Адмысловы статус

Напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства» Радаслаў Сікорскі — міністр замежных спраў Польшчы, якая цяпер старшынствуе ў Еўрасаюзе, — у чарговы раз заявіў, што ЕС працягвае настойваць на поўнай рэабілітацыі ўсіх беларускіх палітвязняў. Афіцыйнаму Мінску для ўдзелу ў саміце было зробленае выключэнне.



Напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства» Радаслаў Сікорскі — міністр замежных спраў Польшчы, якая цяпер старшынствуе ў Еўрасаюзе, — у чарговы раз заявіў, што ЕС працягвае настойваць на поўнай рэабілітацыі ўсіх беларускіх палітвязняў. Афіцыйнаму Мінску для ўдзелу ў саміце было зробленае выключэнне.

Радаслаў Сікорскі падчас сустрэчы з журналістамі ў Варшаве падкрэсліў, што на чарговым саміце «Усходняга партнёрства» (УП), які праходзіць 29–30 верасня, афіцыйнаму Мінску зроблена выключэнне. «Яму як бы дадзены адмысловы статус», — растлумачыў Сікорскі. Ён таксама нагадаў, што санкцыі ў дачыненні да Беларусі з боку ЕС былі ўведзеныя пасля падзей 19 снежня 2010 года.

Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Ежы Памяноўскі падкрэсліў: «ЕС не праводзіць таемныя перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам». Ён адмовіўся ад каментараў з нагоды візіту міністра замежных спраў Балгарыі Мікалая Младэнава ў Беларусь напрыканцы жніўня для сустрэчы з Лукашэнкам, дадаўшы, што гэта «яго асабістая ініцыятыва, пра прычыны якой лепш спытаць у яго самога». Памяноўскі звярнуў увагу на той факт, што ў ходзе сустрэчы Младэнава з Лукашэнкам была дасягнутая дамоўленасць аб правядзенні круглага стала з апазіцыяй. «Але нічога гэтага няма, а Лукашэнка пачаў казаць, што хоча правесці круглы стол не з апазіцыяй, якая, па яго словах, нічога з сябе не ўяўляе, а з грамадзянскай супольнасцю. Але мы ўжо чулі нешта падобнае — напрыклад, у часы польскай «Салідарнасці», — адзначыў намеснік міністра знешнепалітычнага ведамства Польшчы.

На яго думку, у Беларусі могуць адбыцца такія ж падзеі, як у Тунісе і Егіпце. «Калі Лукашэнка разумее гэтыя працэсы і зменіць сваю рыторыку і метады, то ён можа нават іх узначаліць. Тады стаўленне да яго можа змяніцца», — адзначыў Памяноўскі.

Аналагічнай пазіцыі адносна Беларусі трымаюцца і ЗША. Памочнік дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека Томас Меліа 15 верасня заявіў, што ЗША і ЕС не маюць намеру адмяняць санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе беларускія палітвязні.

Разам з тым беларускае дзяржаўнае тэлебачанне ўжо другі тыдзень вядзе інфармацыйную вайну супраць Польшчы, што паступова трансфармуецца ў дыпламатычны скандал. Пасля адной з такіх тэлеперадач пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка нават склікаў адмысловую прэс-канферэнцыю. Праўда, ад рэзкіх заяў падчас размовы з журналістамі ўстрымаўся. Магчыма, польскі бок пакуль не хоча абвастраць і без таго няпростыя ўзаемаадносіны з Беларуссю.

Палітолаг Дзяніс Мельянцоў падкрэслівае, што «асаблівы статус для Беларусі», як аб тым заявіў Сікорскі, «пакуль нічога не азначае, бо дакументальна гэта ніяк не зацверджана». Што тычыцца патрабавання вызваліць палітвязняў, дык Еўрапейскі саюз будзе заставацца на гэтай пазіцыі. «Аб вызваленні палітычных зняволеных было агучана на высокім узроўні Еўрапейскага саюза. І наўрад ці Еўропа пойдзе на саступкі, бо ўжо ёсць прыклады, калі беларускае кіраўніцтва паводзіць сябе не так, як абяцала папярэдне. Таму Брусэль бу­дзе трымацца прынцыповасці», — мяркуе палітолаг.

