Адпачніце перад працоўнымі подзвігамі!

Бацькі і дзеці дачакаліся канікулаў. І таму ва ўсіх ёсць праблема, як бавіць вольны час. Пра некаторых з дзяцей паклапацілася наша федэрацыя футбола разам з Міністэрствам адукацыі і ААТ «Белаграпрамбанк».



У межах акцыі «Падары дзіцяці футбольны мяч!» яны наведаюць больш за 2 тысяч сельскіх і пасялковых школ ва ўсіх раёнах Беларусі і раздадуць футбольныя мячы амаль 22,5 тысячы першакласнікаў.

Футбольныя мячы будуць уручаны першакласнікам сельскіх школ, аграгарадкоў і пасёлкаў гарадскога тыпу на ўрачыстых лінейках, якія адбудуцца з 29 па 31 траўня. Мэта акцыі — у далучэнні дзясяткаў тысяч беларускіх дзяцей да самага масавага на планеце віду спорту.

«Дадзенае мерапрыемства ўжо стала добрай традыцыяй — другі год напярэдадні летніх вакацый першакласнікі ў сельскіх школах атрымліваюць футбольныя мячы. Але, у адрозненне ад мінулага года, геаграфія папоўнілася школамі ў пасёлках гарадскога тыпу. Гэтыя падарункі будуць спрыяць арганізацыі вольнага часу дзяцей, згуртаванню і выхаванню каманднага духу, фармаванню пачатковых спартыўных навыкаў і ўмацаванню здароўя. Як паказвае сусветны вопыт, менавіта хлопцы з правінцыі дзякуючы сваёй настойлівасці, працавітасці, самабытнасці часцей за ўсё ператвараюцца ў «зорак» першай велічыні», — паведамілі ў «Белаграпрамбанке».

Выбарка, канешне, дзіўная. Бо якраз сельскім дзецям летам справаў хапае: і з гародам дапамагчы, і жывёліну гадаваць, а некаторыя і падпрацоўваюць у калгасах. А вось «гарадскія» якраз «бадзяюцца па вуліцах», пра што неаднаразова заяўлялі нашы чыноўнікі, і нават стварылі для іх працоўныя лагеры.

Забаўку падрыхтавалі і дарослым. Не паспеў Віцебск ачомацца ад нашэсця «газпрамаўскіх» расіян, якія ледзь-ледзь не разнеслі горад па кавалачках, як яго чакае новае выпрабаванне. Як паведамляюць дзяржаўныя крыніцы, зараз у Віцебску назіраецца ажыятажны попыт на білеты «Славянскага базару». Нягледзячы на тое, што фестываль пройдзе ў сярэдзіне ліпеня.

Але цікавы рэйтынг мерапрыемстваў, на якія існуе попыт квіткоў. На першым месцы, канешне ж, адкрыццё і закрыццё «Базару», але ж адразу пасля яго ідзе гала-канцэрт «Шансон-ТБ». Ад шансону нязначна адстаюць сольныя канцэрты Крысціны Арбакайтэ і яшчэ адной «зоркі шансону» Алены Ваенгі.

На жаль, у нас паняцце «шансону» адрозніваецца ад французскага, дзе гэтым тэрмінам азначаюць простыя куплеты. У нас шансон — музыка бандытаў, міліцыянтаў і «сінякоў», наскрозь прасякнутая турэмнай лірыкай. Што за публіка купляе квіткі на «Шансон-ТБ» і ці не ператворыцца «Славянскі базар» у «бандыцкі схадняк»? А што, «крыша» нармалёвая: маўляў, мы тут песенькі паслухаць сабраліся…

Тым больш, што квіткі на «Базар» можна купіць праз інтэрнэт. Гэтая паслуга даступная для жыхароў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Балгарыі, Харватыі, Італіі, Славеніі, Германіі, Чэхіі, Грэцыі, Венгрыі, Канады, ЗША, Чылі, Кітая, Індыі, і, як ні дзіўна, Малайзіі.

