АЭС ці АЗС?

Што ні дзень, то ў беларускай улады ўзнікаюць новыя амбіцыйныя праекты. Ці то гэта пыл у вочы суразмоўцам, ці жаданне здавацца нават самім сабе больш значнымі, чым гэта ёсць на самай справе. Але адна справа — сказаць, а выканаць — зусім іншая.



Што ні дзень, то ў беларускай улады ўзнікаюць новыя амбіцыйныя праекты. Ці то гэта пыл у вочы суразмоўцам, ці жаданне здавацца нават самім сабе больш значнымі, чым гэта ёсць на самай справе. Але адна справа — сказаць, а выканаць — зусім іншая.

Вось і зараз: мы яшчэ нават не пачалі будоўлю першай атамнай станцыі, а Аляксандр Лукашэнка ўжо замахваецца на другую. Аб гатоўнасці пабудаваць у Беларусі другую атамную электрастанцыю Аляксандр Лукашэнка заявіў 3 красавіка на сустрэчы з гендырэктарам Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Юкіа Амана, які знаходзіцца ў Мінску.

“Калі будзе ваша садзейнічанне, падтрымка і адпаведныя ўмовы, мы гатовыя і другую атамную станцыю пабудаваць у Беларусі. Я цвёрда ўпэўнены, што ядзернай энергетыцы — быць, і што гэта — найбольш бяспечная сфера і найбольш бяспечны шлях атрымання таннай энергіі, у якой свет усё больш будзе мець патрэбу, — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, свет перажывае асаблівы перыяд у развіцці мірнага атаму пасля вядомых падзей у Японіі і праблем з ядзернай электрастанцыяй “Фукусіма, а таксама намераў Германіі і іншых краін згарнуць ядзерныя праекты, што мелі месца ў наступным. “У гэты асаблівы перыяд мы цвёрда і адназначна заяўляем пра тое, што мы не проста маем намер пабудаваць атамную электрастанцыю, але і пачалі яе будаўніцтва, — падкрэсліў Лукашэнка.

“Я мяркую, што МАГАТЭ — арганізацыя, вельмі зацікаўленая ў тым, каб такія, вядома ж, бяспечныя, праекты ў свеце рэалізоўваліся. Таму мы вельмі спадзяёмся, што спадар Амана, як і мінулыя кіраўнікі гэтага агенцтва, акажа нам сур’ёзную маральную падтрымку ў будаўніцтве атамнай электрастанцыі, — дадаў Лукашэнка.

Між іншым, пра “пачатак будаўніцтва — гэта перабольшванне. Работы па будаўніцтву першай АЭС павінны пачацца ў Астраўцы толькі ў красавіку. І не вядома, ці пачнуцца яны. Кантракт па ўзвядзенні першай чаргі АЭС быў падпісаны ЗАТ “Атамбудэкспарт і беларускай дзяржустановай “Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі 11 кастрычніка 2011 года ў Санкт-Пецярбургу. Ён прадугледжвае будаўніцтва пад ключ двух энергаблокаў АЭС агульнай магутнасцю да 2400 МВт з рэактарнай устаноўкі В–491.

Беларуская АЭС будзе будавацца на ўмовах поўнай адказнасці расійскага генпадрадчыка і на расійскія грошы. 25 лістапада 2011 года было падпісана міжурадавае пагадненне аб даванні ўраду Беларусі дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва АЭС. Гаворка ідзе пра 10 мільярдаў долараў ЗША.

Але нешта не чутна было пра тое, што хаця б адзін цэнт на будаўніцтва АЭС у Беларусь бы патрапіў. Так што сумнеўна, што хоць нейкая праца па будаўніцтве АЭС у красавіку пачнецца. Перавод крэдытных грошай — гэта справа не аднаго дня.

Больш за тое, няма ўпэўненасці, што гэтыя грошы будуць скарыстаныя па прызначэнні. У 2012 годзе Беларусь павінна будзе аддаваць шмат крэдытаў, а грошай на гэта пакуль што не прадбачыцца.