Дзяніс Мельянцоў гаворыць, што на працэс вызвалення палітвязняў абнародаванне інфармацыі пра сустрэчу Лукашэнкі з Младэнавым паўплывала негатыўна. Яно, верагодна, будзе крыху адкладзена ў часе, а не завершыцца ў сярэдзіне кастрычніка, як тое вынікала з ліста Младэнава. Бо ў адваротным выпадку гэта выглядала б як яўныя саступкі Захаду.

Тым не менш, на яго погляд, перамоўная пазіцыя цяпер вельмі важная для Мінска. Таму, так ці інакш, да канца зімы вызваляць усіх палітзняволеных. Зараз улады ўзялі паўзу, напэўна, чакаюць, што ж ім прапануюць на саміце «Усходняе партнёрства». І калі там будзе прапанаваны сапраўды смачны пернік, то гэта паскорыць працэсы».

Палітык, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Павел Севярынец цяпер адбывае «хімію» па справе 19 снежня. Ён спадзяецца, што ЕС не пойдзе на наўпроставы гандаль палітвязнямі.

«Атрымліваецца, што гандляваць людзьмі ў цэнтры Еўропы — някепскі бізнэс, які па даходнасці перавышае гандаль нафтай ці зброяй. Шмат што залежыць ад пазіцыі еўрапейцаў, я спадзяюся, што за вызваленне плаціць не будуць. І заходнія крэдыты пойдуць на нейкія больш-менш важныя змены ў структуры рэжыму. Гэта малаверагодна, але, на мой погляд, такую пазіцыю еўрапейцам акурат і трэба займаць. На жаль, мадэрнізавацца знутры рэжым не хоча. Хаця гэта быў бы лепшы для ўсіх варыянт, калі б пачалася мадэрнізацыя знутры. І яна б магла скончыцца на польскі ўзор сапраўдным круглым сталом. Але пакуль няма прыкмет, што такі варыянт разглядаецца ва ўладзе», — канстатуе палітвязень.

Падчас абмеркавання праекта выніковай дэкларацыі варшаўскага саміту “Усходняга партнёрства прадстаўнікі краін-удзельніц выступілі з рэзкай крытыкай Беларусі.

Як паведаміла БелаПАН крыніца ў дыпламатычных еўрапейскіх колах, прадстаўнікі ЕС прапанавалі ўключыць у дэкларацыю параграф, які крытыкуе сітуацыю з правамі чалавека і наяўнасць палітзняволеных у Беларусі. Аднак прадстаўнікі краін “Усходняга партнёрства выступілі супраць. У выніку, паводле слоў крыніцы, гэты параграф быў зняты з праекта дэкларацыі, але затым, пасля кансультацый, зноў унесены.

У час, калі на заходнім фронце робяцца кулуарныя і публічныя спробы ў чарговы раз наладзіць стасункі, з Расіі прыйшла вестка аб ракіроўцы ў дуумвіраце. Дзеючы прэм’ер Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін будзе вылучацца кандыдатам у прэзідэнты ад кіруючай партыі «Адзіная Расія», а цяперашні кіраўнік дзяржавы ў выпадку паспяховага завяршэння прэзідэнцкай кампаніі ўзначаліць урад. Палітолаг Дзяніс Мельянцоў перакананы, што на стасункі з Беларуссю гэта ніякім чынам не паўплывае. «Усё адно ў эліце застаюцца тыя ж людзі, проста пераразмяркоўваюцца адказнасці. Як былі інтарэсы бізнэсу і палітычнай эліты ў Беларусі, так яны і застануцца. І гэтая перастаноўка, адпаведна, ніяк не паўплывае на палітыку Лукашэнкі і яго пазіцыю. Гэта проста фасадная паказная ратацыя, якая і на ўнутраную палітыку Расіі наўрад будзе істотна ўплываць», — гаворыць эксперт.
 

Каментаваць