Адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу “Народны журналіст”

17 снежня ў Мінску вызначалі лепшых народных журналістаў 2014 года. Сярод журы конкурсу "Народны журналіст" былі доктар архітэктуры і ўрбаністыкі  Ірына Лаўроўская, рэжысёр тэатру і кіно Валер Мазынскі, мовазнаўца і дыпламат Пётра Садоўскі, культуролаг Вацлаў Арэшка.



У намінацыях “Малады народны журналіст”, “Барані сваё”, “Мультымедыя” і “Тэкст” пераможцамі конкурсу сталі адпаведна Зміцер Суганяеў (Брэст) за відэа “Форт просіць дапамогі”,  Сяргей Кійко (Слуцк) за фотарэпартаж “Здзек з гораду”, Сяргей Пятрухін (Брэст) за відэа “Передел или государственная нужда” і Аляксандр Малочка (Салігорск) за ілюстраваныя здымкамі тэксты “Заметки из дневника “белкалиевца” і “Модернизация”. Усе працы на вострыя тэмы, якія абмінаюць дзяржаўныя мас-медыя.

Апроч таго, журы адзначыла лепшыя працы ў кожнай намнацыі конкурсу, а таксама шэраг працаў па-за намінацыямі, у тым ліку 16-гадовай Ганны Шарко (Мінск) як наймаладзейшай ўдзельніцы, Кацярыны Бахвалавай (Мінск)  — “За шчырасць пачуццяў”, Уладзіміра Дзенісенкі (Слуцк) — “За волю да справядлівасці” і 80-гадовага Міная Карніенкі (Орша) — “За журналісцкае расследаванне”.

  

Як адзначыў адзін з арганізатараў конкурсу, грамадскі дзеяч і мовазнаўца Вінцук Вячорка, творчае спаборніцтва праводзіцца чацвёрты год запар для тых “народных”, непрафесійных журналістаў, якім ёсць што сказаць пра тое, што хвалюе грамадства і павінна прывесці да зменаў у лепшы бок. “Гэта конкурс грамадзян, неабыякавых да лёсу беларускага народу”, — падкрэсліў спадар Вячорка. Ён паведаміў, што на конкурс, які ладзіць адукацыйны “Цэнтр Супольнасць”, паступіла больш за 70 працаў з розных рэгіёнаў краіны. Прычым бальшыня з іх упершыню прынялі ўдзел у гэтым творчым спаборніцтве, сказаў спадар Вячорка.

Сярод прыкладаў удалых прац і кампаній, ініцыяваных “народнымі журналістамі”, ён назваў чын Валянціны Шалейнікавай, якой падчас абароны Севастопальскага парку ў Мінску удалося адбіць спробу знішчэння артэзіянскіх калодзежаў.  А некаторыя “народныя” журналісты становяцца прафесійнымі, як гэта адбылося з удзельнікамі абароны драўлянай забудовы Гомеля. зазначыў Вінцук Вячорка. На  ягонае меркаванне, паколькі сайт конкурсу narodny.by чытаюць як прадстаўнікі шырокай грамадскасці, так  і прафесійныя рэдактары, творчае спаборніцтва дае ўдзельнікам рупар для прыцягнення ўвагі грамадства і прыступку, каб быць убачанымі і пачутымі.

Валер Мазынскі назваў ”сапраўдным грамадзянскім чынам” справу, да якой далучыліся ўдзельнікі конкурсу. “І ўзяўшы ў рукі асадку, фота- і відэакамеру, мы пачынаем барацьбу з самімі сабой, бо справа ўся ў нас і толькі ў нас ”, — падкрэсліў Валер Мазынскі. На ягоную думку, “сёння час патрабуе ад кожнага беларуса неабыякавасці да сябе і нас чакае бездань працы над сабой, бо апроч нас, ніхто з беларускага балота суайчыннікаў не выцягне і нам не дапаможа”. “Таму трэба гаварыць праўду, якой цяжкой і балючай яна б ні была”, — сказаў Валер Мазынскі. 

Завяршыў цырымонію ўзнагароджання невялікі канцэрт Тацяны Матафонавай і Андруся Такінданга.

Каментаваць