Адзін дзень палітвязня

20 мая 55-я ўгодкі адзначыла беларуская служба «Радыё Свабода». Гэтай падзеі была прысвечана прэзентацыя кнігі «Адзін дзень палітвязня» аўтарства журналістаў радыёстанцыі — ужо пятнаццатай кнігі серыі «Бібліятэка Свабоды».



20 мая 55-я ўгодкі адзначыла беларуская служба «Радыё Свабода». Гэтай падзеі была прысвечана прэзентацыя кнігі «Адзін дзень палітвязня» аўтарства журналістаў радыёстанцыі — ужо пятнаццатай кнігі серыі «Бібліятэка Свабоды».

Як адзначаюць укладальнікі, «героі гэтай кнігі — беларускія «зэкі», палітвязні, якім давялося прайсці тое, чаго не пагадзілася перанесці Яна Палякова. Смурод следчых ізалятараў, нары Акрэсціна, шматдзённы этап, адзінота перапоўненай камеры, тупая праца на «хіміі», галадоўкі ў бараках, страчанае здароўе, немагчымасць прыехаць на пахаванне бацькоў, туга па сям’і, бессэнсоўныя касацыі і — нарэшце свабода, дзе ўжо ўсё не так, як было раней, а самае галоўнае — ты сам змяніўся...»

Журналісты «Радыё Свабода» праводзілі адзін дзень у сем’ях палітвязняў, і праз размовы з іх жонкамі, мужамі, бацькамі, дзецьмі, праз лісты вязняў на волю вымалёўвалася сапраўдная карціна, дзе пацярпелым ад рэпрэсій быў не толькі той, хто апынуўся за кратамі, але і ўсе блізкія яму людзі, нават яшчэ ненароджаныя дзеці. Адных палітвязняў вызвалялі, другіх садзілі, і карэспандэнты «Свабоды» працягвалі трымаць гэтую тэму. У выніку ўзнікла ідэя — распавесці калі не пра ўсіх, то прынамсі пра большасць беларускіх палітзняволеных часоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі.

Дырэктар беларускай службы “Свабоды Алесь Лукашук,
часовы павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Джонатан Мур
Фота Юрыя Дзядзінкіна


Падчас прэзентацыі, якая адбывалася ў амбасадзе ЗША ў Беларусі, да прысутных звярнуліся прэзідэнт «Радыё Свабода» Джэф Гедмін, дырэктар беларускай службы «Свабоды» Алесь Лукашук, часовы павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Джонатан Мур, які павіншаваў свабодаўцаў з юбілеем.

Джэф Гедмін распавёў, што прасіў пра сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, аднак адміністрацыя беларускага прэзідэнта паведаміла, што кіраўнік дзяржавы заняты да верасня. «Калі я вярнуся ў Прагу, напішу ліст на імя Лукашэнкі, каб гэтую сустрэчу правесці ў верасні», — сказаў прэзідэнт «Свабоды».

Пасля таго, як Алесь Лукашук і ўкладальніца кнігі Ганна Соўсь узгадалі кожнага героя кнігі, а тыя з іх, хто прысутнічаў на прэзентацыі, атрымалі слова, самы вядомы беларускі былы палітзняволены, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін абвясціў пра стварэнне Асацыяцыі палітвязняў.

Былыя палітвязні: Аляксандр Казулін, Міхаіл Марыніч, Васіль Лявонаў, Андрэй Клімаў.
Фота Юрыя Дзядзінкіна


Сярод тых, хто ўвайшоў у Асацыяцыю і наўпрост на прэзентацыі прагаласаваў за яе стварэнне, — былы прэм’ер Міхаіл Чыгір і экс-міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, экс-мэр Мінска, экс-міністр знешэканомсувязяў і былы пасол Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч і экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Андрэй Клімаў, журналіст Мікола Маркевіч і правабаронца Валеры Шчукін, палітыкі Віктар Івашкевіч і Вячаслаў Сіўчык, моладзевыя актывісты Андрэй Кім і Артур Фінькевіч і іншыя вядомыя ў Беларусі і па-за яе межамі асобы.

Валеры Шчукін. Фота Юрыя Дзядзінкіна


«Зараз улады рыхтуюць новы закон, які дазволіць сілавым структурам — КДБ, Міністэрству ўнутраных спраў, Камітэту дзяржкантролю — затрымліваць нашых грамадзян без санкцыі пракурора. І мы цудоўна разумеем, што палітычныя рэпрэсіі будуць працягвацца, таму стварэнне Асацыяцыі палітычных вязняў надзвычай неабходна, паколькі вельмі важна, каб голас палітзняволеных, як былых, так і цяперашніх, у тым ліку і Мікалая Аўтуховіча, які зараз галадае за кратамі, быў пачуты ва ўсім свеце», — адзначыў прафесар Аляксандр Казулін.

Каментаваць