Тым часам, эканамічныя санкцыі ў адносінах да пэўных беларускіх кампаній з боку Еўропы прынеслі нечаканы вынік: кампаніі пачалі шукаць новыя рынкі збыту і дыверсіфікаваць свае пастаўкі. То бок, Еўропа зрабіла тое, чаго доўгі час так марна дамагаўся кіраўнік Беларусі.

Кампанія “Трайпл можа забраць частку ўкраінскага рынку нафтапрадуктаў у Мазырскага НПЗ. Пра гэта на канферэнцыі “Нафтаперапрацоўка і экспарт нафтапрадуктаў Беларусі ў Мінску 2 красавіка, арганізаванай кампаніяй Confidence Capital, заявіў дырэктар кансалтынгавай групы “А–95 (Украіна) Сяргей Куюн.

Нагадаем, “Трайпл уваходзіць у лік кампаній, у дачыненні да якіх Еўрасаюз у сакавіку гэтага года ўвёў фінансавыя санкцыі.

“Ёсць такі гулец, як кампанія “Трайпл Энерга, якая зрабіла прыкметны ўнёсак у экспарт нафтапрадуктаў з Беларусі ва Украіну летась, — сказаў Куюн.

Ён адзначыў, што ў 2011 годзе “ў балансе бензінаў пастаўкі з Беларусі склалі 23% украінскага рынку і 26% у балансе дызельнага паліва. “Але калі сюды дададзім “Трайпл, то тэрытарыяльна пастаўкі нафтапрадуктаў ва Украіну з Беларусі перавысяць 40% украінскага рынку, — заўважыў Куюн. Паводле слоў Куюна, “Трайпл выбудоўвае планы па нарошчванні аб’ёмаў паставак нафтапрадуктаў ва Украіну.

Між тым, пасля павелічэння базавай велічыні да 100 тысяч рублёў, аўтамабілісты чакаюць і падвышэння коштаў паліва. Кіламетровых чэргаў на запраўках няма, але агульны ажыятаж ужо прыкметны: кожны другі запраўляе поўны бак. Некаторыя бяруць з запасам — паліва заліваюць у каністры і пяцілітровыя пластыкавыя бутэлькі, схаваныя ў багажніку.

Падаражэе паліва ці не, пакуль не вядома. На аўтазапраўках аб хуткім павышэнні цэн інфармацыю не пацвярджаюць, але не выключаюць, што ўжо на гэтым тыдні цэны на бензін могуць вырасці на 3–5%.

І, нягледзячы на тое, што санкцыі з беларускіх прадпрыемстваў ніхто не здымаў, Мінск, бачна, вырашыў зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Толькі пару тыдняў таму МЗС крычаў пра тое, што еўрапейскія паслы ў Беларусі непатрэбныя і могуць не вяртацца. Зараз Мінск маўчыць, а паслы ЕС маюць намер вярнуцца ў Беларусь пасля каталіцкага Вялікадня, які будзе 8 красавіка.

Некалькі крыніц у Міністэрстве замежных спраў адной з еўрапейскіх краін пацвердзілі, што дамоўленасць аб сумесным вяртанні паслоў ЕС у Беларусь на наступным тыдні існуе. Такое рашэнне, паводле іх слоў, было прынята на ўзроўні паслоў краін ЕС у Брусэлі, прычым прынята хутка, “што гаворыць аб адсутнасці рознагалоссяў па гэтым пытанні, падкрэсліў адзін з суразмоўцаў.

Ён патлумачыў: у ЕС мяркуюць, што не варта зацыклівацца толькі на абмежавальных мерах у адносінах з Беларуссю. Апрача таго, пры наяўнасці ў Мінску паслоў у ЕС з’яўляецца больш каналаў інфармацыі і магчымасцяў весці перамовы з прадстаўнікамі ўлады і апазіцыі, уплываць на сітуацыю.

Канешне, уплываць на сітуацыю паслы не здолеюць. Але ж можна спадзявацца, што па вяртанні паслоў, беларускіх грамадзян скончыць калаціць наконт магчымага спынення выдачы еўрапейскіх візаў ці праблем з імі. Канешне, консульскія аддзелы працуюць незалежна ад паслоў, але ўсё ж такі хочацца, каб усё было стабільна і без сюрпрызаў.
 

Каментаваць