Адміністратыўная адказнасць

На пытанні чытачоў адказвае вядомы юрыст і праваабаронца Алег Волчак.

Які тэрмін устаноўлены для абскарджання пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні?

    Ляховіч Г. Н., Жлобін



На пытанні чытачоў адказвае вядомы юрыст і праваабаронца Алег Волчак.

Які тэрмін устаноўлены для абскарджання пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні?

    Ляховіч Г. Н., Жлобін

Скарга на пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні можа быць пададзена на працягу дзесяці сутак са дня абвяшчэння асобе, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання, са дня ўручэння або атрымання копіі пастановы, за выключэннем скаргі на пастанову аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту або дэпартацыі, якая можа быць пададзеная на працягу пяці сутак. Скарга, што падаецца з пропускам тэрміну, вяртаецца асобе, якая падала скаргу або якая прынесла пратэст.

Супрацоўнікі ДАІ за парушэнне правіл дарожнага руху наклалі на мяне адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры адной базавай велічыні, аднак пратакол не склалі. Ці ёсць тут парушэнне?

    Ларын П. У., Масты

Паводле артыкула 10.3 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, пры здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, якое прыводзіць да накладання адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе папярэджання або штрафу, што не перавышае дзвюх базавых велічынь, пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні не складаецца, а асобай, упаўнаважанай яго складаць, выносіцца пастанова аб накладанні адміністрацыйнага спагнання, якое ўступае ў сілу з моманту яго вынясення. Пры гэтым штраф спаганяецца на месцы.

Майго сына затрымалі, пасля да яго быў ужыты адміністрацыйны арышт. Ці залічваецца ў тэрмін адміністрацыйнага арышту тэрмін затрымання?

    Гундарава Н. І., Гомель

Паводле артыкула 7.7 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, у тэрмін адмiнiстрацыйнага арышту залічваецца тэрмін затрымання.

Прашу растлумачыць, што такое бяспека тавару.

    Грыцык В. Т., Віцебск

Бяспека тавару (працы, паслугі) — сукупнасць уласцівасцяў і характарыстык тавару (працы, паслугі), пры якіх тавар (праца, паслуга) не з’яўляецца шкодным і не ўяўляе небяспекі для жыцця, здароўя, спадчыннасці, маёмасці спажыўца і навакольнага асяроддзя пры звычайных умовах выкарыстання тавару (выніку працы, паслугі), захоўвання, транспарціроўкі і ўтылізацыі тавару (выніку працы).

У 2005 годзе я выйшла замуж і прапісала мужа ў кватэру, у якой пражываю. У 2007 годзе развялася, але да гэтага часу ён не хоча выпісвацца з кватэры. Ён там не пражывае з 2007 года, усе рэчы адразу забраў, камунальныя плацяжы не плаціць, не прымае ўдзелу ў бягучым рамонце жылога памяшкання, усе выдаткі па ўтрыманні жылля нясу я, увесь час прыходзяць на яго іскі ў суд, мне ўжо перад суседзямі сорамна. Кватэра 2-пакаёвая непрыватызаваная, галоўным кватэраздымшчыкам з’яўляецца мая маці. Які парадак маіх дзеянняў, каб выпісаць яго з кватэры? Якія дакументы неабходна сабраць у суд, каб давесці, што ён страціў права карыстацца гэтым жылым памяшканнем і быў зняты з уліку па месцы жыхарства? Ці магу я падаць заяву ў суд або гэта павінна зрабіць мая маці?

    Рудніцкая В. М., Мінск

У дадзеным выпадку вам неабходна сабраць дакументы, якія пацвярджаюць тое, што ён у гэтым жылым памяшканні не пражывае доўгі час. Першае, што я б параіў, набрацца трывання і пачаць працэдуру пазбаўлення рэгістрацыі вашага былога мужа.

Для пачатку завярніцеся да ўчастковага інспектара, папрасіце яго, каб ён выклікаў на размову вашага мужа і правёў прафілактычную працу, растлумачыў, што ён абавязаны аплачваць выдаткі па аплаце камунальных паслуг там, дзе зарэгістраваны. У адваротным выпадку, яму будзе растлумачана, што ён можа пазбаўлены рэгістрацыі. Пісьмова апавясціце прадстаўнікоў ЖЭС, хай яны таксама адлюструюць у дакументах, што ён з вамі не пражывае. Знайдзіце сведак (не з блізкіх сваякоў), да прыкладу, суседзяў па пляцоўцы і з суседняй кватэры, якія гатовыя пацвердзіць, што ён з вамі не пражывае.

Пасля таго, як вы збераце ўсе гэтыя дакументы, падавайце ў суд іск аб высяленні. Пажадана да суда даведацца месца пражывання мужа, каб у іску паказаць, дзе ён рэальна жыве. Акрамя таго, вы можаце яму прад’явіць іск па пакрыцці выдаткаў па выплаце камунальных плацяжоў па вашай кватэры, паколькі на яго таксама налічаліся сумы.
 

Каментаваць