаўчых момантаў стужкі ён назваў кадры, у якіх зафіксаваны следчы, які адчыняе сейф з партрэтам Іосіфа Сталіна на ўнутраным баку, а таксама настальгічныя ўспаміны былога простага шафёра НКВД пра «выдатнае жыццё» ў часы, калі ён адвозіў людзей на расстрэл у Курапаты. «Такія простыя людзі стукалі, пісалі даносы на суседзяў, ахоўвалі іх ў ГУЛАГу і расстрэльвалі, а пасля дзялілі між сабою маёмасць ахвяраў і пражывалі яе, не задумваючыся пра страшэнны грэх саўдзелу ў злачынствах. І улады нічога не зрабілі б без такіх так званых простых людзей, якія проста не вераць, што дабро можа перамагчы зло ў гэтай краіне», — адзначыў Халіп.     

Каментаваць