Адменена пастанова суда аб пакаранні Алеся Каваленкі за несанкцыяваны пікет

27 студзеня суддзя Мінскага гарадскога суду Валерый Камісараў адмяніў пастанову суду першай інстанцыі аб пакаранні 66-гадовага пенсіянера — бабруйчаніна Алеся Каваленкі за несанкцыянаванае пікетаванне ў цэнтры сталіцы.



Алесь і Валянціна Каваленкі


Як распавёў карэспандэнту НЧ Алесь Каваленка, які нядаўна перанёс інфаркт і зараз знаходзіцца на лячэнні, 2 мая 2014 года ён звярнуўся ў Мінгарвыканкам з заявай аб правядзенні 19 мая пікетавання на сталічным пляцы Волі каля будынку гарадской ратушы ў сувязі з тым, што цягам 10 гадоў ні яго сын Ігар, асуджаны на 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, ні адвакат сына не могуць атрымаць абгрунтаваныя адказы на свае запыты ў суд. Трэба зазначыць, што Генеральная пракуратура апратэставала пастанову суду першай інстанцыі, аднак гэты пратэст быў адхілены Вярхоўным судом краіны.

“Паколькі на сваю заяву аб пікетаванні я атрымаў адпіску ад уладаў Мінска, 19 мая выйшаў на пляц Волі з плакатам “Чыноўнікі суду, дайце адказы на пытанні майго сына і яго адваката! Хопіць хавацца за адпіскамі!” Аднак не паспеў яго разгарнуць, як некалькі мужчын у цывільным абкружылі, загадалі згарнуць плакат і затрымалі мяне. Так што я нават і не паспеў правесці пікет. У гэты ж дзень суддзя суду Цэнтральнага раёна Мінска Наталля Вайцяховіч аштрафавала мяне за адміністрацыйнае правапарушэнне (несанкцыянаванае пікетаванне) на 3 мільёны 750 тысяч рублёў”, — распавёў Алесь Каваленка.

Ён абскардзіў названае рашэнне ў Мінскім гарадскім судзе. У сваёй скарзе Алесь Каваленка звярнуў увагу на тое, што сведкі ягонага затрымання — супрацоўнікі АМАПу давалі супярэчлівыя сведчанні: не змаглі дакладна назваць месца затрымання і блыталі час, калі гэта адбылося. “Апроч таго, адзін са сведак — супрацоўнік АМАПу, які даваў паказанні ў судзе, увогуле не ўдзельнічаў у маім затрыманні, аднак заявіў, што я “не падпарадкаваўся законным патрабаванням на неаднаразовыя просьбы спыніць пікетаванне”, — падкрэсліў Алесь Каваленка.

Суддзя Мінгарсуду Валерый Камісараў адмяніў пастанову суддзі Наталлі Вайцяховіч і накіраваў справу ў суд Цэнтральнага раёна на новы разгляд.

На думку Алеся Каваленкі, законнае рашэнне задавальняе абодва бакі — таго, хто шукае абарону ў судзе і сам суд. “Такія законныя рашэнні пракладваюць шляхі да паразумення грамадзянаў з праваахоўнымі органамі і даюць надзею, што ўрэшце Рэспубліка Беларусь стане прававой дзяржавай не толькі на словах, але і на справе”, — заявіў жыхар Бабруйска.

Каментаваць