Адзінаму кандыдату ў прэзідэнты ад дэмсіл няма альтэрнатывы

Сябры грамадскай ініцыятывы “Рада беларускай інтэлігенцыі”, якая сабралася  на пасяджэнне 26 снежня, прыйшлі да высновы, што адзінаму кандыдату ў прэзідэнты ад дэмсіл няма альтэрнатывы.



Алег Трусаў


На меркаванне старшыні рады, кінарэжысёра і педагога Уладзіміра Коласа, трэба ўлічваць, што старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ніколі сумленна не лічыла галасы выбаршчыкаў і не будзе гэта рабіць, але падчас прэзідэнцкіх выбараў кандыдаты дэмакратычных сіл па-сапраўднаму ні разу і не набіралі большасць галасоў, хаця мелі такую мажлівасць.

 Колас выказаў упэўненасць у тым, што для перспектыўнага моцнага кандыдата ад дэмсіл такая мажлівасць застаецца і зараз пры кансалідацыі адпаведных высілкаў. “А калі беларусы будуць ведаць, што перамаглі, дык здолеюць абараніць  сваю перамогу не горш за іншых”, — падкрэсліў старшыня рады.     

Гісторык Алег Трусаў лічыць, што на выбары кіраўніка дзяржавы рада павінна як мага хутчэй вызначыць свайго моцнага беспартыйнага кандыдата. “І не важна, колькі яму гадоў. Узрост чалавека на пасаду прэзідэнта павінен быць салідны. Але галоўнае, каб гэты чалавек быў аналітыкам, меў бліскучую біяграфію паспяховых прафесійных дасягненняў, мог гуртаваць вакол сябе людзей і выступаў за перамены, а не з персанальнай крытыкай дзеючага галавы дзяржавы. Калі ж мы ўвяжамся ў лаянку з уладай, дык прайграем”, — сказаў Алег Трусаў.    

На думку мовазнаўцы Алены Анісім, для перамогі неабходна распрацаваць стратэгічную праграму мажлівых рэальных дзеянняў па ключавых напрамках. “А калі гэтыя дзеянні будуць паспяховымі, яны нададуць аптымізму, энергіі, упэўненасці і пачнуць гуртаваць вакол сябе пазітыўных людзей. Бо яны павераць тым, хто нават у нашых неверагодных умовах можа нечага дамагацца”, — сказала Алена Анісім.

Як адзначыў гісторык Валянцін Голубеў, гісторыя Беларускага народнага фронту і апошнія падзеі ў свеце сведчаць пра тое, што людзі заўсёды падтрымліваюць змагароў, бо нават іх памылковыя дзеянні працуюць на будучыню грамадства.

На пасяджэнні таксама выступілі перакладчык Лявон Баршчэўскі, паэты Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі, акадэмікі Радзім Гарэцкі і Аляксандр Вайтовіч, эканаміст Леанід Злотнікаў, мастак Аляксей Марачкін і генерал Валер Фралоў. Яны ўзгадалі пра адказнасць тых, хто заваліў спробы кансалідацыі на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах, вырашылі не ўскладаць на іх спадзяванняў, а думаць пра тое, каб вылучыць моцнага кандыдата і забяспечыць яго камандай і праграмай.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2013-12-27 18:14:51
"На думку мовазнаўцы Алены Анісім..." У тым-то і праблема, што ў РБ людзі займаюцца не сваімі справамі: мовазнаўцы будуюць стратэгіі ўзяцця ўлады, палітыкі пішуць раманы... Калі ўжо
хаця б інтэлігенты пачнуць хіліцца да прафесіяналізму? Рытарычнае пытанне.
  • Retor
  • 2013-12-27 18:47:00
Гражданін ВР, вы зусім апупелі, кажучы "людзі займаюцца не сваімі справамі". У цывілізаваных краінах здаўна лідэрамі нацыяў становяцца адукаваныя спэцыялісты (музыкі, мастакі,
гісторыкі, журналісты), а не бадзяжны калгасьнік (ня ў крыўду сумленным сялянам кажучы).
  • ВР
  • 2013-12-27 19:18:38
"вы зусім апупелі..." Не чакаў такой хуткай рэакцыі - ну што ж, значыць, сайт жывы. Вядома, хамства нікога не ўпрыгожвае, нават прыхільнікаў тарашкевіцы.
  • Retor
  • 2013-12-28 17:05:35
Вядома ж не ўпрыгожвае - папракаць інтэлігенцыю, што "рвецца да ўлады", "займаецца не сваімі справамі". Біблійны Хам таксама папракаў бацьку, што "займаецца не
сваімі справамі", калі ў таго быў прыродны покліч.

Каментаваць