Адбылося штомесячнае ўшанаванне ахвяраў сталінізму ў Курапатах

29 лістапада ва ўрочышчы Курапаты, што знаходзіцца на паўночна-усходнім ускрайку Мінска, адбылося традыцыйнае ўшанаванне ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1920-1950-х гадоў. Ва ўшанаванні пад бел-чырвона-белымі сцягамі ўдзельнічалі каля 20 актывістаў грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыяла “Курапаты, Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ і журналістаў.



Удзельнікі ўшанавання ўсклалі кветкі, запалілі знічкі, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць бязвінна палеглых людзей, праспявалі песні беларускага нацыянальнага адраджэння і правялі малебен.



Месяц таму ва ўрочышчы адбылося адкрыццё закладной шыльды будучага мемарыяльнага знаку ў гонар афіцэраў войска польскага розных нацыянальнасцяў, забітых супрацоўнікамі НКУС на тэрыторыі Беларусі ў красавіку 1940 —  чэрвені 1941 гадоў. Але менш чым праз суткі шыльда знікла, прычым праваахоўныя органы адмовіліся ўзбуджаць крымінальную справу па факту крадзяжу. Вось чаму 29 лістапада грамадскасць устанавіла памятны крыж ў гонар афіцэраў польскай арміі.

Былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі паведаміў, што мемарыяльны крыж з’яўляецца часовым памятным знакам да ўстаноўкі больш манументальнага, які мяркуецца адкрыць вясною наступнага года. Ён падкрэсліў, што Курапаты патрабуюць абароны грамадства ад любых спроб навязвання людзям сваёй волі нейкай адной палітычнай структурай, няхай нават і апазіцыйнай. “Такое навязванне нагадвае дзеянні дзяржавы супраць іншадумцаў, калі пад забарону ставяцца музычныя гурты, мастацкія выставы і перыядычныя выданні, — сказаў Раманоўскі.   

Былы вязень ГУЛАГу Сяргей Ханжанкоў адзначыў, што памятны знак ўсталяваны ў гонар не менш за 3.870 з 22 тысяч афіцэраў польскай арміі — ахвяраў Катынскай трагедыі, якія трапілі ў савецкі палон у верасні 1939 года і згодна з рашэннем палітбюро ЦК ВКП (б) ад 5 сакавіка 1940 года былі расстраляныя з красавіка 1940 года да самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны.



Актывіст грамадзянскай ініцыятывы “Хрысціянскі рух Юля Фралова звярнула ўвагу на тое, што палякі і беларусы вякамі жылі ў адной дзяржаве. “Прычым з боку Польшчы, з Захаду на Беларусь ішла большая культура, чым з Усходу, – падкрэсліла Фралова. Яна адзначыла, што сённяшняя дэмакратычная Польшча найбольш сярод усіх суседзяў Беларусі клапоціцца пра яе вольнасць, незалежнасць і дэмакратычную будучыню



Затым прадстаўнікі грамадскасці агучылі амаль 200 з 5.772 вядомых імёнаў ахвяраў палітрэпрэсій 1920-1941-х гадоў, расстраляных ў Мінску і пазней рэабілітаваных. Першыя больш за 300 імёнаў ахвяраў былі названыя ў Курапатах 29 кастрычніка, а поўны спіс будзе зачытаны на працягу бягучага года пад час розных мерапрыемстваў у межах правядзення Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі



Падчас ўшанавання быў агалошаны зварот грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыяла “Курапаты да беларусаў “Курапаты – вяршыня айсбергу!. У ім, між іншым, адзначаецца, што “Курапаты сталі сімвалам духоўнага адраджэння, вызвалення і пераменаў у нашай краіне. Курапаты – месца, дзе адрадзіўся беларускі нацыянальны рух. Толькі тады мы зможам сказаць, што жывем у вольнай краіне, у якой ёсць будучыня. калі гэта месца стане месцам афіцыйнага адкрыцця гістарычнай праўды, малітвы, годнага ўшанавання памяці закатаваных нявінных людзей, нацыянальнага пакаяння і перапрашэння за вялікія злачынствы бальшавіцкага тэрору, месцам народных наведванняў з удзелам дарослых, дзяцей і моладзі. Стаўленне да Курапатаў адлюстроўвае, што адбываецца ва ўладзе, грамадстве і краіне. Курапаты толькі частка, як бы вяршыня айсбергу. Мы хочам звярнуць увагу, што Беларусь патрабуе вызвалення ад усялякага зла, карані якога знаходзяцца ў савецкай сістэме. Сённяшняя сістэма збудаваная на падмурках хлусні, страху і бязбожжа.

Аўтары звароту падкрэсліваюць, што дазвол уладаў на будаўніцтва каля Курапатаў забаўляльнага комплексу сведчыць, што “да канца мы не прайшлі ні ачышчэння, ні вызвалення, ні сапраўднага пакаяння.



Аўтары звароту заклікалі грамадства да еднасці ў справе абароны Курапатаў, бо “ўратуем Курапаты – уратуем Беларусь!. “І першапачатковае вызваленне Беларусі павінна пачацца з пакаяння ў сэрцы кожнага з нас, — гаворыцца ў звароце.     

Дарэчы, грамадскасць упрыгожыла шэраг крыжоў ва ўрочышчы бел-чырвона-белымі рушнікамі з прозвішчамі выбітных дзеячоў беларускага нацыянальнага адраджэння – ахвяраў сталінскага тэрору.   

На 30 лістапада ў Мінску запланавана правядзенне круглага стала па праблемах захавання дакументальнай спадчыны найноўшай гісторыі Беларусі, прымеркаванага да 95-годдзя бальшавіцкага перавароту ў Расіі ў кастрычніку 1917 года.

Каментаваць