Адэпт байнэту, кефірных войнаў і сучасных паліттэхналогій

Беларускі палітасяродак, бедны на нестандартныя персоны і нетрывіяльныя дзеянні, гэтай зімой ускалыхнуў змагар за абястлушчаны кефір, апрануты ў папаху і чырвоную майку з надпісам «ЗаКолю!», што тонка намякае ці то на супрацьпраўныя дзеянні, ці то на занадта смелы сарказм.



Беларускі палітасяродак, бедны на нестандартныя персоны і нетрывіяльныя дзеянні, гэтай зімой ускалыхнуў змагар за абястлушчаны кефір, апрануты ў папаху і чырвоную майку з надпісам «ЗаКолю!», што тонка намякае ці то на супрацьпраўныя дзеянні, ці то на занадта смелы сарказм.

Вялікую сілу інтэрнэту і прагу народа пабачыць нешта адрознае ад зачытвання сваёй праграмы вядомы ў байнэце блогер Яўген Ліпковіч, які плануе вылучацца ў кандыдаты па Валгаградскай выбарчай акрузе № 54 Мінска на выбарах у мясцовыя саветы, выкарыстоўвае ў сваёй кампаніі ад першага яе этапу. Праз блог была сабрана ініцыятыўная група, праз блог ідзе раскручванне кандыдата і распаўсюд інфармацыі пра акцыі, якія выбіваюцца з традыцыйнага шэрагу спосабаў дайсці да свайго электарату. Дэманстратыўны эпатаж, абсурд і публічнасць — тры кіты, на якіх грунтуецца кампанія ў мясцовыя саветы Ліпковіча.

Яўген Ліпковіч беларускім аматарам пасядзець «ва ўтульнай жж-шцы» вядомы тым, што дамогся вяртання ў сістэму гандлю абястлушчанага кефіру. Усю перапіску з высокімі інстанцыямі на тэму кісламалочнага прадукту Ліпковіч сістэматычна змяшчаў у сваім блогу. З аналагічным пастаянствам ён робіць допісы з фотаздымкамі іранскіх жанчын, задаючы віртуальнаму космасу сакраментальнае для сябе пытанне «іранскія жанчыны — хто яны?».

Цяпер блог кандыдата ў кандыдаты, як сам сябе называе спадар Яўген, пярэсціць інфармацыйнымі матэрыяламі на тэму «хто такі Ліпковіч», чарговымі перапіскамі з адміністрацыямі (увагі вартая хаця б эпапея са спробай далучыць да зацвярджэння свайго агітацыйнага і неадназначнага плаката першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлю Пяткевіч), справаздачамі самапрэзентацыі ды іранічнымі раскладамі дня яе аўтара. Дарэчы, варта заўважыць, што перадвыбарная праграма кандыдата ў дэпутаты Яўгена Ліпковіча грунтуецца на ідэі абароны сталічнага Севастопальскага парку ад забудовы. Пра пад’езды, «начнікі», дарогі ды іншыя камунальныя і папулярныя ў такіх выпадках тэмы гаворка не вядзецца.

Што тычыцца раскруткі кандыдата ў кандыдаты, то метады самыя што ні ёсць сучасныя і, як можа падацца неспакушанаму ў тонкасцях палітычных кампаній беларускаму выбарцу, правакацыйна-абсурдныя. Напрыклад, у адной са сталічных галерэй была зладжаная аднадзённая выстава падарункаў Яўгену Ліпковічу. Дэманстраваліся «падарункі, уручаныя Ліпковічу асобамі і працоўнымі калектывамі, баявыя трафеі, заваяваныя і запазычаныя прэтэндэнтам у кандыдаты ў розны час і ў розных месцах, артэфакты». 8 сакавіка кандыдат у кандыдаты змясціў у сваім блогу арыгінальнае віншаванне патэнцыйным выбарніцам — каляндар на тыдзень з выявамі самога сябе ў негліжэ. Не менш эпатажны і зварот да мэтавай аўдыторыі: «Сваякі, знаёмыя, палюбоўніцы і палюбоўнікі, прапісаныя ў Валгаградскай выбарчай акрузе № 54, — мне патрэбныя вашы подпісы!» Гумар і самаіронія на мяжы фолу. Цяжка сказаць, наколькі такі падыход апраўданы, але ў плане інфармацыйнай раскруткі ён дзейсны, бо пра нестандартнага кандыдата цяпер ведаюць многія сталічныя інтэрнэт-карыстальнікі, і калі раптам Ліпковіча зарэгіструюць, то, несумнеўна, ладную порцыю галасоў ён атрымае хаця б за тое, што разбавіў аднатыпнасць электаральных кампаній, а беларуская палітыка займела ў яго асобе свайго Жырыноўскага.

Да Ліпковіча складана ставіцца сур’ёзна — усё ж замнога абсурду і эпатажу, хаця варта прызнаць, што ў многім гэта не столькі выдумка, колькі аголеныя факты нашай рэчаіснасці. Хіба што калі доўга жывеш у залюстроўі, то і скажоны свет пачынаеш успрымаць як нармальны і адэкватны. Ці пяройдзе кандыдат у кандыдаты рэгістрацыйны кардон, стане вядома пасля 25 сакавіка, але ў любым выпадку яго кампанія мусіць быць добрым штуршком да роздуму «прафесійным палітыкам», якія страцілі адчуванне патрэбаў і чаканняў людзей, затое добра засвоілі шаблоннасць працы.

Каментаваць