aDNaK! раскрые ген беларускага крэатыву

Беларускі бізнэс масава выкарыстоўвае беларускамоўную рэкламу. Аб гэтым паведамілі на прэс-канферэнцыі, прысвечанай старту сёмага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK!


— Агульная тэндэнцыя ў тым, што стаўленне да беларускай мовы стала больш пазітыўным, — заўважыла каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” — ініцыятара фестывалю aDNaK! — Ніна Шыдлоўская. —  Адпаведна змяняецца стаўленне бізнэсу да яе. Калі раней нам прыходзілася пераконваць прадстаўнікоў бізнэс-колаў і рэкламістаў больш актыўна ўжываць беларускую мову,  то зараз такога катэгарычнага адмаўлення няма. Больш за тое, рэкламныя агенцтвы сталі часцей прапаноўваць сваім кліентам зрабіць яе па-беларуску.  



Аб гэтым сведчаць і лічбы. Калі ў першым фестывалі aDNaK! у 2010 годзе было прадстаўлена 105 работ ад 59 удзельнікаў, то ў мінулым годзе іх колькасць дасягнула 370 і 200, адпаведна. Паводле агенцтва MASMI, у 2014 годзе 60 % рэспандэнтаў падтрымлівалі беларускую мову ў афармленні гарадоў і вітрын. Адпаведнае даследванне кампанія “Будзьма беларусамі!” плануе правесці і ў першым паўгоддзі гэтага года. 



Штогод фестываль aDNaK! прапануе новую ідэю, звяртаючы ўвагу грамадскасці і прафесійнай супольнасці на актульныя пытанні ў сферы камунікаці і рэкламы. Сёлета такой ідэяй стаў “aDNaK! — ген беларускага крэатыву”.



Сустаршыня аргкамітэта фестывалю і пастаянны партнёр кампаніі “Будзьма беларусамі” Сяргей Скараход адзначыў, што aDNaK! па сутнасці звярнуўся да сваіх вытокаў, але ўжо на іншым узроўні. Ідэя гена беларускасці ў тым ці іншым выглядзе была асновай і першага фестывалю, калі была вылучана беларускамоўная камунікацыя з усяго таго патоку рэкламы, што існаваў напрыканцы мінулага дзесяцігоддзя. Але сёння ў гэтым кірунку працуюць ужо не рамантыкі-даследчыкі: калі мы кажам пра беларускамоўную і беларускаарыентаваную рэкламу, на першы план выходзяць эфектыўнасць праектаў і бізнэс-вынікі, якія можна назіраць у гэтым сегменце ў сучасных эканамічных абставінах.  

Сяргей Скараход

Сяргей Скараход



Дарэчы, у гэтым годзе спіс намінацый будзе крыху скарочаны, але дадаўся конкурс нерэалізаваных праектаў. Яго ўдзельнікі будуць падаваць тыя працы і праекты, якія ствараліся для рэальных дзеянняў, але па нейкіх іншых прычынах так і не змаглі ажыцявіцца.



Арганізатары заахвочваюць больш актыўна дасылаць заяўкі на традыцыйную  намінацыю “Каша Сувораўская”, у якой можа паўдзельнічаць любы чалавек, які заўважыў у рэкламе неадпаведнасць нашай гісторыі.



А старшы капірайтар AIDA Pioneer Branding&Creative  Company Аляксей Чарняўскі пажадаў усім раскрыць ген беларускага крэатыву і рухацца ў бок Беларушчыны.

Аляксей Чарняўскі

Аляксей Чарняўскі


Па словах  Ніны Шыдлоўскай, арганізатары фестывалю спадзяюцца, што ён падштурхне шырокія колы грамадства да пераасэнсавання спрадвечных беларускіх сімвалаў праз сучасную рэчаіснасць і чаканні спажыўцоў. Дапаможа зламаць стэрэатып: калі беларускае, значыць, сялянскае. Надасць новае дыханне, новы штуршок, каб шырокае выкарыстанне здабыткаў беларускай культуры і мастацтва стала натуральнай з’явай.  


Ніна Шыдлоўская

Ніна Шыдлоўская


Трэці год запар генеральным партнёрам фестывалю aDNaK! выступае кампанія velcom.
Начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў падкрэсліў: 

"Для нас  гэта вялікі гонар і адказнасць. Мы адны з першых пачалі здымаць рэкламу на беларускай мове. Варта памятаць, што фестываль aDNaK! — гэта не только рэклама, а ў першую чаргу — сацыяльны праект!"

Вячаслаў Смірноў

Вячаслаў Смірноў


Дарэчы, падчас фестывалю традыцыйна плануецца разнастайная адукацыйная праграма з удзелам як айчынных, так і замежных рэкламістаў, цікавых асобаў з розных сфер, якія пашыраюць еўрапейскія падыходы і тэндэнцыі, уплываючы на рэкламу і бізнэс-камунікацыю.  



Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў фестывалю адбудзецца 30 чэрвеня ў Мінску. Пакуль жа з 5 мая па 10 чэрвеня ідзе прыём працаў ад удзельнікаў.


Каментаваць