Адносна пазітыўная справаздача

На працягу двух дзён Упаўнаважаны Федэральнага ўрада Германіі ў Федэральным міністэрстве замежных спраў па палітыцы ў галіне правоў чалавека і гуманітарнай дапамозе Гюнтэр Наоке і паслы па правах чалавека з Даніі, Фінляндыі і Нідэрландаў знаёміліся з сітуацыяй у галіне правоў і свабод чалавека ў Беларусі.

На працягу двух дзён Упаўнаважаны Федэральнага ўрада Германіі ў Федэральным міністэрстве замежных спраў па палітыцы ў галіне правоў чалавека і гуманітарнай дапамозе Гюнтэр Наоке і паслы па правах чалавека з Даніі, Фінляндыі і Нідэрландаў знаёміліся з сітуацыяй у галіне правоў і свабод чалавека ў Беларусі.



Упаўнаважаны Федэральнага ўрада Германіі і паслы правялі перамовы з першым намеснікам міністра ўнутраных спраў Куляшовым, намеснікам міністра юстыцыі Бодакам і прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў. Акрамя таго, амбудсмены сустрэліся з прадстаўнікамі апазіцыі, праваабаронцамі, прадстаўнікамі недзяржаўнай прэсы — шэф-рэдактарам «Новага часу» Аляксеем Каралём, старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаннай Літвіной, галоўным рэдактарам «Народнай волі» Іосфам Сярэдзічам. Як паведаміла прэс-служба БАЖу, гасцей цікавілі ўмовы існавання недзяржаўнай прэсы пасля ўступлення ў сілу новага закона аб СМІ, уплывовасць незалежных медыяў у Беларусі ды іншыя аспекты працы сродкаў масавай інфармацыі.



Працоўны графік візіцёраў быў вельмі шчыльны — адна сустрэча змяняла другую. Упаўнаважаны Германіі па палітыцы ў галіне правоў чалавека і гуманітарнай дапамозе Гюнтэр Наоке паведаміў, што падчас візіту прадстаўнікі дэлегацыі «пачулі розныя меркаванні, што было важна, каб скласці ўласнае ўражанне». «Размова ідзе пра тое, каб ацаніць сітуацыю, наколькі змены, што адбыліся, насамрэч станоўчыя, а не касметычныя, — адзначыў амбудсмен. — Я хачу падкрэсліць, што мы з’яўляемся неафіцыйнай групай. У васьмі з дваццаці сямі дзяржаў ЕС існуе інстытут пасла па правах чалавека. Па завяршэнні візіту мы зробім справаздачу, якая будзе накіраваная ва ўсе ўрады краінаў Еўрасаюза. Яна будзе мець уплыў, але які дакладна, я пакуль не магу сказаць». Спадар Наоке заявіў, што справаздача будзе «адносна пазітыўная».



Цягам гадзіны за закрытымі дзвярыма з пасламі па правах чалавека размаўлялі прадстаўнікі чатырох апазіцыйных партый Беларусі: БНФ, АГП, сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Партыі камуністаў Беларускай. Анатоль Лябедзька паведаміў: «Паслы запэўнілі палітыкаў у тым, што пытанне дэмакратыі застаецца актуальным. Упаўнаважаны па правах чалавека Германіі сказаў, што дыялог з мяккай акцэнтацыяй на правы чалавека — слабы дыялог».



У сакавіку міністры замежных спраў краін Еўрасаюза будуць абмяркоўваць пытанне працягвання часовай адмены ўведзеных супраць Беларусі санкцый. Раней умовай для поўнай адмены санкцый былі дэмакратычныя рэформы і выкананне правоў чалавека.

Каментаваць