Аднавіць перапіску з Андрэем Бандарэнкам

Пра праблемы ў перапісцы вязня сумлення Андрэя Бандарэнкі, які знаходзіцца ў магілёўскай турме №4, НЧ згадваў не так даўно. Лісты з волі і лісты на волю па-ранейшаму не даходзяць.



Экс-суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў не атрымлівае лістоў ад вязня ўжо паўтара месяца.
 
 
«Бандарэнку перавялі на турэмны рэжым у Магілёў у канцы снежня 2015 года. За гэты час я напісаў яму па новым адрасе пяць лістоў. А ў адказ — цішыня. Ніводнага ліста, апроч першага, па прыбыцці ў турму. У такой сітуацыі сталі ўзнікаць падазрэнні, што мае лісты да яго не даходзяць. Хоць пры знаходжанні Бандарэнкі ў калоніі ў Бабруйску і ў Шклове пошта ішла ў абодва бакі без перашкод», — распавёў Пастухоў.
 
 
Пасля кароткатэрміновага спаткання Бандарэнкі з бацькам, якое адбылося 19 лютага, высветлілася, што лістоў Пастухова вязень не атрымліваў. Яго лісты таксама не прыходзілі.
 
 
«Калі мае лісты Андрэю ў турме не перадаюць, а яго лісты «не прапускаюць», то гэта — грубае парушэнне заканадаўства. На гэта нават маецца артыкул 203 у Крымінальным кодэксе — «Парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоваў і іншых паведамленняў». Калі такімі дзеяннямі займаецца службовая асоба, то прадугледжваецца пакаранне ў выглядзе арышту або пазбаўлення волі», — кажа Пастухоў.
 
 
У сувязі з гэтым Міхаіл Пастухоў палічыў неабходным напісаць ліст-зварот на адрас начальніка турмы і пракурора Магілёўскай вобласці з тым, каб правесці праверку ўказаных фактаў і даць ім адпаведную ацэнку. Копію гэтых зваротаў ён накіраваў самому Бандарэнку «для кантролю».
 
 
«Зараз будзем чакаць вынікаў. Нічога іншага, на жаль, зрабіць нельга. Ці захоча ўлада выконваць Канстытуцыю і законы, і паважаць правы не толькі зняволеных, але і свабодных грамадзян?» — задаецца пытаннем Пастухоў.
 

Каментаваць