Адкуль людзі бяруцца

У апошні час улады Беларусі прымаюць адно лёсавызначальнае рашэнне за другім. Не паспеў народ асэнсаваць пачатак будаўніцтва ўласнай АЭС, а яму ўжо прапануюць гарады-спадарожнікі.



У апошні час улады Беларусі прымаюць адно лёсавызначальнае рашэнне за другім. Не паспеў народ асэнсаваць пачатак будаўніцтва ўласнай АЭС, а яму ўжо прапануюць гарады-спадарожнікі.

Маем на ўвазе ўказанні, якія даў чыноўніцтву Лукашэнка 25 сакавіка падчас свайго візіту ў Мінскую гарадскую ратушу. Нічога не скажаш, мае чалавек шматбаковы талент. Бо, па-першае, наведаў ратушу. Гэта значыць, аказаў павагу галоўнаму прысутнаму месцу сталіцы, лічы, сімвалу гарадскога самакіравання. Па-другое, зрабіў гэта ў Дзень Волі, калі апазіцыйныя важакі спрабавалі прабіцца праз міліцэйскія заслоны, каб ускласці кветкі да помнікаў народным песнярам Купалу ды Коласу. Па-трэцяе, насамрэч у чарговы раз прадэманстраваў, хто ў краіне ці ў сталіцы ёсць сапраўдным гаспадаром. Сталічныя чыноўнікі, мусіць, аж кракталі ад павагі да вышэйшай асобы, калі тая распавяла ім, нягеглым, што цэнтр цяжару ў жыллёвым будаўніцтве неабходна пераносіць у рэгіёны.

Прынамсі, так паведаміла прэсавая служба “беларускага лідара.

Дарэчы, лідарамі прэзідэнтаў, прэм’ер-міністраў ды іншых першых асоб называюць у некалькі выпадках: у вольным журналісцкім пераказе дыпламатычных сустрэч, у тых выпадках, калі гэта нефармальнае вызначэнне адпавядае ўстаноўленаму афіцыйнаму статусу персоны (напрыклад, лідар Лівійскай Джамахірыі Муамар Кадафі) або да прэзідэнтаў постсавецкіх дзяржаў, якія прысвоілі сабе ўсе фармальныя прычындалы былых генеральных ды першых сакратароў.

А так лідар — беларускі, народны, які заўгодна. З крыху меншымі паўнамоцтвамі, чым у Кім Чэн Іра, але нашмат большымі, чым у амерыканскага прэзідэнта ці ў каралевы Англіі.

Як назавеш карабель, так ён і паплыве. А куды паплыве, гэта асабліва выразна гучыць менавіта на рускай мове: “Как доложил главе государства председатель Минского горисполкома Николай Ладутько…». Па-беларуску такога лаканізму ў дакладным вызначэнні дэмакратычнай субардынацыі дабіцца цяжэй. А калі па-руску, то адразу зразумела, што гістарычныя звесткі аб адмене 150 гадоў таму прыгоннага права — гэта прыгожы міф.

Што ж “доложил пан старшыня выканкаму гарадской рады (выбранай меснікамі), пану-таварышу лідару? Увогуле, Мікалай Ладуцька распавёў таму пра зусім банальныя і добра вядомыя рэчы. Па-першае, у Мінску падвысіўся попыт на жытло, стала цесна ад аўтамабіляў, што быццам змушае да змены стратэгіі забудовы сталіцы на бліжэйшыя 10–15 гадоў. Не ўвогуле ўсёй стратэгіі, бо, прыкладам, нязменным застанецца лінія на знос састарэлага прыватнага жылога фонду, больш аптымальнае выкарыстанне пустэчаў у горадзе і вакол, але новым прыярытэтам станецца будаўніцтва гарадоў-спадарожнікаў.

Яны размесцяцца адначасова  на дастатковай адлегласці ад сталіцы (быццам Месяц ад Зямлі) і дастаткова блізка (як Месяц ад Зямлі ў параўнанні з Марсам), што дазволіць вырашыць мноства пытанняў. Прыкладам, раней непажаданы ў буйных гарадах элемент высылалі, вобразна кажучы, на 101-ы кіламетр без прадстаўлення жытла, але з абавязковым працаўладкаваннем. На калгаснай ферме ці цагляным заводзе або дзе яшчэ. Зараз жа і не высылаюць увогуле, а толькі перасяляюць. Ды не адміністрацыйнымі метадамі, а эканамічным прымусам. Гэта форма вызначаная класікамі як найбольш прагрэсіўная.

