«Адзін з паліцэйскіх дастаў пісталет і ўдарыў мяне»

Трэці год Аляксей Сухаў шукае праўду, спрабуе прыцягнуць да адказнасці паліцэйскіх, якія пагражалі яго забіць. Чарговае судовае пасяджэнне прызначана на 16 верасня. Пакуль што праваабаронцы не губляюць надзею.



Гэта гісторыя пачалася ў Расіі некалькі гадоў таму, калі ў Арэнбургскае аддзяленне «Камітэта супраць катаванняў» па дапамогу звярнуўся Аляксей Сухаў. А адбылося вось што.

29 жніўня 2011 года Аляксей вяртаўся дадому ў пасёлак Прыгарадны пасля навучання на вадзіцельскіх курсах. Недалёка ад дома яго спынілі двое супрацоўнікаў паліцыі і вырашылі яго абшукаць. Вось што расказвае сам Аляксей Сухаў:

— Летам 2011 года я хадзіў на курсы па кіраванню аўтамабілем, а пасля ездзіў у прыгарад і дапамагаў брату будаваць дом. У адзін з такіх дзён я вяртаўся з курсаў. Да свайго дому я не дайшоў метраў 100–150. Каля мяне спыніўся цёмны ВАЗ 2114, з яго выйшаў мужчына ў цывільным. Я думаў, што ён хоча спытаць дарогу. Але ён паказаў пасведчанне, я не паспеў прачытаць, але падумаў, што гэта паліцэйскі. Пазней гэта пацвердзілася. Я палез у кішэню штаноў, каб дастаць тэлефон і выключыць музыку, якая грала ў тэлефоне. У гэты момант паліцэйскі схапіў мяне за руку, а з аўтамабіля выбег другі мужчына. Яны павалілі мяне на зямлю і пачалі біць нагамі і рукамі з розных бакоў. Я прыкрываўся, як толькі мог, і клікаў на дапамогу. Адзін з удараў прыйшоўся мне ў вока, у маёй галаве ўсё паплыло, зазвінела...

Пасля таго, як паліцэйскія перасталі мяне збіваць, яны схапілі мяне пад рукі і прыціснулі да капота аўтамабіля. Я адчуў, як нехта з іх спрабуе нешта засунуць у кішэні маіх штаноў. Я перашкодзіў гэтаму, выкінуў змесціва і зноў пачаў клікаць на дапамогу. У адказ на гэта адзін з паліцэйскіх дастаў пісталет і ўдарыў мяне па галаве, прыставіў да патыліцы і сказаў: «Будзеш тузацца — прыстрэлю». Я вельмі спалохаўся і змоўк. У гэты час іншы паліцэйскі засунуў штосьці ў кішэню маіх штаноў. Пазней я зразумеў, што гэта былі каноплі, якія той нарваў непадалёк. Страціўшы ўсякую надзею, я ўжо не супраціўляўся і не клікаў на дапамогу. Паліцыянты пасадзілі мяне ў аўтамабіль і павезлі ў невядомым кірунку. Па шляху яны сказалі мне, што едзем на могілкі, дзе і закапаюць мяне. Мне зрабілася не па сабе.

Пад’ехаўшы да могілак, мае каты выклікалі следча-аператыўную групу (САГ). Каля могілак група канфіскавала з маіх кішэняў падкінутыя мне каноплі. Пасля мяне адвезлі ў аддзел паліцыі і завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 228 КК РФ (незаконнае набыццё і захоўванне без мэты збыту наркатычнага сродку ў значным памеры). У аддзеле паліцыі мяне ўжо ніхто не біў. Я папрасіў, каб мне выклікалі хуткую дапамогу і далі вады, на мае просьбы мне адказалі: «Падпішаш неабходныя дакументы, тады выклічам». Я зрабіў усё, як яны прасілі, але дадому мяне адпусцілі толькі каля дзвюх гадзін ночы.

Калі мяне ўбачыў бацька, кінуўся выклікаць хуткую, але я папрасіў дачакацца маму. Яна была на дзяжурстве ў начную змену. Назаўтра, калі яна прыйшла, мы выклікалі хуткую, і мяне адразу адвезлі ў шпіталь.

У шпіталі высветлілася, што сустрэча з паліцэйскімі каштавала Сухаву цялесных пашкоджанняў у выглядзе «закрытай чэрапна-мазгавой траўмы, страсення галаўнога мозгу, гематомы мяккіх тканін, кровападцёку ў вобласці вока, субкан’юктывальнага кровазліцця левага вока, шматлікіх ран на тулаве».

Аляксей Сухаў пасля сустрэчы з паліцэйскімі

Трэба дадаць, што з цягам часу крымінальную справу, распачатую ў дачыненні да Аляксея Сухава, па ч. 1 арт. 228 КК РФ, спынілі «за адсутнасцю падзеі злачынства».

Праз два дні пасля таго, што здарылася, Аляксей паскардзіўся на дзеянні супрацоўнікаў паліцыі ў Следчы камітэт. Аднак замест чаканай дапамогі і паўнавартаснага расследавання ён атрымліваў толькі адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Пікет супраць катаванняў у Арэнбургу

 

«На працягу двух гадоў мы абскарджвалі бяздзейнасць следчых, якія цалкам не хацелі працаваць па гэтай справе, як, зрэшты, і па іншых справах пра катаванні, — расказвае Альбіна Мударысава, інспектар па грамадскім расследаванні Міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Камітэт па прадухіленні катаванняў». — Мы абскардзілі іх незаконныя адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, дамагліся зняцця з пасады кіраўніка следчага аддзела, які не выконваў рашэнні судоў, вынесеных на нашу карысць. Толькі пасля гэтага справа зрушылася з мёртвай кропкі: у маі 2014 года нарэшце была распачатая крымінальная справа па заяве Сухава. Расследаванне справы даручылі следчаму першага аддзела па расследаванні асабліва важных спраў СК РФ па Арэнбургскай вобласці Дзянісу Хусаінаву.

Толькі праз паўтара месяца пасля ўзбуджэння крымінальнай справы спадар Хусаінаў прызнаў Сухава пацярпелым. Адным з першых следчых дзеянняў, праведзеных Хусаінавым, быў допыт мяне, прадстаўніка пацярпелага, а допыт самога пацярпелага Сухава заняў усяго чатыры радкі. І толькі пасля перадачы справы ў вытворчасць следчага Дзмітрыя Зяленіна сітуацыя змянілася: ім былі праведзены ўсе неабходныя следчыя дзеянні, пасля чаго пракурорам было зацверджана абвінаваўчае заключэнне ў дачыненні да двух былых паліцэйскіх, і справа была перададзена ў суд. Стадыя судовага следства ўжо прайшла: былі дапытаныя пацярпелы, сведкі, падсудныя, вывучаны матэрыялы крымінальнай справы. Спрэчкі бакоў прызначаныя на 16 верасня. На жаль, дзеючая ў нашай краіне сістэма, якая прадугледжвае заахвочванне супрацоўнікаў паліцыі за раскрыццё злачынстваў, досыць часта прыводзіць да такіх жаласных вынікаў».

Ці пакараюць паліцэйскіх? Магчыма, але дакладна гэта пакуль не вядома. А тым часам расійскія ўлады працягваюць змагацца з праваабаронцамі, абвяшчаючы іх замежнымі агентамі.

Ці шмат такіх спраў у расійскіх праваабаронцаў? Процьма. Мы будзем знаёміць нашых чытачоў з гэтымі справамі.

Каментаваць