Адмова распачаць справу на Адміністрацыю прэзідэнта ўступіла ў законную сілу

6 красавіка судовая калегія Мінскага гарадскога суду ў складзе Таццяны Жулкоўскай, Наталлі Жупікавай (старшыня) і Алены Пруднікавай падтрымала пастанову суддзі суду Ленінскага раёну Мінска Ірэны Бролішс, якая 9 лютага адмовілася ўзбуджаць грамадзянскую справу на Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.



Заяўнікі перад судовым пасяджэннем


Нагадаем, што 3 лютага дзевяць актывістаў грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры накіравалі ў суд Ленінскага раёна скаргу на неправамерныя дзеянні (бяздзеянне) дзяржаўнага органа, што ўшчамляе правы грамадзянаў.

Сярод падпісантаў скаргі — жыхары Бабруйска (Магілёўская вобласць), Крупак (Мінская вобласць), Мінска і Мінскага раёна, а таксама без вызначанага месца жыхарства.

У скарзе, між іншым, адзначалася, што 12 лістапада 2014 года 29 грамадзянаў, у тым ліку і заяўнікі судовай скаргі, накіравалі дзясятую заяву на прыём да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, але ў чарговы раз атрымалі адпіску. На сваю ж скаргу на гэтыя дзеянні кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, адрасаваную галаве дзяржавы, грамадзяне ўвогуле не атрымалі аніякага адказу. Дарэчы, гэта быў саракавы зварот актывістаў грамадзянскай ініцыятывы да прэзідэнта Беларусі за апошнія восем год.

Вось чаму грамадзяне вырашылі звярнуцца ў суд, бо наяўнасць праблемы адпісак — адказаў, якія абыходзяць сутнасць пастаўленых у зваротах пытанняў, — не дазваляе людзям вырашаць іх канкрэтныя справы.

Заяўнікі прасілі суд прызнаць неправамернымі дзеянні (бяздзеянне) кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта, якая адмаўляе грамадзянам у прыёме і не вырашае праблему адпісак.

Апроч таго, заяўнікі прасілі суд абавязаць кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта ў бліжэйшы час прыняць падпісантаў скаргі альбо іх прадстаўнікоў на асабістым прыёме.

Сваю адмову ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы суддзя Ірэна Бролішс матывавала тым, што скарга грамадзянаў непадведамасная суду, бо заяўнікі абскарджваюць дзейнасці судоў і пракуратуры. А паколькі калегія Мінгарсуду падтрымала пастанову суду першай інстанцыі, гэтае рашэнне ўступіла ў законную сілу

Трэба адзначыць, што судовая калегія не задаволіла хадайніцтва заяўнікаў аб адводзе складу суду. Сваю пазіцыя грамадзяне патлумачылі тым, што з вопыту стасункаў з айчыннай судовай сістэмай у іх склалася меркаванне пра адсутнасць у краіне незалежнага і непрадузятага суду. Заяўнікі ўзгадалі, што суддзі ў Рэспубліцы Беларусь не абіраюцца народам, а прызначаюцца чыноўніцтвам і залежаць ад яго. Нават у савецкай Беларусі суддзі хоць фармальна, але абіраліся грамадзянамі, падкрэслілі заяўнікі.

Каментуючы карэспандэнту НЧ рашэнне Мінгарсуда, юрыстка Тамара Сяргей зазначыла, што, на яе меркаванне, замест высвятлення законнасці і абгрунтаванасці пастановы суддзі Ірэны Бролішс, калегія Мінгарсуда проста прадублявала загадзя прынятае рашэнне. Такім чынам, грамадзянаў пазбавілі канстытуцыйнага права на судовую абарону ад незаконных дзеянняў чыноўніцтва, сказала юрыстка.    

Заяўнікі мяркуюць абскарджваць рашэнне Мінгарсуда ў наглядных інстанцыях.

Заяўнікі пасля судовага пасяджэння

Абмеркаванне:

  • Коваленко
  • 2015-04-08 09:55:29
Судебная система развалена полностью. Судьи открыто демонстрируют неуважение к Конституции и стране в которой живут. Обжаловать надо обязательно, придёт время и эти дела будут пересмотрены в
соответствии с законодательством страны, а судьи, кто преступал Закон сядут на скамью подсудимых. Так должно быть и так будет !

Каментаваць