Хочаш застацца ў Мінску — калі ласка, але колькасць насельнікаў яго абмежавана асабіста беларускім лідарам і складае 1,8 мільёна чалавек. Калі больш, то сённяшнія сталічныя тлум і таўкатня стануць для людзей невыноснымі. На думку Лукашэнкі, трэба кіравацца выключна інтарэсамі сталіцы і яе насельнікаў. Забудова новых раёнаў дапаможа вырашыць жыллёвае пытанне прыкладна 200 тысячам гараджан. А ўсяго на чарзе стаіць 280 тысяч сем’яў. Па словах спадара Ладуцькі, за апошняе дзесяцігоддзе ў Мінск перасялілася каля 170 тысяч чалавек, а з улікам Мінскага раёна, колькасць людзей, што пастаянна знаходзяцца ў сталічным арэале, дасягае 2,2–2,3 мільёна чалавек.

Сапраўды, калі ўлічыць, што за 16 гадоў колькасць насельніцтва Беларусі зменшылася на 900 тысяч чалавек, такі колькасны ўздым сталіцы выглядае ненармальна. Можна сказаць, што дзякуючы яму скарацілася колькасць жыхароў амаль усіх астатніх населеных пунктаў. Нават абласныя і іншыя буйныя гарады ў дэмаграфічным плане не развіваліся. І толькі ў Мінску быў невялікі натуральны прырост. Але абумоўлены амаль выключна прытокам мігрантаў, сярод якіх большасць складаюць маладыя людзі. Мінск стаў нечым напамінаць агромністую галаву, якая запанавала над нездаровым рахітычным целам. Мазгоў зашмат, а ногі не трываюць, а рукі не працуюць, а страўнік выдаляе недастрававаную ежу.

Наконт мазгоў — гэта ж не рытарычнае пытанне. Сённяшняя мінская эліта колькі гадоў таму жыла і працавала, як кажуць, у рэгіёнах. І нядрэнна, дарэчы, працавала, бо змагла ўзяць уладу ў краіне, перасяліцца ў сталіцу, разрасціся колькасна і якасна,  атрымаць права распараджацца ўсімі рэсурсамі краіны. І зараз ужо не зразумець, хто каму сват, брат, пляменнік. А за імі папакідалі нівы і палеткі і пацягнуліся астатнія.

Схема тут простая, і амаль для ўсіх крыўдная. Улада канцэнтруе ў сваіх руках грамадскае багацце, да багацця цягнуцца людзі. У гэтым месцы становіцца густа, а ў астатніх пуста. Такі ж прынцып дзейнічаў і раней, але меў усё ж такі значныя абмежаванні.

Дык вось, тым, хто дарваўся да меху, крыўдна, бо амаль ніякіх рэальных заслуг яны перад астатнімі не маюць, а астатнім — бо ім нічога з тых даброт не дасталася.

Увогуле, узнікае ўражанне, што Лукашэнка не ведае, адкуль людзі бяруцца. Ды адтуль, з чаргі. Сядзелі сабе ціха і мірна, але было абвешчана, што ў Мінску “нашым раздаюць пасады. Адразу ўзнікла чарга. Участкі — чарга, кватэры — чарга... Лепш быць у сталіцы тысяча першым, чым першым нават у аграгарадку. Лепш у Мінску пустыя бутэлькі збіраць...

Вось такія звычаі, што сталі нормай жыцця.

Не ведаю, каго з Мінску ўдасца перасяліць у смалявіцкі ды лагойскі гарады-спадарожнікі? Магчыма, што для заахвочвання для перасяленцаў зусім перастануць браць грошы за жыллёвыя крэдыты, але нават і ў такім выпадку не ўсе пагодзяцца на высяленне. А з іншага боку, колькі можна ўсю гэтую бязглуздзіцу тлумачыць інтарэсамі сталіцы ды яе жыхароў? Што, астатнія, коштам якіх аплачваюцца ўсе гэтыя праекты, не людзі? Інтарэсаў не маюць?

Прыкладам, жыхары Смалявічаў ужо патрабуюць, каб і ім на такіх жа ўмовах было дазволена засяляцца. Бо зямля ж смалявіцкая.

А калі так, то апусцеюць і навакольныя вёскі і аграгарадкі...

Каментаваць