А пакуль усе гуляюць у футбол ды слухаюць шансон, беларускае кіраўніцтва не спіць. Ёсць час заняцца састарэлымі праблемамі, якія ад іх не вырашэння з цягам часу сваёй актуальнасці не страчваюць. Беларускія ўлады вырашылі пачаць праект «Мінск-сіці» з нуля — паўторнага конкурсу на архітэктурную канцэпцыю забудовы гарадскога раёна.

Праведзены ў канцы мінулага года сумесны з «Ітэрай» конкурс быў прызнаны не адпавядаючым нейкай канцэпцыі. І вось з 27 траўня па 1 кастрычніка Мінгарвыканкам абвясціў новы міжнародны конкурс на архітэктурную канцэпцыю забудовы тэрыторыі ў межах старога аэрапорта «Мінск–1». Для ўдзельнікаў прадугледжаны грашовыя прызы. Пераможца атрымае 15 тысяч долараў, прызёры (2 і 3 месцы) — адпаведна 10 і 5 тысяч долараў за кошт сродкаў гарадскога бюджэту.

Цікава, чаму прызы плаціць горад, а не забудоўшчыкі? Бо менавіта ж забудоўшчыкі потым будуць увасабляць гэтую «архітэктурную канцэпцыю» ў жыццё? А калі ім гэтая канцэпцыя не спадабаецца? Намаляваць можна ўсё, а вось пабудаваць згодна з малюнкамі — значна складаней.

Таксама ўрад плануе наноў узняць пытанне па рэканструкцыі Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» і распарадзіўся ліквідаваць установу «Дырэкцыя па будаўніцтве і рэканструкцыі аб’ектаў Нацыянальнага аэрапорта Мінск». Гэтае прадпрыемства было створана ў мэтах рэканструкцыі аэрапорта за кошт сродкаў звязанага кітайскага крэдыту на суму каля 600 мільёнаў долараў. Аднак запусціць праект так і не ўдалося, у першую чаргу з-за крызісу 2011 года, пасля якога беларускія ўлады перагледзелі многія праекты, у тым ліку і гэты, кошт якога да канца 2012 года вырас да 1,2 мільярда долараў.

У выніку беларускія ўлады публічна заявілі, што не маюць намер марнаваць такія грошы на аэрапорт, і заявілі, што адмаўляюцца ад паслуг і грошай Кітая. Але зараз прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч паведаміў, што знайшоў новую партыю інвестараў, якія зацікавіліся беларускім аэрапортам. Мясніковіч асабіста прыняў кіраўніка AEON Corporation Рамана Трацэнку і дырэктара ТАА «Новапорт» (кіраванне аэрапортамі) Сяргея Рудакова. Пасля сустрэчы Мясніковіч праінфармаваў Лукашэнку пра тое, што новыя інвестары нібыта гатовыя ўкласці каля 100 мільёнаў долараў.

«Лукашэнка ў цэлым падтрымаў гэтыя прапановы, і праз паўтара месяца ўрад павінен прадставіць адпаведны бізнэс-план і праект інвестыцыйнай дамовы», —паведаміў Мясніковіч пра рашэнне Лукашэнкі.

Але 100 мільёнаў долараў — гэта не 1,2 мільярда, якія патрэбныя на рэканструкцыю аэрапорту. Трэба яшчэ грошы і яшчэ інвестары. Так што пакуль Мясніковіч і Лукашэнка з пераможнымі рэляцыямі паспяшаліся.

Але чым чорт не жартуе, можа, мы і самі здужаем? Бо, згодна ўказу аб рэканструкцыі аэрапорта, генеральным падрадчыкам яго рэканструкцыі з’яўляецца ААТ «Гроднапрамбуд». Толькі б не надарваўся…

Так што летам адпачываем, а з восені — на ўдарную будоўлю аэрапорта!

Каментаваць